ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Аргументы на карысць кансерваў

Аргументаў на карысць папулярнасці сапраўды смачнай прапановы ад ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» нямала. Сярод іх і максімальная натуральнасць. На прадпрыемстве стараюцца выкарыстоўваць як мага менш кансервантаў. Таму ляхавіцкія салаты, сокі, павідла, соусы з задавальненнем набываюць у тым ліку для харчавання дашкольнікаў і школьнікаў, а таксама ва ўстановы аховы здароўя. Яшчэ адзін важкі плюс – якасная сыравіна, пераважная большасць якой вырошчваецца на палях уласнай падсобнай гаспадаркі.

Аграном Аляксандр Мацкевіч (справа) з механізатарамі Уладзімірам Бакуном, Аляксандрам Андрусевічам, Віктарам Свірыдам.

– Зразумела, сабекошт  кансерваў у многім залежыць ад сыравіны. Агародніна, вырашчаная на сваіх землях, будзе істотна танней купленай. Сёлета, як і планавалі, вырасцілі і назапасілі ў неабходнай колькасці кабачкі, шчаўе, моркву, буракі, бульбу, цыбулю. Куплялі толькі капусту, памідоры, агуркі, шампіньёны, з ягад – клубніцы, з садавіны – яблыкі, яшчэ бярозавы сок. Якасцю сыравіны задаволены, – разважае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
Ён не без гонару называе лічбы: сёлета за дзевяць месяцаў чысты прыбытак у сем разоў вышэйшы, чым за аналагічны леташні перыяд. Розных плодаагароднінных кансерваў выпушчана ў дзесяць разоў больш, чым у 2020 годзе. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 135 працэнтаў, а заработная плата – 110 працэнтаў у параўнанні з дзесяццю месяцамі мінулага года.
Увогуле, Аляксандр Вашчук самым паспяховым годам для прадпрыемства называе  2018-ы, пакуль паказчыкі, дасягнутыя тады па вытворчасці і рэалізацыі, перавысіць не атрымалася. Так што завадчанам ёсць куды расці. А тое, што ў іх усё атрымаецца, сумненняў няма. Кіраўніцтва прадпрыемства шукае і знаходзіць новыя рынкі збыту ў Беларусі і за яе межамі. Сёлета на экспарт – у асноўным у рэгіёны Расійскай Федэрацыі – адпраўлена восем працэнтаў ад рэалізаваных кансерваў. Даспадобы суседзям прыйшліся кансервы, якія выкарыстоўваюцца для прыгатавання першых страў – расольніку, баршчу, шчаўя і іншыя. А яшчэ любяць расійскія спажыўцы паласавацца павідлам, зробленым у беларускіх Ляхавічах. Дырэктар завода крыху раскрывае карту: бліжэйшая экспартная перспектыва – адправіць кансерваваную прадукцыю ў Еўропу і Азію.
Каб зацікавіць пакупнікоў, завадчане пастаянна працуюць над пашырэннем асартыменту. Сёлета смачнае папаўненне – больш за сотню найменняў кансерваванай садавіны і агародніны. Як сцвярджае пакупніцкі попыт, хіт сярод навінак – ікра з шампіньёнаў. Прыйдзецца да стала і чарговая соусная прыправа з памідораў – па-сіцылійску, дзе адзін з новых інгрэдыентаў – гарчыца, а таксама соус для спагецці, куды дабаўлены грыбы. Асартыментную лінейку пашырылі соусам «Журавіны з хрэнам». 80 працэнтаў рэцэптаў распрацоўваецца на тутэйшым заводзе, астатняе – у супрацоўніцтве з рэспубліканскім інстытутам пладаводства, з якім у прадпрыемства даўно наладжаны цесныя кантакты. Тон у абнаўленні асартыменту задаюць начальнік лабараторыі Святлана Войцік, хімік Тамара Кавальчук, біёлаг Анастасія Болтуць.

Аператары Ніна Шчэрба, Святлана Чалевіч і фасоўшчык Вікторыя Якубовіч.


Заводскі калектыў (сёння на прадпрыемстве ў розных падраздзяленнях шчыруе  140 чалавек) правераны часам на зладжанасць, адказнасць, працавітасць, тут вопыт удала спалучаецца з маладымі сіламі, у пашане настаўніцтва, ініцыятыўнасць і жаданне ўдасканальвацца ў прафесіі. Напярэдадні прафесійнага свята шэраг тутэйшых работнікаў заслужана атрымае ўзнагароды і падарункі. Яны па праве дастойныя такой увагі і пашаны, бо дзякуючы ў тым ліку і смачнай, карыснай, запатрабаванай заводскай прадукцыі пра нашы Ляхавічы ведаюць не толькі ў Беларусі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Майстар Галіна Дарашэнка і вадзіцель пагрузчыка 
Аляксандр Дыдышка.