Калі неба ў агні

Пра тое, што навальніца – адна з самых небяспечных прыродных з’яў для чалавека, ведаюць многія. Моцны дождж і шквалісты вецер, град, яркія ўспышкі маланкі і гром – гэта тоіць у сабе сур’ёзную небяспеку.

Работнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадваюць, як неабходна сябе паводзіць, калі падчас навальніцы вы знаходзіцеся на вуліцы.

Па-першае, неабходна пакінуць адкрытую прастору і зайсці ў любы будынак. Не дакранайцеся да сцен. Трымайцеся ўдалечыні ад любых правадоў, не набліжайцеся да маланкаадводаў.

Па-другое, не карыстайцеся мабільным тэлефонам. Не стойце каля высокіх слупоў, ліній электраперадач, дрэў або рэкламных шчытоў.
Майце на ўвазе, што бегаць, ездзіць на матацыкле або роліках ў навальніцу забаронена.

У тым выпадку, калі навальніца напаткала вас у аўтамабілі, трэба спыніць рух, пры гэтым самім варта заставацца ў машыне. Зачыніце вокны, апусціце антэну, заглушыце рухавік і перачакайце прыродную з’яву.

Памятайце, самая вялікая небяспека падчас навальніцы – паражэнне маланкай. Каб пазбегнуць яго, ведайце і выконвайце правілы бяспекі.

Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.