Раён сее лён. Ляхавіччына з’яўляецца адной з нямногіх – па пальцах рукі можна пералічыць – тэрыторый Брэсцкай вобласці, дзе шчыльна займаюцца льном

Адзін з механізатараў-сейбітаў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Станіслаў Шпак.

Ляхавіччына з’яўляецца адной з нямногіх – па пальцах рукі можна пералічыць – тэрыторый Брэсцкай вобласці, дзе шчыльна займаюцца льном: і вырошчваюць, і рыхтуюць насенне, і ўжо гатовую трасту перапрацоўваюць у льновалакно.

Наша льнонасенстанцыя носіць статус міжраённай, і першая яе задача чытаецца ў яе ж назве: вырасціць лён, сабраць і падрыхтаваць насенне. Але і траста для арганізацыі зусім не другасны прадукт.
Ляхавіцкі льнозавод, які можа лічыцца адным з флагманаў сваёй галіны вытворчасці, па пасяўной шкале адліку часу ўжо даўно ў полі.
– Сеяць пачалі ў апошні дзень сакавіка – затрымаліся з-за надвор’я. Летась, напрыклад, першыя плошчы былі засеяны яшчэ ў першай палове месяца. Але тады і вясна была кардынальна іншай, і стан палёў другім, – гаворыць вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
У гэтым годзе ў ільнозавода 2,2 тысячы гектараў пасяўных плошчаў. Рознавялікімі кавалкамі яны раскіданы па тэрыторыі ўсяго раёна. Самы вялікі, у межах  170 гектараў, надзел знаходзіцца на падлескіх землях ААТ «Жарабковічы». Але гэта не характэрна: найчасцей ільноза-
вадчанам у карыстанне прадастаўляюцца палі шырынёй у тры, тры з паловай,
чатыры дзясяткі гектараў. Усяго палёў-участкаў 44, і размешчаны ва ўгоддзях літаральна кожнай з сельгасарганізацый Ляхавіччыны. Таму і «раён сее лён» не з’яўляецца недакладнасцю, нягледзячы на тое, што па факце гэтым займаюцца толькі дзве арганізацыі.
У эпіцэнтры работ «ЛВ» пабываў у мінулую сераду. Прыгледзеліся да ходу работ, прыслухаліся да трактарнага
гулу палёў, абагульнілі меркаванні ўдзельнікаў сяўбы і зрабілі выснову: нягледзячы на дастаткова снежную зіму, не ранні прыход аграрнай вясны, праведзеныя працаўнікамі палёў рэгламенты па «закрыцці вільгаці», вільгаці ў палях недастаткова. На гэта звярталі ўвагу суразмоцы, на тое ж указваў густы і доўгі шлейф пылу, які суправаджаў пасяўныя агрэгаты.
За тыдзень работы ў рэжыме поўнага дня льнозаводскія аграрыі справіліся з важкім аб’ёмам работ. На значных плошчах падрыхтавалі глебу, а на больш як пяцістах гектарах правялі ўжо і пасяўныя работы.
– З прычыны няўстойлівай халаднаватай вясны на першым часе ў полі знаходзіліся толькі два пасяўныя агрэгаты. Сёння іх ужо
чатыры: працуюць тры АПП-6 і сеялка «СПУ-6». Агульная выніковасць работы, канешне ж, узрасла. Праз дзень-два мяркуем разагнаць пасяўную да максімальных абаротаў. Для гэтага ў нас маецца запас пасяўных сродкаў: дзве сеялкі, якія ў гэтым сезоне ў работу пакуль
не ўключаліся, – пасвячае ў вытворчыя планы Мікалай Герасімовіч.
Пад пасяўную кампанію-2021 ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» некалькі абнавіў свой насенны матэрыял. Была закуплена 20-тонная партыя французскага льнонасення сорту «эдэн».
– Гэта позні сорт, нашай партыі хопіць, каб засеяць 160 – 165 гектараў поля. Найбольшую сілу набірае ў чэрвені – ліпені, апошнім з нашых паспявае пад уборку. Такім чынам мы яшчэ і можам гарантаваць сабе
паступовасць уборачных работ, калі першым пад прэс трапляе ранні сорт, пасля – сярэдняранні, а затым ужо – «эдэн». Такое размеркаванне рацыянальна з  пункту гледжання размеркавання ўборачных сіл, выгадна ў плане якасці сабранай прадукцыі. У палі ўнесена неабходная
колькасць мінеральных удабрэнняў, прыкладна трэць найбольш бедных плошчаў атрымае дадатковую азотную падтрымку, –
у завяршэнне дыялогу адзначыў вядучы аграном.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.