Наша жыццё. Май – ён унікальны… І яму так пасуе Дзень друку

Май – ён унікальны… І яму так пасуе Дзень друку.
Вось і вы, паважаныя падпісчыкі, маеце непасрэднае дачыненне да гэтага дня. Не здзіўляйцеся –вы першыя, хто, дастаўшы свежанькі «ЛВ» з паштовай скрыні, ацэньвае нашу журналісцкую і друкарскую працу. Вы нашы эксперты і самыя дарагія адрасаты.

…Сучасная, стыльная, разнапланавая – такой мы жадаем бачыць раёнку і на гэта працуем. Наколькі атрымліваецца – судзіць вам.
У кожным нумары – вопыт тых, хто не адно дзесяцігоддзе працаваў на тое, каб «Савецкі патрыёт», «Будаўнік камунізму», «Ляхавіцкі веснік» быў цікавым суразмоўцам, дарадцам і аналітыкам, а часам і аб’ектыўным крытыкам. Кожны, хто аднойчы далучыўся да каманды «веснікаўцаў», застаецца ім назаўсёды – хвалюецца, падказвае, цікавіцца, як там справы. Дзякуй вам за шчырасць і любоў, з якой кожны датыкаўся да газетнай справы, хто ўмацоўваў і надаваў сілы нашай раёнцы. Сённяшняя каманда шчыра віншуе сваіх калег і жадае галоўнага – здароўя.

Не перадаць словамі пачуцці, калі на другім канцы тэлефоннага проваду гучыць пяшчотнае і такое сонечнае прывітанне ад Вікенція Ільіча Бурло – ён сярод тых, хто трымаў самы першы нумар «Савецкага патрыёта», датаваны яшчэ 1943-м.
Ці можам мы падвесці такіх людзей, якія ў цяжкіх ваенных умовах стваралі лістоўку з чаканымі партызанскімі навінамі, словам змагаліся з ворагам, падтрымлівалі баявы дух нашых абаронцаў.
Не абмяркоўваецца.
Канешне, нашы надзейныя сябры. Цёплыя адносіны пацверджаны часам, наш моцны тандэм дазваляе «Ляхавіцкаму весніку» вітаць ляхавічан і не толькі. Работнікі паштовай сувязі саюздруку – нашы прамоўтары, рэалізатары, піяршчыкі, адным словам, калегі па цэху, і нам з вамі вельмі пашанцавала.
Друкаванае выданне сёння як традыцыя надзейнага журналісцкага слова існуе і радуе кожнага, хто аднойчы стаў падпісчыкам газеты. Так, мы пашыраем прастору – медыя зрабілі сваю справу. Больш за дзесяць тысяч падпісчыкаў з намі заўсёды анлайн.
А яшчэ ў «Весніка» надзейная каманда маладых і дзёрзкіх – 15 школьных рэдакцый – нашы паза-штатныя аўтары і самыя актыўныя ўдзельнікі праекта «Школьны дзённік».
Мы вельмі ганарымся вашым талентам, аператыўнасцю, адказнасцю да выканання кожнага задання.
Каранавірус стрымаў нашы планы, але, упэўнена, у будучым нас чакае многа цікавых праектаў.
І, канешне, са святам прафесійным, самы родны «Ляхавіцкі веснік». Дзякуй, што ёсць. Для кожнага ты свой, для газетчыкаў, без перабольшання, жыццё і крыніца натхнення. Для мяне – жыццёвы настаўнік, вучыш і даеш сілы і сэнс рухацца далей. А гэта характарыстыкі галоўнай катэгорыі для кожнага – сям’і.
Галоўны рэдактар Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.