Не дзеля апладысментаў. У працоўнай кніжцы ляхавічаніна значацца пасады, звязаныя з культурным і творчым жыццём раёна

Як арганізаваць работу культустаноў і стварыць умовы для развіцця талентаў, аб’яднаць калектыў і сыграць на баяне так, каб заслухаліся? На гэтыя і іншыя пытанні ведае адказ ляхавічанін Уладзімір Крук. У яго працоўнай кніжцы значацца пасады, звязаныя з культурным і творчым жыццём раёна, з музыкай і мастацтвам: дырэктар Тухавіцкай музычнай школы, а таксама Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, загадчык аддзела культуры райвыканкама. Працаваў і намеснікам старшыні райвыканкама.

Кожная пасада – асобны этап і поспехі, сілы і натхненне, а яшчэ вялікае жаданне зрабіць справу як мага лепш і апраўдаць давер калег, землякоў, родных. Па-іншаму не ўмее: калі працаваць, то з поўнай аддачай і нераўнадушна.
1 красавіка Уладзімір Канстанцінавіч адзначыў юбілей – 70-годдзе. Па-ранейшаму не сядзіць склаўшы рукі – увесь у клопатах, якія перамясціліся ў дамашні напрамак, на які раней з-за працоўнай занятасці часу хапала  не заўсёды. Наш паважаны і аўтарытэтны зямляк – заўзяты пчаляр, садавод і гаспадар. Прыйшла вясна, і трэба трохі падстрыгчы сад, дзе расце каля васьмі дзясяткаў яблынь, сліў, вішань, чарэшань і іншых дрэўцаў і кустоў, пладаносяць арэхі і вінаград. Сваёй увагі патрабуюць пчолы, якімі займаецца
гадоў дваццаць. Ды ці пералічыць колькасць спраў, ведаючы працаздольнасць Крука?!
Ляхавіччына стала для яго роднай, хоць сам з Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта там ён навучыўся іграць на гармоніку. Каб мець свой інструмент, вымяняў на гармонік падораны яму гадзіннік.
Любоў да музыкі сямейная. Майстарскі расцягваў мяхі мамін брат, цудоўна спявала бабуля ды і іншыя родныя. Напрыклад, адзін са стрыечных братоў сёння вядомы фалькларыст, а другі артыст Марыінскага тэатра.
Валодзя ўзяў у рукі баян у шостым класе, калі пачаў займацца ў музычнай школе. Пасля было музвучылішча і накіраванне дыпламаванага спецыяліста на Ляхавіччыну – адкрываць у Тухавічах музычную школу.  Дырэктар узяўся за справу і разам з калегамі – трыма настаўнікамі – набраў больш за 100 навучэнцаў.
У Тухавічах жыццё тады кіпела, і дзеці з інтарэсам засвойвалі нотную грамату і ігру на фартэпіяна, баяне, акардэоне і духавых інструментах. Крыху пазней у Тухавіцкай музшколы з’явіліся філіялы ў Крывошыне і Ліпску.
Мінула дзесяцігоддзе, і Уладзімір Канстанцінавіч пайшоў на павышэнне – стаў загадчыкам аддзела культуры райвыканкама. І зноў арганізацыя і наладжванне справы – каб было дастойна. Сабраў культработнікаў, адправіліся пераймаць вопыт у Іванаўскі, пасля ў Слуцкі раёны. Абнаўлялі клубы, дамы культуры, бібліятэкі, умацоўвалі  матэрыяльную базу. Вельмі дапамагалі, адзначае Уладзімір Канстанцінавіч, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.
Каб прыцягнуць таленты, ездзіў загадчык аддзела на размеркаванне ў розныя навучальныя ўстановы, сярод якіх і Мінскі дзяржаўны інстытут  імя Горкага, які ў свой час завочна скончыў сам.
Ствараліся самадзейныя калектывы, якія выступалі і за межамі раёна, заслугоўвалі званні і ўзнагароды.
Новы этап кар’еры Уладзіміра  Крука – назначэнне намеснікам старшыні райвыканкама. Шчырая адданасць справе, кампетэнтнасць і паважлівыя адносіны да людзей – тое, што вызначала Крука на любой пасадзе. Прычым нават у статусе чыноўніка спяваў у народным хоры настаўнікаў пры ГДК, не развітваецца з ім і зараз.
Важная і значная старонка біяграфіі – дырэктарства ў дзіцячай школе мастацтваў. І тут праявіў сябе мудрым і дасведчаным кіраўніком, музыкантам-прафесіяналам, настаўнікам, які шчыра балеў за сваіх навучэнцаў і быў зацікаўлены ў іх поспехах. Яскравы факт: разам з калегамі змог па крупінках абагульніць 60-гадовую гісторыю ДШМ і выдаць каляровы буклет, зрабіць тэматычныя стэнды.
– Магу з гонарам сказаць, што мне пашанцавала працаваць з людзьмі таленавітымі і здольнымі, сапраўднымі прафесіяналамі. Удзячны ўсім, хто крочыў са мной, верыў і дапамагаў. Змаглі многае, але многае ў маіх калег яшчэ наперадзе, – падкрэслівае Уладзімір Крук.
За сваю педагагічную дзейнасць Уладзімір Канстанцінавіч падрыхтаваў 15 навучэнцаў-баяністаў, якія выбралі музыку прафесіяй.
Надзейным тылам у жыццёвым кругавароце заўсёды была сям’я. Менавіта шчырая зацікаўленасць справамі мужа і падтрымка жонкі Ганны, сыноў Андрэя і Дзмітрыя былі асновай паспяховага прафесіянальнага шляху Крука. Для яго выраз «пакінуць след на зямлі» – мэта. Пабудаваць дом, выгадаваць сыноў, пасадзіць дрэва – пункты для сапраўднага мужчыны на сёння выкананы. На дзень заўтрашні запланавана таксама нямала.
І калі ў бацькоўскім доме збіраюцца дзеці, унукі, родныя, то абавязкова гучыць прыгожая песня. І саліруе тут Уладзімір Крук. Сёлета 1 жніўня будзе 45 гадоў, як Уладзімір Канстанцінавіч звязаў свой лёс з Ляхавіччынай культурнай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную грамадскую дзейнасць, вялікі асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння ўзнагароджаны ветэран працы Уладзімір КРУК.