Тры лічым, ці Айсберг трывогі. 1764 наркаманы стаяць на ўліку ў медустановах Брэстчыны, трое з іх – ляхавіцкія

Праблема распаўсюджанасці наркотыкаў сёння адна з самых вострых у грамадстве. На барацьбу з ёй задзейнічаны ўсе магчымыя рэзервы, і гэта дае пэўны вынік. На Брэстчыне адзначаецца зніжэнне спажывання спайсаў і іншых сінтэтычных наркотыкаў. Сёлета за студзень-кастрычнік зарэгістравана 70 выпадкаў перадазіроўкі наркотыкамі і псіхатропнымі рэчывамі – на 8 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Больш як на чвэрць знізілася і колькасць перадазіровак сярод непаўналетніх. Такую інфармацыю агучыў Уладзімір Жыгар, намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама. Як вядома, наркотыкі і СНІД – часта “не чужыя”. На ўліку ў нарколагаў знаходзяцца 1764 жыхара вобласці, якія маюць праб-лемы з наркотыкамі, прычым 976 з іх выкарыстоўваюць ін’екцыйны шлях ужывання. І гэта, мяркуецца, надводная частка айсберга. На ўліку ва ўрача-нарколага Ляхавіцкай райбальніцы знаходзіцца 3 наркаманы: двое маладых мужчын ва ўзросце 20 і 22 гады і іх 45-гадовы “калега”. Маладыя людзі трапілі на ўлік за ўжыванне спайсаў, старэйшы – за ін’екцыйнае ўвядзенне.

Галоўны ўрач абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” Валянцін  Млынчык расказвае, што з пачатку года некалькі разоў тутэйшым медыкам давялося ў прамым сэнсе вяртаць да жыцця юнакоў (адзін з іх – студэнт сталічнай ВНУ), якія знаходзіліся ў наркатычным дурмане. Аматара спайсаў “адкачваюць”, пралечваюць і выпісваюць. Ці будзе ён зноў ужываць наркотыкі? Гэта залежыць ад самога чалавека, яго блізкіх, усіх, хто побач. А не спынены наркаман здольны ўцягнуць у палон дурману і іншых.

Супрацьстаяць наркотыкам можна толькі разам. Зніжэнню іх распаўсюджанасці спрыяе і больш выніковая работа праваахоўных органаў. Сёлета ў вобласці спынена дзейнасць 11 наркапрытонаў, двух інтэрнэт-магазінаў і трох каналаў пастаўкі псіхатропных рэчываў у Беларусь з краін-суседак. З незаконнага абароту канфіскавана больш за 45 кілаграмаў наркатычных і псіхатропных рэчываў, больш за 2,5 тоны насення маку. Як расказаў оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Андрэй Чаранкевіч, сёлета сумесна з калегамі з Баранавіцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў і ўпраўлення наркакантролю УУС Брэсцкага аблвыканкама затрыманы 4 чалавекі, якія распаўсюджвалі наркотыкі ў Баранавічах і Ляхавіцкім раёне. Супраць іх (як высветлілася, распаўсюджвальнікі былі звязаны паміж сабой) узбуджаны крымінальныя справы, вядзецца следства. Таксама з пачатку года ў нашым раёне міліцыянеры выявілі і знішчылі 400 кілаграмаў маку, за яго вырошчванне 20 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *