Часцінку душы прысвячаю. Свята вёскі адзначылі ў аграгарадку Малое Гарадзішча Ляхавіцкага раёна

Месцам спаткання далёкага мінулага і дня сённяшняга 17 ліпеня стаў аграгарадок Малое Гарадзішча. Тут разгарнуліся цікавыя падзеі запамінальнага мерапрыемства «Роднаму краю часцінку душы прысвячаю» – свята вёскі.

Вось ужо 15 гадоў, як наша Малое Гарадзішча жыве, працуе, вучыцца, адпачывае ў новым статусе – вёска стала аграгарадком. Для камфортнага пражывання 233 жыхароў створаны ўсе належныя ўмовы: дзейнічаюць ФАП, магазіны, аддзяленне паштовай сувязі, дзіцячы сад–сярэдняя школа, сельскі клуб і бібліятэка.

Многія з аграгараджан завіталі на сёлетняе свята. Шмат добрых слоў у адрас землякоў сказалі старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак, дэпутат сельскага Савета дэпутатаў Галіна Кульбіцкая.

Словы пашаны, падзякі за добрасумленную, адданую працу – руплівым землякам, працаўнікам сельскай гаспадаркі Віктару Кульбіцкаму, Анатолію Лешыку, Анатолію Кароліку, Мікалаю Касабуцкаму, Валерыю Патоцкаму, Ганне Столяр, Кацярыне Кулак, Валерыю Сяргейчыку, Валянціне Карпейчык, Таццяне Кучура, Генадзію Наскаўцу, Васілію Лешыку.

Апладысменты, падарункі – старэйшым аднавяскоўцам Яўгеніі Кудзін і Марыі Каролік, ім споўнілася па 91 году. Не застаўся па-за ўвагай і самы маленькі малагарадзішчанец Кірыл Кірыла, хлопчыку адзін месяц.

Імя ім – мама. Як жа пяшчотна ўшаноўвалі мнагадзетных матуль Аліну Багушэвіч, Алу Самасейка, Ганну Віхноўскую, Тамару Бярнацкую, Эмілію Каласоўскую, якія выхавалі пецярых дзяцей, а таксама прыёмных маці Галіну Кульбіцкую, Кацярыну Захаранкову, Валянціну Зубік.

Натхнёна віталі сямейныя пары, якія адзначылі па 60 гадоў сумеснага жыцця, – Ганну і Іосіфа Віхноўскіх, Марыю і Анатолія Шышкутавых.

Ушаноўвалі і Валерыя Юрчыка, які выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, а таксама ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Івана Юрчыка і Фелікса Цераха.

Вызначаць пераможцаў у наступнай намінацыі заўжды цяжка, бо землякі вельмі рупліва рыхтуюцца да свята,наводзяць парадак на прыдамавых тэрыторыях, пры гэтым столькі творчасці вакол. На гэты раз лепшыя падворкі аказаліся ў Ірыны і Мікалая Касабуцкіх, Тамары і Мікалая Вярбілаў, Ніны Хвайніцкай і Мікалая Трафімчука.

Сапраўдным упрыгажэннем стала выстава народнай творчасці. Шмат станоўчых водгукаў атрымалі вытанчаныя работы Вольгі Бубенчык, Галіны Кульбіцкай і іншых майстрых.

Што ж за свята без музыкі, танцаў і гульняў. Добры настрой аднавяскоўцам стваралі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Малагарадзішчанскага СК і нашы цудоўныя госці – творчы калектыў Свяціцкага СДК.

Каб аграгарадское свята атрымалася сапраўды цудоўным і незабыўным, пастараліся Альхоўскі сельвыканкам, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ПГУП «МішкевічГандаль», Малагарадзішчанскі СК, стараста Малога Гарадзішча Міхаіл Карповіч. Песні над аграгарадком гучалі да апоўначы.

Валянціна КАРПОВІЧ, загадчык Малагарадзішчанскага СК.

Фота з архіва Малагарадзішчанскага СК.