Не ўпусціць шанц быць здаровым

Наўрад ці за апошні час ёсць больш хвалюючая для ўсяго свету тэма, чым пандэмія каранавіруса. Некаторыя краіны, у тым ліку і Беларусь, аб’явілі ў сябе трэцюю хвалю COVID-19. Адназначна, навука і медыцына зрабілі нямала крокаў, каб даць дастойны адпор небяспечнай хваробе. Тым не менш, пытанні былі і застаюцца, іх вырашаюць і ў сусветным маштабе, і канкрэтна на месцах. Тэмы каранавіруса, што хвалююць землякоў, абмяркоўваліся падчас завочнага круглага стала «ЛВ» з удзелам галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталія Ціханава і намесніка галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіла Куляшова.

Узважваючы ўсе «за» і «супраць», медыкі па ўсім свеце прыходзяць да аднолькавай думкі: вакцынацыя на сённяшні дзень – пакуль адзіны спосаб спыніць распаўсюджванне каварнай інфекцыі і не дапусціць чарговых хваляў яе ўсплёску.  І ўсё ж, вакцынавацца ці не?

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Менавіта дзякуючы вакцы-нацыі, мы забыліся пра такія небяспечныя хваробы, як тыф, адзёр, поліяміэліт, чорная воспа, даволі рэдка фіксуюцца выпадкі таго ж грыпу. Пакуль альтэрнатывы прышчэпцы супраць каранавіруса няма. Калі няма істотных супрацьпаказанняў, прышчапляцца трэба абавязкова. Раю зрабіць гэта сваім калегам, родным і блізкім. Рабіць прышчэпкі варта, каб сфарміраваць калек-тыўны імунітэт, для чаго неабходны не месяц-другі, а значна больш часу. Таму вакцынавацца трэба цяпер.
Асабліва прышчэпка патрэбна тым, хто адносіцца да групы павышанай рызыкі заразіцца вірусам. Маю на ўвазе медыкаў, работнікаў адукацыі, сацыяльнай сферы, транспарту, бытавога абслугоўвання, гандлю. Акрамя таго, у групу рызыкі ўваходзяць пацыенты з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы,
атлусценнем, цукровым дыябетам, анкалогіяй.

Міхаіл КУЛЯШОЎ:
– Зараз у Ляхавіцкім раёне  таксама назіраецца пэўны рост захворвання COVID-19. Стрымаць яго дапамогуць толькі вакцынацыя і прафілактыка.
Антыкавідная вакцынацыя на Ляхавіччыне пачалася напрыканцы лютага. Першымі яе ўдзельнікамі сталі медыкі –  115 чалавек, якія атрымалі расійскую вакцыну «Спутнік». Потым да медыкаў далучыліся настаўнікі, работнікі сацыяльнай сферы, а, пачынаючы з красавіка, зрабіць вакцыну могуць усе жадаючыя. Нагадаю, вакцынацыя –
справа добраахвотная. Але ўсё ж хачу параіць: паклапаціцеся пра сваё здароўе – зрабіце прышчэпку.
Жыхары райцэнтра могуць запісацца на вакцынацыю ў паліклініцы ва ўрача агульнай практыкі на сваім замацаваным участку, вяскоўцы – на фельчарска-акушэрскіх пунктах, ва ўрачэбных амбулаторыях. Неабавязкова прыходзіць у медустановы, дастаткова пазваніць па тэлефоне праз кол-цэнтр паліклінікі па нумары 6-39-03 у будныя
дні, а таксама можна запісацца па электроннай пошце vakcinalyahovichi@tut.by.
Усе медработнікі, якія праводзяць вакцынацыю, прайшлі спецыяльнае навучанне. У ЦРБ  створаны ўсе неабходныя ўмовы, абсталяваны кабінет, вакцына захоўваецца ў спецыяльных кантэйнерах.

