Фермерскі почырк «Сакуноў». Як толькі МТФ «Сакуны» была ўведзена ў эксплуатацыю, тут адразу паднялі даволі высокую планку

Як толькі МТФ «Сакуны» была ўведзена ў эксплуатацыю, тут адразу паднялі даволі высокую планку ў вытворчасці малака – як па якасці, так і па колькасці.

Гэты жывёлагадоўчы аб’ект разлічаны на адначасовае ўтрыманне каля 800 кароў, зараз тут «кватаруе» статак колькасцю 785 рагуль, з якіх 702 – дойныя. Прычым кожная штодзённа дае ў сярэднім 16 кілаграмаў малака.
У кожнай станоўчай лічбы свае аўтары – добрасумленныя тутэйшыя работнікі: спецыялісты, аператары машыннага даення, жывёлаводы. У кожнага з  24 працаўнікоў уласны шлях у прафесію, свой лёс у гаспадарцы. Узначальвае
каманду МТФ Таццяна Карповіч. У малочнай жывёлагадоўлі яна не надта працяглы час – шэсць гадоў (да «Сакуноў» была брыгадзірам МТФ «Бажкі»), але яе адданасці справе, упэўненасці, уменню не толькі самой працаваць дастойна, але і сканцэнтраваць на дасягненні высокіх вынікаў іншых пазайздросцяць і больш вопытныя калегі. Менавіта Таццяна Карповіч аб’яднала ў адну каманду людзей з розных падраздзяленняў гаспадаркі – яны разам пішуць старонкі працоўнай біяграфіі фермы.


– Ніколі б не займалася справай, якая не падабаецца. Не ўзнікае сумненняў, што пайшла няправільным шляхам. Давяраю тым, хто працуе побач, упэўнена, яны не падвядуць. Ці бачу сябе ў іншай прафесіі? Адназначна не, – упэўнена сцвярджае Таццяна Карповіч.
Брыгадзір праводзіць хуткую экскурсію па МТФ. «Сакуны» сёння – гэта два кароўнікі, чатыры малочна-даільныя блокі, будынак для сухастойных рагуль, а таксама навес-прафілакторый для цялят, дапаможныя вытворчыя памяшканні, пакой для адпачынку тутэйшых работнікаў, чатыры сянажна-сіласныя траншэі.
На малочна-даільных блоках гаспадараць аператары машыннага даення. Каторы год прафесійны тон задаюць вопытныя Алена Арцыменя і Святлана Ждан. Два гады працуе на ферме Наталля Белая, але паспела сябе зарэкамендаваць.
– Кожную раніцу, акрамя выхадных, дома ў мяне ў 3.45 звініць будзільнік.
Хуценька збіраюся – і на работу. Ранішняя дойка пачынаецца ў 6 гадзін. Увогуле, я з сельскагаспадарчай дынастыі. Дзед калісьці быў старшынёй калгаса, маці працавала галоўным эканамістам калгаса «Кастрычнік». Каб работа не падабалася, то, напэўна, не працавала б тут. У кожнай рагулі свой характар і, нягледзячы на тое, што іх больш за паўсотні, пазнаеш кожную, ведаеш іх звычкі.
Жывёла адчувае настрой, таму адмоўныя эмоцыі стараемся пакідаць за дзвярамі фермы, – гаворыць Святлана Ждан.
Дарэчы, два аператары машыннага даення за дзень двойчы дояць 560 кароў.
18 гадоў – стаж аператара машыннага даення (пачынаўся на МТФ «Галавачы») у сённяшняга перадавіка Алены Арцыменя. Ёй ёсць з чым параўноўваць умовы працы, якія тут выдатныя: працэс даення поўнасцю механізаваны, даільная ўстаноўка «Вестфалія» – сапраўдны памочнік для даярак.
Увіхаюцца каля падрастаючых рагуль, размешчаных у бялюткіх боксах-яслях пад навесам, цялятніцы Святлана Вішнеўская і Аксана Астроўская. Сярод іх 165 падапечных асаблівы клопат патрабуецца
30 цяляткам ва ўзросце ад нараджэння да двух месяцаў. Работ па доглядзе хапае, але працуюць жанчыны старанна, таму і прывагі важкія.
З сярэдзіны мінулага года на МТФ «Сакуны» працуюць два маладыя спецыялісты – выпускнікі Ляхавіцкага аграрнага каледжа слесар Аляксандр Зубальскі і жывёлавод Аляксандр Здановіч.
– Мне працаваць камфортна. З першых дзён у калектыве сустрэлі добра. Прыемна, што як маладому спецыялісту давяраюць. Калі нешта не ведаю, ці не атрымліваецца, магу да любога звярнуцца за дапамогай. Ніколі ніхто не адмовіў. Мама таксама працуе ў «Шляху новым», яна жывёлавод на МТФ «Літва», – расказвае Аляксандр Зубальскі.
Прафілактыка хвароб, вакцынацыя, медагляд, калі неабходна, лячэнне – усё гэта зона адказнасці спецыяліста, вопытнага ветэрынарнага ўрача Мікалая Петуха, які клапоціцца пра здароўе дарослых кароў і маладняку.
– У «Шлях новы» трапіў па размеркаванні ў 2014 годзе пасля заканчэння Ляхавіцкага агракаледжа. Пакуль месца работы
мяняць не збіраюся, умовы працы, зарплата задавальняюць. Абавязкаў шмат, бывае, даводзіцца цяжкавата, але спраўляюся. Сялянскую справу ведаю з дзяцінства, бацька –
трактарыст у ААТ «Жарабковічы»,– разважае Мікалай Петух.
З павагай і пашанай брыгадзір называе прозвішчы лепшых з лепшых працаўнікоў свайго падраздзялення – памочніка брыгадзіра Ганну Кучуру, слесараў Андрэя Салаўя і Аляксандра Зубальскага. Працуюць дастойна і з’яўляюцца прыкладам для іншых – так характарызуе Таццяна Карповіч жывёлаводаў Алега Галаўко і Аляксея Зубальскага. Гэта і іх заслуга, што на тэрыторыі гэтай МТФ заўжды акуратна.
– Не важна, якая работа, галоўнае, рабіць яе якасна і добрасумленна, тады і аддача адпаведная, маю на ўвазе і заработную плату, і павагу ў калектыве. Думаю, што ўсе работнікі радуюцца, што апошнім часам у «Шляху новым» справы ідуць добра. Мажнее гаспадарка, расце і дабрабыт працаўнікоў. Вось, напрыклад, нашай мнагадзетнай сям’і (жонка таксама тут робіць), у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей, выдзелілі кватэру ў Коньках, зараз робім рамонт, хутка наваселле, – дзеліцца навінамі Алег Галаўко.
Якімі б істотнымі не былі вытворчыя паказчыкі, бясспрэчна, галоўны складнік пос-пеху – людзі. Пазнаёміўшыся з работнікамі МТФ «Сакуны», упэўнена можна сцвярджаць, што тутэйшыя працаўнікі будуць зноў і зноў рупліва шчыраваць, каб надоі і прывагі былі яшчэ больш унушальнымі.
Галіна КАНЬКО.