І, канешне, не курыць. 31 мая – Сусветны дзень без тытуню

Пра шкоду курэння ведаюць усе. Але людзей з цыгарэтай убачыць можна ці не паўсюдна: на вуліцах, прыпынках, у пад’ездах…

На Брэстчыне налічваецца больш за восем тысяч аб’ектаў, на якіх курыць забаронена ў заканадаўчым парадку. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў расказаў, што на Ляхавіччыне зонамі, свабоднымі ад курэння, аб’яўлены паркі па вуліцы Дзесюкевіча і каля плошчы Перамогі, сквер з фантанам, 11 прыпынкаў грамадскага транспарту, афіцыйныя зоны адпачынку на вадаёмах, усе ўстановы аховы здароўя, адукацыі.

– Спажыванне тытуню ўносіць свой, не апошні, трэба сказаць, уклад у развіццё хвароб, рост інваліднасці, непрацаздольнасці, смяротнасці, зніжэнне прадукцыйнасці працы. Адпаведна, і барацьба з курэннем стала сёння справай дзяржаўнай важнасці. У нашай краіне заканадаўствам забаронена курыць ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання, на вакзалах, у грамадскім транспарце. І гэта абсалютна правільны падыход, – адзначае Віталій Ціханаў.

Як паведамілі ў РАУС, сёлета фактаў парушэння забароны курэння не выяўлена. Магчыма, проста яны засталіся па-за ўвагай мясцовых міліцыянераў? А вось летась такія прыклады былі.

– Антытытунёвае заканадаўства ўдасканальваецца. Прыняты шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць, накіраваную на барацьбу з курэннем. Забаронены продаж цыгарэт асобам да 18 гадоў, уведзены шэраг абмежаванняў, што датычаць рэкламы, бясплатнага распаўсюджвання цыгарэт, месцаў продажу тытунёвых вырабаў.

Дарэчы, за курэнне, выкарыстанне электронных цыгарэт у неўстаноўленых месцах прадугледжаны штраф у памеры да чатырох базавых велічынь, – гаворыць начальнік аддзялення аховы
правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі.

Галіна КАНЬКО.