Малочны майстар-клас ад «Цэнтра». Аператар машыннага даення ААТ «Нача» Ляхавіцкага раёна па выніках 2020 года ў абласным спаборніцтве заняла трэцяе месца

Прозвішча аператара машыннага даення ААТ «Нача» Наталлі Дараневіч (на здымку) неаднойчы гучала сярод лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны аграпрамысловага комплексу Ляхавіччыны. Адпаведна, багатая і скарбонка яе ўзнагарод за прафесіяналізм, адданасць справе. Нядаўна нашай працавітай зямлячцы пакарылася новая вытворчая вяршыня.


Па выніках 2020 года ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Наталля Дараневіч заняла трэцяе месца сярод аператараў машыннага даення з прадукцыйнасцю дойнага статка  ад 6001 да 7000 кілаграмаў малака. Ушанаванне лепшых жывёлаводаў Брэстчыны адбылося напрыканцы  красавіка ў Бярозе.

– Наталля Дараневіч – прыклад адказнасці і надзейнасці ў рабоце. А яна ў яе даволі цяжкая, бо працуе на раздоі, і так ужо 15 гадоў. Трэба мець не толькі спрактыкаванасць, добрыя навыкі, але і індывідуальны падыход да кожнай першацёлкі. І ўсім гэтым Наталля Валер’еўна валодае на выдатным узроўні. Мінулагодні вынік яе работы –
7118 кілаграмаў малака ад кожнай каровы – яскравае пацвярджэнне. І сёлета яна ў лідарах. Яе прозвішча занесена на Дошку гонару нашага прадпрыемства. 
А яшчэ Наталля Валер’еўна, дзякуючы сваёй актыўнасці і неабыякавасці, сапраўдны лідар у калектыве, – адзначае намеснік дырэктара ААТ «Нача» Галіна Рамейка.
У пацвярджэнне слоў – справы. Трэба зрабіць клумбы, добраўпарадкаваць тэрыторыю каля МТФ – без праблем! Наталля Валер’еўна тут жа арганізуе калег – і вось вам прыгажосць і ўтульнасць навокал!
У сельскай гаспадарцы Наталля Дараневіч – чалавек не выпадковы. Вясковае жыццё ёй падабалася, таму і прафесію выбрала адпаведную – атрымала дыплом Ляхавіцкага аграрнага каледжа па спецыяльнасці «агранамія».
– Думала, што буду працаваць у раслінаводстве, аднак 16 гадоў назад тады дырэктар «Начы» Галіна Рамейка прапанавала папрацаваць пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску аператарам машыннага даення. Згадзілася. Тым больш сельгаспрадпрыемства выдзеліла добраўпарадкаваны дом для нашай сям’і. А ўвогуле ў «Начы» я працую з 1998 года, – расказвае Наталля.
Кожную раніцу і пад вечар на веласіпедзе (зімой звычайна пешшу) яна спяшаецца на малочнатаварную ферму «Цэнтр» да сваіх падапечных рагуль. Цяпер «поле» яе клопату – паўсотні цялушак і 18 кароў. Не першы год Наталля Дараневіч у лідарах сярод аператараў машыннага даення гаспадаркі.
– Наша Наталля заўжды гатова падтрымаць, дапамагчы. Яна не толькі вопытны і адказны работнік, на якога можна спадзявацца ў любой сітуацыі, але і шчыры добразычлівы чалавек, лёгка знаходзіць агульную мову з іншымі работнікамі, – характарызуе перадавіка вытворчасці загадчыца МТФ «Цэнтр» Людміла Чарапавіцкая.
Сама Наталля Дараневіч з павагай і пашанай гаворыць пра тых, хто працуе побач. Дружная каманда – так яна называе аператараў машыннага даення Людмілу Ржавуцкую, Ганну Анікеенка, Марыю Шэмет, з якімі шчыруе разам.
– Увогуле ў нас класны калектыў. Ніколі не ўзнікае жаданне змяніць ні прафесію, ні месца, дзе працую. Умовы на МТФ створаны добрыя, можна і адпачыць пасля дойкі – пагаварыць за кубачкам кавы ці гарбаты. Кіраўніцтва гаспадаркі вельмі ўважліва ставіцца да пытанняў аховы працы, ды і клопат пра працаўнікоў важкі, – гаворыць Наталля Валер’еўна.
Прафесійнаму поспеху садзейнічае надзейны тыл дома. Галоўны памочнік і дарадца – муж Ігар Міхайлавіч, які, дарэчы, таксама працуе ў «Начы» электрыкам. Хутка ў сям’і Дараневічаў чакаецца радасная падзея: старэйшая дачка – студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна атрымае дыплом юрыста. Малодшая – сёлетняя выпускніца Начаўскай СШ – толькі выбірае свой шлях у дарослае жыццё.
– Лічу, што па жыцці мне шчасціць. Люблю работу, іду на яе з задавальненнем. Дома чакае мая самая цудоўная сям’я. Нача – прыгожы аграгарадок з цікавай гісторыяй.
У нас спагадлівыя землякі. Хочацца, каб у краіне панавалі мір і згода, каб была дастойная будучыня ў нашых дзяцей і ўнукаў. І кожны з нас сваёй працай, клопатам пра месца, дзе жыве, можа ўнесці сваю часцінку ў агульны дабрабыт, – упэўнена Наталля Дараневіч.
Увогуле, МТФ «Цэнтр», дзе яна працуе, – выдатны прыклад, як трэба весці справу, каб надоі і прывагі былі істотнымі, а людзі зараблялі дастойную зарплату.
– Нягледзячы на рознага кшталту «але», мінулы год для МТФ «Цэнтр» можна лічыць удалым. Ад кожнай з 585 кароў дойнага статка ў сярэднім летась атрымалі больш за 6,6 тысячы кілаграмаў малака, 99,5 працэнта якога прададзена на малочны завод гатункам экстра.
У агульным поспеху – заслуга кожнага з амаль паўсотні членаў калектыву, – падкрэслівае Людміла Чарапавіцкая.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.