Пляжы гатовы да сезона. У Ляхавіцкім раёне ўстаноўлены пералік месцаў, што адводзяцца пад пляжы, і зацверджаны план мерапрыемстваў па іх падрыхтоўцы да купальнага сезона

Фота з архіва «ЛВ»

Згодна з рашэннем райвыканкама «Аб мерах па паляпшэнні аховы жыцця людзей на вадаёмах і падрыхтоўцы да купальнага сезона ў 2021 годзе», устаноўлены пералік месцаў, што адводзяцца пад пляжы, і зацверджаны план мерапрыемстваў па іх падрыхтоўцы да купальнага сезона

Афіцыйны статус маюць пляж на рацэ Ведзьме  (г. Ляхавічы), пляж на рацэ Шчары (аг. Дарава), пляж на вадаёме для аздараўленчага лагера «Чайка». Раённая камісія праверыла добраўпарадкаванне і гатоўнасць пляжаў да купальнага сезона. Вадалазы Баранавіцкай выратавальнай станцыі  на пляжах правялі абследаванне і ачыстку дна ад старонніх прадметаў. Падрыхтаваны інфармацыйныя стэнды для насельніцтва аб мерах засцярогі пры купанні, падрыхтаваны знакі, якія вызначаюць межы пляжаў.
Уласнікі пляжаў (камунгас і аддзел па адукацыі райвыканкама) правялі падрыхтоўку пляжаў да купальнага сезона 2021 года.
На згаданых пляжах купанне дазволена і бяспечна.
Якасць вады рэгулярна правяраецца санслужбай. Тут арганізавана работа выратавальных пастоў.
Астатнія вадаёмы лічацца небяспечнымі, купанне ў іх забаронена.
Асвод нагадвае: строгае выкананне мер засцярогі на вадзе – галоўная ўмова папярэджання няшчасных выпадкаў у час адпачынку ля вады, купання.
Віктар ПРЫХАЧ, старшыня раённага савета Асвода.