«Новы прыток Ведзьмы?»

У публікацыі пад такой назвай, змешчанай у «ЛВ» № 25 за 3 красавіка, гаворка ішла пра аварыю на каналізацыйна-помпавай станцыі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» на вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры. Тэму, дарэчы, падказалі нашы чытачы ў сацсетках. Для атрымання каментарыя па згаданай сітуацыі, якая, па меркаванні ўсхваляваных землякоў, выклікала парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, рэдакцыя накіравала запыты ў камунгас і райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі патлумачыў, што 31 сакавіка каля 14 гадзін была выяўлена ўцечка сцёкавай вады з-пад зямлі. Праз паўгадзіны аварыя была лакалізавана – адключана помпа на КПС. «Пры правядзенні рамонтных работ устаноўлена, што адбылася разгерметызацыя напорнага калектара дыяметрам 150 міліметраў. У 18.10 31 сакавіка цэласнасць трубаправода адноўлена. Сістэма каналізацыі працуе ў штатным рэжыме», – паведаміў кіраўнік камунальнай службы.
Што датычыць наступстваў аварыі, то начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская паведаміла «ЛВ»: «У адпаведнасці з вынікамі вымярэнняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, праведзеных Баранавіцкай міжраённай лабараторыяй аналітычнага кантролю, утрыманне забруджвальных рэчываў у вадзе ракі Ведзьмы знаходзіцца ў межах нарматываў якасці вады паверхневых водных аб’ектаў. Змяненне якасці вады ў кропках вышэй і ніжэй па цячэнні не назіраецца». Як патлумачыла Іна Траяноўская, зараз лабараторыя праводзіць даследаванні адабраных з месца аварыі проб глебы.