Школы да сустрэчы гатовы. Гатоўнасць устаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна да навучальнага года гэтымі днямі ацэньвала міжведамасная камісія
Гатоўнасць устаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года гэтымі днямі ацэньвае міжведамасная камісія, у складзе якой прадстаўнікі райвыканкама і аддзела па адукацыі, РАНС і РАУС, райЦГіЭ, раённага вучэбна-метадычнага кабінета, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.

Пытанне гэта – дзяржаўнай важнасці і знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніцтва раёна, неаднаразова абмяркоўвалася на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама і на пасяджэнні райвыканкама. У цэнтры ўвагі – стварэнне камфортнага адукацыйнага асяроддзя, забеспячэнне бяспекі, укамплектаванасць кадрамі і многае іншае. Па папярэднім камплектаванні, сёлета школы і дзіцячыя сады будуць наведваць больш за 2 880 хлопчыкаў і дзяўчынак, з якіх каля 2 300 – навучэнцы. Традыцыйная жнівеньская прыёмка ўстаноў адукацыі пачалася з 4 жніўня, а фінішавала 15 жніўня.

У адзін з дзён першая на маршруце – Конькаўская СШ. Школа сустракае свежапафарбаванай агароджай і кветкамі. Камісія пачынае працу з агляду будынка і прышкольнай тэрыторыі, павышаную ўвагу ва ўсіх установах адукацыі надае харчаблокам і спартзалам, спецкабінетам, сярод якіх кабінеты хіміі, фізікі, абслуговай і тэхнічнай працы, і іншыя. Без увагі не застаюцца
ні адзін кабінет і ніводнае падсобнае памяшканне. Намеснік дырэктара Аляксандр Шалік паказвае, што зроблена па раней выдадзеных прадпісаннях розных службаў. Калектыў школы вельмі ўдзячны СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» за спонсарскую дапамогу,
дзякуючы чаму ў чатырох кабінетах старыя вокны былі
заменены на шклопакеты.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік падкрэслівае, што ўстановы адукацыі раёна правялі планамерную комплексную падрыхтоўку да 2025/2026 навучальнага года.
– Яшчэ ў красавіку міжведамасная камісія праманіторыла ўстановы адукацыі Ляхавіччыны, выдала прадпісанні па ўхіленні недахопаў. Згодна з распрацаванымі планамі арганізацыйных мерапрыемстваў усе заўвагі ўхілены. Калектывы ўстаноў адукацыі ад душы пастараліся, каб хлопчыкі і дзяўчынкі прыйшлі ў абноўленыя памяшканні. Да добраўпарадкавання ўстаноў і іх тэрыторый падыход крэатыўны і з густам. Шчыра ўдзячна за саўдзел і нераўнадушша спонсарам – нашым арганізацыям і прадпрыемствам, бацькам, якія не застаюцца ўбаку ад рамонтных работ, – дзеліцца Марыя Саракавік.
Аб’ём зробленага ўнушальны. Сярод абновак – адрамантава-
ны дах у Дараўскай СШ, Жарабковіцкай СШ імя М.Г.Мінкевіча, дзіцячым садзе № 1. На гэта пайшло больш за 83 тысячы рублёў.
Зараз капітальна рамантуюцца спартзала СШ № 2 і дах у гімназіі.
На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткаваны 1 мільён 274 тысячы рублёў. Плануецца, што да Дня ведаў на гэтых аб’ектах будзе перарэзана чырвоная стужка.
Каб дашкалятам і навучэнцам было цікава і камфортна спазнаваць свет і вучыцца, на працягу года адбываецца пастаяннае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых садоў, школ, ЦКРНіР і г. д. У абнаўленні актыўны удзел прымаюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна. З пачатку года за кошт спонсарскай дапамогі і добраахвотных узносаў апякунскага савета ўстаноўлены арэлі ў дзіцячым садзе № 3 і Русінавіцкім дзіцячым садзе, у гімназію набыты тэлевізар і дзве палаткі, акустычныя калонкі і мікшар, вучнёўская мэбля ў Начаўскую СШ, у СШ № 1 – жалюзі, дзверы ў кабінеты, мэбля, шматфункцыянальнае ўстройства ў Ліпскі дзіцячы сад і СШ № 2, лінолеум у Навасёлкаўскую СШ імя Г. Ф. Нагорнага і г. д.
Асобны артыкул расходаў – бяспека. Усе ўстановы адукацыі раёна абсталяваны сістэмамі відэаназірання, але будуць устаноўлены яшчэ і дадатковыя «вочы». З 1 верасня школы – тэрыторыя без мабільных тэлефонаў. У кожнай менавіта пад відэакамерамі арганізуюцца спецыяльныя месцы, дзе дзеці змогуць пакідаць тэлефоны на час вучэбнага дня. Сёлета яшчэ тры ўстановы аснашчаны сістэмамі трывожнай сігналізацыі, тры – устройствам кантролю персаналу ў начны час. У маі – ліпені зроблены бягучы рамонт аўтаматычных пажарных сігналізацый і сістэм апавяшчэння, праведзена перазарадка 207 вогнетушыцеляў і г. д.
Расходы на «бяспеку» склалі больш за 27 тысяч рублёў.
12 жніўня карэспандэнт «ЛВ» на ўласныя вочы ўбачыў, што зроб-
лена ў Конькаўскай і Дараўскай СШ, Падлескай БШ, Навасёлкаўскіх СШ і дзіцячым садзе. Уражанне – гонар за ўмелыя рукі калектываў. У кожнай установы адукацыі маюцца свая непаўторная адметнасць і стыль.
– Адзначу належную гатоўнасць устаноў адукацыі нашага раёна
да новага навучальнага года. Шмат зроблена, а калі міжведа-
масная камісія і выяўляе недапрацоўкі, то яны аператыўна ўхіляюцца. Адукацыйны працэс павінен быць арганізаваны па ўсіх нормах і правілах, – падкрэслівае намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.



