Чацвер – дзень назіральны. Карэспандэнт «ЛВ» пабываў у чарговым супрацьпажарным рэйдзе

З пачатку года ў Ляхавіцкім раёне было зарэгістравана  14 пажараў, у якіх загінулі тры чалавекі. Чатыры вогненныя здарэнні адбыліся ў Ганчароўскім сельсавеце, загінуў адзін чалавек. Для таго, каб яшчэ раз нагадаць мясцовым жыхарам правілы супрацьпажарнай бяспекі, у аграгарадок Тальмінавічы адправілася назіральная камісія. Акрамя супрацоўнікаў РАНС, у яе складзе працавалі прадстаўнікі РАУС, ТЦСАН, энерганагляду, сельвыканкама і медработнік. У рэйд адправіўся і карэспандэнт «ЛВ».

– Назіральныя камісіі вядуць комплексную работу. Мы наведваем найбольш уразлівыя катэгорыі насельніцтва і, акрамя праверкі печаў і іншага ацяпляльнага абсталявання, звяртаем увагу, у якіх умовах жыве чалавек, ці патрэбна яму дапамога, можа ёсць унутрысямейныя канфлікты або іншыя скаргі. Тады на дапамогу прыходзяць кампетэнтныя па гэтых пытаннях члены камісіі, – адзначае інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна.

Першы дом на шляху назіральнай камісіі сустракае шчыльным воблакам дыму. Гаспадар нідзе не працуе, злоўжывае алкаголем. Печка ў парадку, але заўвага ад супрацоўнікаў РАНС – прыбраць з яе і каля яе хлам.

– Вы яшчэ працаздольнага ўзросту, чаму нідзе не працуеце? Можа вам патрэбна дапамога ў працаўладкаванні? Звярніцеся ў тэрытарыяльны цэнтр, – прапаноўвае спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ТЦСАН Алена Дзямід.

Мужчына тлумачыць, што мае групу інваліднасці. Алена Дзямід пакінула памятку з усімі кантактамі, каб чалавек мог звярнуцца па дапамогу.

У наступным доме жыве адзінокі пенсіянер. Дома ў мужчыны апавяшчальніка няма, печка ў парадку. Супрацоўнікі РАНС заўважаюць, што вакол шмат попельніц, адна з якіх стаіць каля ложка.

– Курэнне ў ложку – адна з асноўных прычын пажараў. Выклікаўшы тленне, сам недакурак праз некаторы час згасае, але застаецца ўтвораны ім ачаг тлення. У такіх выпадках не агонь можа прывесці да трагедыі, а прадукты гарэння. Усяго тры-чатыры ўдыхі прывядуць да смяротнага зыходу, – нагадала Таццяна Калгушкіна.

Алена Дзямід прапанавала мужчыне паслугі сацыяльнага работніка, які дапамагаў бы яму па гаспадарцы. Аднак вясковец адмовіўся, таму  што па суседстве жыве дачка, якая ва ўсім дапамагае.

– Дапамажыце мне выгнаць яго з дому! – так нашу дэлегацыю сустракае гаспадыня дома па вуліцы Лясной.

Па словах жанчыны, з сужыцелем у яе складаныя адносіны. У сітуацыі абяцае разабрацца супрацоўнік РАУС. Што тычыцца ацяпляльнага абсталявання, то з ім у доме ўсё ў парадку.

У наступным доме, які наведала назіраль-ная камісія, пражывае пенсіянерка Ядвіга Дзям’янаўна. За жанчынай наглядае сын. У камі-сіі было некалькі заўваг: адрамантаваць дзверцы ў печы і прыбраць
рыззё.

На вуліцы Загорнай разам з сынам пражывае пенсіянерка Ганна Казіміраўна. Назіральную камісію жанчына сустракае ветліва. У доме ўтульна і цёпла: печка напалена так, што не дакрануцца рукой. Але ў супрацоўнікаў РАНС некалькі заўваг: па-першае, металічная бляха каля печы зусім прагніла, яе трэба замяніць; па-другое, жанчына пад топкай печы захоўвала дровы, што рабіць забаронена. Да таго ж у доме не ўстаноўлены апавяшчальнік.

Прадстаўнік энерганагляду звярнуў увагу на імправізаваную «вешалку», якую гаспадыня зрабіла з лічыльніка: на ім вісеў світар.

– Занадта ярка свеціць лямпачка, сын і я не можам заснуць ад яе. Таму завешваем чым-небудзь, – патлумачыла гаспадыня дома.

Пасля заўвагі спецыяліста світар яна зняла і абяцала больш нічым лямпачку на лічыльніку не завешваць.

Усяго за гадзіну працы назіральная камісія ў Тальмінавічах пабывала ў 15 дамах. Праблемы, якія былі выяўлены ў ходзе праверкі, застануцца на кантролі.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.