І працуецца зусім па-іншаму. Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 17 красавіка

Ключавое слова ў многіх справах – разам. Толькі так справа ладзіцца, а тым больш, калі размова ідзе пра суботнік.
Дзеля месца, што такое дарагое кожнаму, разам прыемна і важна пашчыраваць. А ў Год народнага адзінства гэты сюжэт гучыць яшчэ больш пяшчотна і па-роднаму.

Не разумею тых, хто ў каментарыях любіць пахэйціць наконт таго,
што суботнікі – чыстай вады паказуха. Калі не адну гадзіну працуеш дзеля таго, каб пасля землякам было ўтульна і прыемна, пра паказушнасць нават не думаецца. Вось сапраўды, у такія моманты, калі талакой справа ладзіцца, калі аб’ёмы зробленага ўражваюць,
калі вынік відавочны – чысціня і парадак вакол, па-іншаму глядзіш на гэты грамадска карысны сюжэт. Цяжкавата і часам не вельмі хочацца, але побач з іншымі прачынаюцца энтузіязм і жаданне папрацаваць дзеля агульнай карысці.

Вось ужо некалькі тыдняў актыўна кіпіць праца на Кургане Славы. Брыгады хуткай чыстай дапамогі  амаль штодня наведваюць гэта памятнае месца. Камунальнікі, энергетыкі, кіраўніцтва раёна, калектывы падраздзяленняў райвыканкама, СДЮШАР, рэдакцыі, навучэнцы і выкладчыкі каледжа, работнікі сельвыканкама і многія іншыя паспелі прыкласці руку, каб  свята Дзень Перамогі  ў выніку падарыла як мага больш прыемных уражанняў.
І працуецца там з іншым,  узнёслым настроем, і фронт работы не самы лёгкі і не самы малы па аб’ёмах. Памяць – яна не ў словах, у справах. А каб кожны мог адчуць святасць Вялікай майскай Перамогі, каб ніякія моманты не азмрочылі свята, сёння працуе-плануе гэты дзень вялікая колькасць  людзей.
Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай  работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, асноўным месцам урачыстасці ў  Дзень Перамогі плануецца зрабіць менавіта Курган Славы.
– У аддзел стала паступаць многа просьбаў ад землякоў, каб вярнуць урачыстасць у месцы, дзе шмат гадоў ушаноўвалі памяць герояў. Курган Славы для ляхавічан мае важнае значэнне.
У 1967 годзе ён быў насыпаны на месцы, дзе ў Вялікую Айчынную вайну праходзілі жорсткія баі. І хоць фармат мерапрыемства ў гэтым годзе давядзецца крыху памяняць, ёсць пэўныя нюансы наконт арганізацыі руху грамадскага транспарту, гэты майскі дзень будзе насычаным.
Дарэчы, напярэдадні раёнка таксама праводзіла апытанне ў сацыяльных сетках. Большасць землякоў выказалася за тое, каб гэты ўрок гісторыі прайшоў на сваім гістарычным месцы.
Да ўсенароднага свята рыхтуемся разам – прыгажосць наводзім не толькі там, дзе жывём, працуем, па якіх вуліцах ходзім, але і ў памятных мясцінах. Больш за дзве сотні землякоў ужо наведалі Курган Славы і прысвяцілі пару гадзін уласнага часу для чысціні на гэтым свяшчэнным месцы.
– Месца тут асаблівае.  Кожны, хто апошнім часам сюды прыязджаў пасуботнічаць, – працаваў, не шкадуючы сіл. Таму шчыры дзякуй за нераўнадушнасць, за тое, што дзеля іншых, дзеля агульнага дабрабыту шчыруеце, дапамагаеце гэта гістарычнае месца зрабіць прыгажэйшым. Амаль кожны дзень тут прыбіраюць і зграбаюць апалае лісце, убіраюць зламанае галлё, падмятаюць, ладзяць сцэны, вычышчаюць спартыўныя пляцоўкі, загружаюць смецце ў машыны. Дарэчы, тут з’явіцца і імітацыя баявога акопа. Гэта ўсё дарагога варта, – адзначае старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
Кіпіць праца і па іншых гарадскіх і вясковых адрасах. Засаджваюцца кветнікі, цягнуць галінкі ўверх сотні маладых вербаў і бярозак, закладваюцца паркі і алеі, марафет на дарожках і вуліцах, вакол уласных участкаў і пад’ездаў…
А самае галоўнае, прырастае і колькасць людзей, для якіх па суботах і не толькі стала добрай звычкай папрацаваць на карысць сваёй малой радзімы.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.