Звонкі школьны акорд. Апошні званок прагучаў у суботу ў школах Ляхавіцкага раёна

Урачыстую падзею   з вучнямі і педагогамі СШ № 2 райцэнтра раздзяліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У апошнюю суботу вясны  для больш як 2600 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны залівісты званок абвясціў: школа адпраўляецца ў водпуск.

Здадзены падручнікі, падпісаны дзённікі, закінуты сшыткі. Бывай, 271 дзень навучальнага года.
Свята апошняга званка з узнагародамі і віншаваннямі, падарункамі і пашанай, радасцю і смуткам, развітаннем і чаканнем, смехам і слязамі – такім яно было ў кожнай навучальнай установе.

Прыгожыя ўсе – дарослыя і дзеці. У цэнтры ўвагі тыя, каму выпаў час выпускнікамі звацца – 163 адзінаццацікласнікі і 260 дзевяцікласнікаў. Для іх гэта пара развітання не толькі са школай, настаўнікамі, але і з бестурботным і па-сапраўднаму шчаслівым дзяцінствам.
Раніца. Дзевяць гадзін. Заліты сонечнымі промнямі двор СШ № 2 напоўнены гулам галасоў, навокал шмат кветак, рознакаляровых паветраных шароў, усмешак і добрага настрою. Як заўсёды, хвалююцца настаўнікі і бацькі, весяляцца пачаткоўцы (канікулы пачынаюцца!). Старшакласнікі, хоць і імкнуцца быць сур’ёзнымі, але ўсё ж то тут, то там сваволяць. А вось дзевяцікласнікі і адзінаццацікласнікі крыху разгубленыя ад усебаковай увагі і таму адчуваюць сябе нават няёмка. Рабят, іх бацькоў, настаўнікаў сардэчна павіншаваў з заканчэннем навучальнага года старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Дарэчы, у кожнай навучальнай установе Ляхавіччыны свята апошняга званка са школьнікамі, педагогамі раздзялілі прадстаўнікі органаў улады, шэфскіх арганізацый. Лепшыя з лепшых – выдатнікі вучобы, актывісты грамадскага жыцця, самыя творчыя і таленавітыя атрымалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі. А колькі шчырых, цёплых слоў прагучала ў адрас настаўнікаў, бацькоў.


Асаблівай стала лінейка ў Тальмінавіцкім ВПК. У гэты дзень школьны званок быў апошнім не толькі для пяцёркі тутэйшых дзевяцікласнікаў, але і ўвогуле для гэтай навучальнай установы. Наперадзе ў рабят і іх настаўнікаў – новыя калектывы, новыя сябры, але назаўжды ў памяці ўсё, што звязана з роднай Тальмінавіцкай школай. Затаіўшы дыханне, слухалі віншаванні, адрасаваныя выпускнікам, усім вучням, настаўнікам, бацькам. Колькі цёплых слоў у адрас рабят і настаўнікаў гаварылі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч, дырэктар школы Святлана Арлоўская, настаўнік пачатковых класаў Святлана Ходар, класны кіраўнік Алена Карчэўская, ад імя бацькоў – Марына Бацкалевіч. Давалі наказы ў дарослае жыццё і першаклашкі. І вось зазвінеў школьны званок у лета, і расквецілі блакітнае мірнае неба паветраныя шары ад кожнага з класаў Тальмінавіцкай школы.
Мора кветак, белыя банты, шмат гасцей… Урачыстыя пазыўныя абвясцілі пачатак свята і ў СШ № 1.


У гэты дзень таксама ўручаліся ўзнагароды лепшым.Першакласнікі, якія ў 2031 годзе таксама атрымаюць статус выпускнікоў, жадалі шчаслівай дарогі ў дарослае жыццё.
А яшчэ выпускнікі-2021 станцавалі ўсебеларускі флэшмоб апошняга званка, пасадзілі сваё дрэва ў школьным двары. І вось яно, вызначальна-галоўнае: школа выпускае ў самастойнае дарослае жыццё сваіх выхаванцаў…
Бывай, 2020/2021 навучальны год – насычаны, цікавы, незабыўны. Прывітанне,  лета!
Дарэчы, для адзінаццацікласнікаў і дзевяцікласнікаў  1 чэрвеня пачаліся экзамены. Але гэта – асобная гісторыя.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара, Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з архіва навучальных устаноў.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