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Патлумачу, навошта папярэдні запіс. Расійская вакцына «Спутнік» патрабуе асаблівых умоў захоўвання, яна размарожваецца за некалькі дзясяткаў хвілін да ўвядзення, таму працэдура спачатку праводзілася толькі ў паліклініцы ў спецыяльным кабінеце. А цяпер, дзякуючы спецыяльным тэрмакантэйнерам, такую прышчэпку пачалі рабіць і ва ўрачэбных амбулаторыях урача агульнай практыкі. Што тычыцца кітайскага прэпарата, яго тэмпература захоўвання ад плюс двух да плюс васьмі градусаў, прышчэпку ім можна зрабіць і на ФАПе. Няма неабходнасці вяскоўцам для вакцынацыі ехаць у райцэнтр.
Акрамя таго, папярэдні запіс дазваляе пазбегнуць чэргаў і масавага знаходжання людзей у медустановах. Тым больш, гэта актуальна ў час пандэміі каранавіруса.

Многіх цікавіць, у якім узросце можна прышчапляцца.
Па інфармацыі СМІ, напрыклад, у Брэсце вакцынаваўся 92-гадовы гараджанін.

Міхаіл КУЛЯШОЎ:
– Як толькі з’явілася вакцына  супраць каранавіруса, медыкі з асцярожнасцю раілі яе грамадзянам старэйшым за 65 га-
доў. Аднак, пасля дадатковых даследаванняў і назіранняў за прышчэпленымі, ацаніўшы ўсе фактары рызыкі, прыйшлі да высновы: вакцынавацца можна ўсім старэйшым за 18 гадоў.
Што важна і неабходна ўлічваць. Нельга рабіць прышчэпку, калі на гэты момант у чалавека ёсць прыкметы рэспіраторнай інфекцыі, павышаная тэмпература цела ці абвастраюцца хранічныя хваробы. Абавязкова неабходна кансультацыя лечачага ці ўчастковага ўрача.
Часта да нас звяртаюцца і з пытаннямі, ці пажадана вакцынавацца анкалагічна хворым ці тым, каму пастаўлены дыягназ «цукровы дыябет». Усё індывідуальна. Неабходна кансультацыя медыка, які вядзе вашу гісторыю хваробы.
Ці вакцынавацца тым, хто перахварэў на каранавірус?
Пасля перанесенай хваробы неабходна пачакаць ад трох да шасці месяцаў і толькі тады вакцынавацца. Але падыход павінен быць індывідуальным, а рашэнне – абгрунтаваным.
Віталій ЦІХАНАЎ:
– Даводзіцца чуць меркаванні пра страшныя пабочныя з’явы пры вакцынацыі.
Але калі пасля вакцыны і ўзнікаюць нейкія пабочныя эфекты, яны нішто ў параўнанні з наступствамі, што прыносіць з сабой COVID-19. Хто сустракаўся з гэтай інфекцыяй на ўласным прыкладзе, мяне зразумее.
У нашым раёне грамадзяне актыўна вакцынуюцца супраць
каранавіруса. Па стане на 14 красавіка прышчэпку атрымалі
650 землякоў, прычым пятая частка з іх звярнулася самастойна, папярэдне запісалася на працэдуру.

Якія прэпараты і чыёй вытворчасці ў якасці прышчэпак атрымліваюць жыхары Ляхавіччыны? Ці ёсць права выбару вакцыны?

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Першыя прышчэпкі былі зроблены вакцынай «Спутнік V» расійскай вытворчасці. Потым пачалі прышчапляць і кітайскай вакцынай. Прычым абодва прэпараты двухкампанентныя:
уводзяцца двойчы з інтэрвалам у тры тыдні.
На даным этапе вакцынацыя для грамадзян бясплатная, усе выдаткі на сябе бярэ дзяржава. Таму прышчапляюць тым прэпаратам, які ёсць у наяўнасці. Магчыма, пазней, калі пачнецца платная вакцынацыя супраць COVID-19, чалавек зможа выбіраць сабе тую ці іншую вакцыну.
Зараз на РУП «Белмедпрэпараты» праводзіцца выпуск расійскай вакцыны, якая паступае ва ўсе ўстановы аховы здароўя.
Напэўна, з цягам часу каранавірус зойме такое ж месца сярод вострых рэспіраторных інфекцый, як грып, таму і прышчэпкі мы
будзем рабіць штогадова.
Дарэчы, дзякуючы таму, што за апошнія гады каля 40 працэнтаў жыхароў раёна штогод прышчапляюцца супраць грыпу,
гэта хвароба амаль не рэгіструецца.

