Права руля. Сваім меркаваннем пра змяненні ў ПДР дзеляцца ўдзельнікі дарожнага руху

У Беларусі ўнесены змяненні ў Правілы дарожнага руху. З 1 верасня новаўвядзенні пачнуць працаваць. Сваім меркаваннем пра іх дзеляцца ўдзельнікі дарожнага руху.

Андрэй ДЗЯНІШЧЫК, вадзіцель Востраўскай СШ, пераможца абласнога конкурсу «Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса Брэсцкай вобласці – 2025»:
– Уважліва пазнаёміўся са змяненнямі ў ПДР, якія больш датычаць сродкаў персанальнай мабільнасці. Лічу вельмі разумным іх увядзенне. Менш будзе траўматызму. Жыву ў Любейках, і для нашага населенага пункта СПМ праблемы не ўяўляюць. Але за рулём я больш за 40 гадоў і назіраў розныя дарожныя сітуацыі. Ёсць уважлівыя самакатчыкі, а іншыя не едуць – лётаюць. Зразумела, што да дабра такая язда не вядзе. Думаю, абмежаванне хуткасці для СПМ і патрабаванне спешвацца перад пешаходным пераходам павінна станоўча паўплываць на бяспеку і камфорт усіх удзельнікаў руху. Новаўвядзенні лічу выканальнымі, асаблівых уменняў ад гаспадароў электрасамакатаў яны не патрабуюць. Некалі, калі я яшчэ вучыў правілы дарожнага руху, акцэнтавалася ўвага на тым, што перад
пераходам праезнай часткі трэба пераканацца ў адсутнасці транспарту, які набліжаецца. Трэба было прапусціць аўто і тады пераходзіць. А зараз ёсць пешаходы, якія ідуць праз дарогу ў навушніках і нават па баках не паглядзяць. Сваю ўнучку Лізу, якая сёлета пойдзе ў першы клас, вучу быць вельмі асцярожнай і ўважлівай пры пераходзе «зебры».
З верасня забараняецца выкарыстанне ўсесезонных шын зімой. Згодны і з гэтым патрабаваннем. Думаю, пацвердзяць многія вадзіцелі, што ў зімовых колаў больш якаснае тармажэнне і лепшая счэпка з дарогай.

Іна ГАЧКО, ляхавічанка і ўладальніца электрасамаката:

– Лічу важным, каб пешаходы і вадзіцелі любых транспартных сродкаў заўсёды сачылі не толькі за ўласнай бяспекай, але і за бяспекай іншых людзей. Маю правы на кіраванне легкавым і грузавым транспартным сродкам, але для мяне больш зручны электрасамакат, за рулём якога трэці год. Гэтымі днямі дэталёва азнаёмілася з новаўвядзеннямі ў ПДР. Але некаторыя пытанні ў мяне ўсё ж засталіся. Напрыклад, па дапушчальнай скорасці майго самаката я павінна ездзіць толькі па тратуары, а па масе транспартнага сродку – па дарозе. Хацелася б пачуць удакладненні на гэты конт. Лічу сябе пешаходам асцярожным і дысцыплінаваным, дакладна выконваючым ПДР. Стараюся нікому не дастаўляць нязручнасцяў. Загадзя спыняюся і прапускаю пешаходаў, і яны ў Ляхавічах таксама ўзаемапаважлівыя. Асаблівую ўвагу звяртаю на пешаходаў, якія ідуць у навушніках і не чуюць, што адбываецца навокал. Хацелася б, каб, напрыклад, у нашым райцэнтры з’явілася больш прыстасаваных для самакатчыкаў з’ездаў і пад’ёмаў на дарогу. З-за вялікіх бардзюраў узнікае нямала складанасцяў. А гэта, лічу, таксама адзін са складнікаў бяспекі.
Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.