Сацыяльны вектар дзяржаўнай дапамогі

Сацыяльная палітыка была і застаецца адным з прыярытэтаў Беларусі. У Ляхавіцкім раёне гэтай сферы таксама надаецца значная ўвага. Прычым фінансаванне галіны павялічваецца. Калі ў 2020 годзе на рэалізацыю сацыяльнай палітыкі было выдаткавана 4,4 працэнта аб’ёму кансалідаванага бюджэту Ляхавіцкага раёна, то ў 2025 годзе на гэтыя мэты прадугледжана накіраваць 5,1 працэнта аб’ёму кансалідаванага бюджэту.

Важны напрамак – сацыяльная абарона насельніцтва. Аказанне разнастайных сацыяльных паслуг для жыхароў раёна акумулюецца ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.Тут дзейнічаюць чатыры аддзяленні: першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання; сацыяльнай дапамогі на даму; сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў; комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

На ўліку ў ТЦСАН знаходзіцца 7 923 жыхары раёна (з якіх 3 937 –адзінока пражываючыя і 366 – мнагадзетныя сем’і) – больш чым трэцяя частка насельніцтва Ляхавіччыны.
У параўнанні з 2021 годам колькасць нашых падапечных павялічылася на 462 чалавекі. На сёння найбольш запатрабаванай паслугай – сацыяльнае абслугоўванне на даму – ахоплены 590 землякоў, што складае 10,9 працэнта ад агульнай колькасці непрацаздольных грамадзян (сярэднеабласны паказчык – 5 працэнтаў). Вось ужо  10 гадоў, як у Ляхавіцкім раёне ў вёсцы Ганчары дзейнічае Дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў. Асноўная мэта такой формы жыццеўладкавання – каб чалавек не быў адзінокім, не адчуваў сябе непатрэбным, пакінутым. За дзесяцігоддзе тут у належных умовах, а, галоўнае, не сам-насам з праблемамі, жылі некалькі соцень землякоў. Толькі з 2021 па 2025 год такой магчымасцю скарысталіся
92 чалавекі. Запатрабаваны і такія формы часовага ўладкавання пажылых грамадзян, як прыёмныя, гасцявыя і патранатныя сем’і, імі скарысталіся 28 недзеяздольных грамадзян. Яшчэ 89 землякоў шаноўнага ўзросту і інвалідаў за гэту пяцігодку сталі атрымальнікамі паслугі сядзелкі.


Супрацоўнікі ТЦСАН не пакідаюць без увагі і клопату землякоў пажылога ўзросту, інвалідаў. З кожным годам набіраюць папулярнасць створаныя пры ТЦСАН аддзяленні комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, а таксама сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. На працягу пяці гадоў колькасць наведвальнікаў аддзяленняў вырасла амаль на 50 працэнтаў. І тут няма нічога дзіўнага. Землякі залатога ўзросту і тыя, хто мае інваліднасць, з цікавасцю удзельнічаюць у рабоце розных гурткоў і клубаў па інтарэсах, адпраўляюцца ў экскурсіі і вандроўкі, становяцца актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў і выстаў, спартыўных спаборніцтваў і фестываляў. Сваёй энергіяй, сілай духу, творчым патэнцыялам яны паказваюць выдатны прыклад для падрастаючага пакалення.

Дадатковая сацыяльная падтрымка грамадзянам, якім найбольш патрабуецца дапамога, – яшчэ адзін вектар дзейнасці ТЦСАН.
З 2021 па 2025 год дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 1 102 жыхары Ляхавіччыны, на што з раённага бюджэту выдаткавана 1 650 тысяч рублёў. Акрамя таго, 1 013 непрацаздольным грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, аказана матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва на 174 тысячы рублёў. Землякі выкарыстоўвалі такую фінансавую дзяржпадтрымку на набыццё дарагіх лекавых сродкаў, медыцынскія паслугі, рамонт пячнога
ацяплення, электраправодкі, замену газавага абсталявання і іншае. Нельга не ўзгадаць і яшчэ адзін напрамак сацыяльнай падтрымкі, у аснове якой – стварэнне бяспечных умоў пражывання. Размова ідзе пра ўстаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. За пяць гадоў АПА атрымалі 211 пажылых грамадзян і інвалідаў, 64 сям’і, якія выхоўваюць непаўналетніх. Аказваецца на пастаяннай аснове садзейнічанне ў забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі – такой дапамогай скарысталіся 190 інвалідаў, яшчэ
139 – пракатам такіх сродкаў.

Істотна фінансуецца і дзяржаўная дапамога мнагадзетным сем’ям. За апошнія пяць гадоў 197 сем’яў атрымалі статус мнагадзетных, 167 сем’яў звярнуліся за прызначэннем сямейнага капіталу, 221 сям’я –
за яго датэрміновым выкарыстаннем. Пра тое, што ў Ляхавіцкім раёне сацыяльныя паслугі запатрабаваны, сведчыць наступны факт. Узровень забяспечанасці сацпаслугамі інвалідаў і пажылых грамадзян па Ляхавіцкім раёне істотна вышэйшы за сярэднеабласны паказчык. Дарэчы, з кожным годам колькасць сацыяльных паслуг расце.

Важная падзея чакаецца сёлета – у аграгарадку Тальмінавічы пачне дзейнічаць аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў (на здымку), разлічанае на 32 ложка-месцы. Яго аснашчэнне і ўтрыманне арганізуецца за кошт сродкаў раённага бюджэту.
Таццяна РАВІНСКАЯ,
дырэктар ТЦСАН.