Пашпарт па графіку. Якая сітуацыя складваецца ў Ляхавіцкім раёне?

Гэта норма: падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона ў дбайных гаспадароў пачынаецца, як толькі завяршаецца папярэдняя кампанія. Тым больш, што суб’екты гаспадарання павінны ў якасці пацвярджэння гатоўнасці падпарадкаваных аб’ектаў да асенне-зімовага перыяду забяспечыць афармленне пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў да 15 жніўня, цеплакрыніц – да 1 верасня.

Якая сітуацыя складваецца ў Ляхавіцкім раёне?

Для арганізацыі рытмічнай работы па падпісанні пашпартоў гатоўнасці і кантролю за падрыхтоўкай да яе Ляхавіцкай энергагазінспекцыяй яшчэ ў красавіку распрацаваны і ўзгоднены райвыканкамам графік падрыхтоўкі юрыдычных асоб да работы ў асенне-зімовы перыяд 2025-2026 гадоў. У графіку – 40 цепла-
крыніц і 95 рэгіянальных спажыўцоў. Для кожнага аб’екта ўстаноўлена свая дата, да якой неабходна падпісаць пашпарт. Наш аддзел трымае на пастаянным кантролі выкананне графіка.
Па стане на 14 жніўня зарэгістравана 25 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і 58 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама
Марына Завадская.
Па яе інфармацыі, з году ў год праблемным застаецца пытанне падпісання пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц. Сітуацыя не змянілася, на жаль, і сёлета: дакументы атрымалі 25 з 40.
63 працэнты цеплакрыніц знаходзяцца на балансе КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», з 25 камунгасаўскіх кацельняў 23 атрымалі ўжо дазвол працаваць.
Дарэчы, у сувязі з тым, што ў энергагазінспекцыі сабралася нямала пакетаў дакументаў для падпісання пашпартоў гатоўнасці (сярод такіх тыя, хто прынёс дакументы сёлета ўпершыню па графіку, і тыя, хто вярнуўся сюды пасля работы над памылкамі), работа па рэгістрацыі праводзілася нават у мінулыя выхадныя.
Марына Завадская нагадвае, што кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў нясуць персанальную адказнасць за рэгістрацыю пашпартоў гатоўнасці.

Галіна КАНЬКО.