Міхаіл КУЛЯШОЎ:
– Людзей цікавіць, як арганізм пераносіць тую ці іншую вакцыну. Адразу адзначу, перш чым вакцынаваць, трэба ведаць, ці не хварэе чалавек на момант вакцынацыі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, ці няма на даны момант абвастрэння хранічных хвароб. Таксама вымяраецца тэмпература цела, расказваецца, якія меры трэба захоўваць пасля ўвядзення вакцыны.
Што тычыцца пабочных эфектаў, то яны, у прынцыпе, звычайныя для любой прышчэпкі: магчымы павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль і боль у мышцах, прыпухласць у месцы ін’екцыі, слабасць. Звычайна праходзяць самі па сабе, іншы
раз медыкі раяць выпіць што-небудзь з гарачкапаніжальных сродкаў.
Наконт вакцын супраць каранавіруса падкрэслю, што далёка не ва ўсіх прышчэпленых адзначаліся тыя ці іншыя непрыемныя наступствы. Звычайна землякі добра пераносяць прышчэпкі. Выпадкаў, калі камусьці неабходна была медыцынская дапамога ці шпіта-
лізацыя, у Ляхавіцкім раёне не адзначалася.

З каранавірусам мы жывём ужо больш за год. Некаторыя з тых, хто перахварэў, амаль да мінімуму знізілі правілы перасцярогі: маўляў, мне ўжо нічога не страшна. Ёсць і такія, хто ўвогуле не прызнае смяротную небяс-
пеку, якую ўяўляе COVID-19. Напэўна, многія заўважаюць, што людзі сталі ігнараваць прафілактыку: маску носяць не ў якасці абароны, а проста як аксесуар на барадзе…

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Меры прафілактыкі вельмі важныя.
Наша служба вядзе актыўную работу, як і пры папярэдніх хвалях, па правядзенні эпідрасследавання кожнага выпадку захворвання і кантактаў першага ўзроўню. Таксама ў цэнтры ўвагі – кантроль за арганізацыяй і правядзеннем санітарна-эпідэмічных мерапрыемстваў ва ўстановах, арганізацыях. Заклікаю не ігнараваць рэкамендацыі медыкаў па захаванні масачнага рэжыму і фізічнага дыстанцыравання.
Устанаўліваецца цёплае надвор’е. Так што часцей бывайце на свежым паветры, тым самым вы ўмацуеце ўласны арганізм, абмяжоўвайце кантакты.

Міхаіл КУЛЯШОЎ:
– Зразумела, людзям надакучыла насіць маскі, пастаянна апрацоўваць рукі, выконваць іншыя супрацьэпідэмічныя меры. Але нічога не зробіш, чалавецтва навучылася, хаця і з цяжкасцямі, жыць ва ўмовах пандэміі.
Як і любую хваробу, каранавірус лепш папярэдзіць, чым потым лячыць. Так што заклікаю землякоў па-ранейшаму «сябраваць» з маскамі, не забываць мыць рукі з мылам ці апрацоўваць антысептыкам.
І запісвайцеся на вакцынацыю. Будзьце здаровыя.

Матэрыялы круглага стала  падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.

Па даных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, штомесячна РУП «Белмедпрэпараты» будзе выпускаць  500 тысяч  доз расійскай антыкавіднай вакцыны «Спутнік V».
І гэта  істотна павысіць  даступнасць вакцыны супраць COVID-19  для беларусаў.