Ляхавіччына:касавіца выпрабоўвае аграрыяў на падрыхтаванасць і адказнасць

Касавіца выпрабоўвае аграрыяў на падрыхтаванасць і адказнасць. У многіх сельгаспрадпрыемствах не ўсе праблемы тэхнічнага характару вырашаны, не хапае механізатараў, а некаторыя проста не спяшаюцца. Між тым, сёлета належыць убраць травы першага ўкосу з 11700 гектараў. Пакуль скошана толькі каля 2000.
Як заўсёды, першымі, поўнасцю падрыхтаванымі да кампаніі, пачалі работы ў СВК «Шлях новы» і «Ляхавіцкі». Гэта гаспадаркі-лідары. У першай ужо ўбрана 35 працэнтаў запланаваных плошчаў, закладзена траншэя сенажу, у другой скошана 25 працэнтаў травяных угоддзяў і закрыта 2 траншэі высакаякаснага корму, прыгатаванага з прымяненнем кансервантаў. Арганізавана, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, ідзе касавіца ў СВК «Дарава», «Канюхі». Толькі пачынаюць кормаўборачную кампанію ў СВК «Жарабковічы» (13 гектараў), «Ліпнянка» (43 гектары). Дарэчы, іменна ў гэтых сельгаскааператывах самыя большыя ўборачныя плошчы — адпаведна 1650 гектараў і 1350 гектараў.
Як зазначае галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, з кожным днём травастой перарастае, яшчэ на корні губляецца якасць будучага корму. Прамаруджванне з тэрмінамі касавіцы бонусаў не прыбавіць. Тым больш, што ў «Ліпнянцы» амаль штогод не хапае нарыхтаваных кармоў для грамадскага статка.
Касавіца касавіцай, але не трэба забывацца, што прыспешваюць і іншыя работы. Напрыклад, догляд за пасевамі, які гэтым часам павінен быць у разгары. Чакаюць хімпраполкі яравыя зерневыя, цукровыя буракі, лён, кукуруза, фунгіцыдную апрацоўку патрэбна правесці на азімых. І тут лідзіруюць сельгаскааператывы «Шлях новы», які завяршыў хімпраполку, і «Ляхавіцкі», дзе гэтыя работы заканчваюцца. Не ўпускаюць спрыяльны момант у СВК «Канюхі». А вось СВК «Жарабковічы» і «Тальмінавічы» ў гэтым час губляецца марна.
Расслабляцца нельга: вопытнае вока агранома павінна вызначыць, на якіх участках хлебнай нівы патрэбна апрацаваць азімыя зерневыя супраць палягання. Надвор’е, што ўсталявалася ў апошні час, сур’ёзна пагражае пасевам.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *