Разам па адным шляху. Чаму ў «Шляху новым» працаваць ганарова і добра

Поспех сельгаспрадпрыемства вызначаецца стаўленнем да зямлі і клопатам пра людзей, перакананы ў ААТ «Шлях новы».

У калектыве з 346 чалавек 42 працаўнікі да 31 года, а 8 чалавек маюць статус маладых спецыялістаў.


– Добра разумеем, што заработная плата, жыллёвае пытанне і ўмовы працы – той падмурак, на якім трымаецца замацаванне маладых на першым працоўным месцы. Таму, акрамя ўстаноўленых заканадаўствам гарантый, маладым спецыялістам гаспадарка кампенсуе расходы на арэнду жылля – момант гэты прапісаны ў калектыўным дагаворы гаспадаркі, – расказвае пра льготы работнікам спецыяліст па кадрах Таццяна Гатоўчыц, якая шосты год
не толькі паспяхова вырашае кадравыя пытанні, але і як ідэолаг асаблівую ўвагу надае згуртаванасці калектыву і яго працоўнаму настрою.
Сярод тых, хто карыстаецца бонусамі ад гаспадаркі, – эканаміст Юлія Плешакова і заатэхнік Іна Мароз. Яны па дагаворы найму здымаюць кватэры адпаведна ў Баранавічах і Ляхавічах. Для маладых такая падтрымка важкая.
Камфартабельны транспарт ААТ раніцай забірае сваіх работнікаў з Баранавічаў і Ляхавічаў, а таксама з навакольных вёсак. На 20-мясцовым «фольк-свагене» працаўнікі адпраўляюцца і на экскурсіі. Нядаўна з прафсаюзнай падачы пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, на хакеі ў сталіцы, на прадстаўленні ў цырку, у Жыровічах, Сынкавічах і г. д. Ад працаўнікоў патрабуюцца толькі жаданне і добры настрой, усе транспартныя расходы бярэ на сябе гаспадарка.

«Шлях новы» ўмее віншаваць сваіх працаўнікоў і дарыць ім святочны настрой. Да Дня жанчын, 23 лютага, Дня бацькі і Дня маці, Дня сельскай гаспадаркі і работнікаў АПК кожны атрымлівае прэмію ці падарунак. Да прафесійнага свята прадугледжана выдзяленне трох базавых велічынь на прадуктовы набор. А на справаздачным сходзе лепшыя працаўнікі ў залежнасці ад стажу і паказчыкаў атрымалі, напрыклад, веласіпеды, тэлевізары, мікрахвалёўкі і г. д.
У ААТ шануюць ветэранаў вытворчасці, умацоўваюць свой калектыў і рады новым работнікам. Зараз, напрыклад, адкрыта вакансія ветурача. Пры гэтым няма і праблемы з жыллём – маецца добраўпарадкаваны «прэзідэнцкі» домік у Коньках. Чакаюць у гаспадарцы і аператараў машыннага даення, трактарыстаў.

Добра папрацаваў – смачна паеў. І з гэтым у ААТ усё ў парадку. Сёння абеды працаўнікам дастаўляюцца непасрэдна на працоўнае месца. Комплекс уключае першае, другое, кампот і булачку ці коржык. І каштуе ўсё каля аднаго рубля – 90 працэнтаў расходаў бярэ на сябе гаспадарка. Прычым на працягу дзесяцідзёнкі стравы не паўтараюцца.

Асобны пункт у сацыяльнай праграме «Шляху новага» – клопат пра здароўе калектыву. Прадпрыемства не пакідае чалавека адзін на адзін ні ў выпадку працяглай хваробы, ні тады, калі трэба зрабіць, напрыклад, МРТ. Пры прадастаўленні чэка аплачваюцца, згодна з калектыўным дагаворам, і іншыя медабследаванні.
Як клапатлівы гаспадар, ААТ шэфствуе і над школамі, якіх на тэрыторыі Навасёлкаўскага і Конькаўскага сельсаветаў тры, над дзіцячымі садамі, медустановамі і СДК. Перад навагоднімі святамі Дзед Мароз са Снягуркай са «Шляху новага» ўручылі падарункі ўсім мясцовым дзецям.


Вяскоўцы і аграгараджане бачаць такую ўвагу і лічаць, што іх дзецям не трэба шукаць лепшай долі ў чужых краях.
У сям’і сельгасработнікаў Сяргея і Таццяны Камінскіх трое сыноў. Старэйшы Аляксандр з 2021 года працуе ў ААТ трактарыстам-машыністам і ўжо адзначыўся сярод перадавікоў жніва. Гаспадарка сямейнаму чалавеку выдзеліла трохпакаёвую кватэру ў Літве і аказала дапамогу ў рамонце. А малодшы Жэня яшчэ школьнікам працаваў на летніх канікулах падсобным рабочым, а зараз вучыцца ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы па мэтавым накіраванні ад сельгаспрадпрыемства. «Шлях новы» сваім будучым работнікам на час вучобы з верасня 2024 года будзе выплачваць дзве
базавыя велічыні навучэнцам каледжа, тры БВ – ВНУ.
Сям’я Мікіты і Наталлі Чабатар лічыць, што ім вельмі пашанцавала і з месцам працы. У 2022 годзе дыпламаваным слесарам па рамонце сельгасмашын пасля заканчэння Івацэвіцкага ліцэя ў калектыў прыйшоў Мікіта, а праз год – аператарам машыннага даення Наталля. Летась яны згулялі вяселле, а восенню гаспадарка прадаставіла ім дом у Літве і дапамагла нават будаўнічымі матэрыяламі. Зараз маладыя чакаюць папаўненне.
Навічкі не губляюцца ў гаспадарцы, а заслугоўваюць аўтарытэт. Сёння агранамічная служба гаспадаркі, якую ўзначальвае Кірыл Бясшапашнікаў, цалкам складаецца з маладых кадраў – Сямён Макрэцкі, Вольга Чыхір, Ангеліна Масцілоўская. Для спецыялістаў –
ураджэнцаў розных населеных пунктаў вобласці гаспадарка стала сваёй. Аграном Ангеліна Масцілоўская нават і не ўяўляла іншага месца працы, як родны «Шлях новы». Сюды і вярнулася пасля заканчэння ўніверсітэта. На МТК «Навасёлкі» каля двух дзесяцігоддзяў плённа працуюць яе бацькі, і сёння яны шчыра радуюцца асэнсаванаму выбару дачкі.


Надоі, ураджайнасць, прывагі і многае іншае дасягаюцца стараннямі нашых працаўнікоў. Скажу без перабольшання – кадры вырашаюць усё! Таму стараемся для нашых людзей стварыць дастойныя ўмовы працы, а за старанную работу выплаціць дастойную зарплату. Калі чалавек з жаданнем ідзе на сваё працоўнае месца, тады і прадукцыйнасць працы высокая. Гэта і паказаў 2023 год, у якім перавышаны ўсе запланаваныя паказчыкі, – падкрэслівае дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш.


Наталля ПЕРАПЕЧКА.