Ад «піянераў» да пенсіянераў. У ЗАТ «Белпрампрыбор» кожны работнік каштоўны, і кожны на сваім месцы стараецца выкладвацца па поўнай

Работы розныя, і іх вельмі многа. Настолькі, што, каб дагадзіць якасці і разумнасці тэмпаў яе правядзення, сельскагаспадарчыя арганізацыі, як правіла, вымушаны ўзмацняцца дадатковымі кадрамі. Гэтыя самыя кадры далёка не заўсёды з’яўляюцца «кадравымі» спецыялістамі – у фармаце збожжаўборачнай кампаніі знойдуцца і работы, якія не патрабуюць глыбокай спецыяльнай падрыхтоўкі. На першае месца тут выходзяць жаданне і ўменне скрупулёзна спраўляцца са сваімі новымі часовымі абавязкамі, не здавацца летняй гарачыні. Разумеючы, што лёгкага хлеба не бывае, спакойна рэагаваць на стомленасць.

Аператар перасоўнай зернесушылкі Іван Некрашэвіч.

Як і любая іншая, праца падчас уборкі гарантуе матэрыяльную кампенсацыю. Бадай, іменна гэта і з’яўляецца асноўным матыватарам таго, што некаторыя і, як правіла, маладыя, людзі бяруць у рукі лапаты-венікі і ідуць, напрыклад, на зернетакі. Гэтую не гарантуючую адсутнасці пылу работу асвоілі браты Назар і Захар Кулакі, а таксама іх школьны і па часовай рабоце «калега» Максім Вайцешык. На зернятоку ЗАТ «Белпрампрыбор» старшакласнікі ў якасці «вартавых» парадку: падлапаціць зерне, прайсціся з венікам на яго вытворчых лакацыях, дапамагчы работнікам, размешчанага непадалёку цэха па размолванні зерня і іншае – няхітрыя, але неабходныя падрады ўваходзяць у кола іх хлебаробскіх абавязкаў. Тут жа і трэці, дакладней, першы з Кулакоў – старэйшы брат Дзяніс, які з’яўляецца штатным «белпрампрыбораўцам».

Назар, Захар, Дзяніс Кулакі і Максім Вайцешык.

Пасля выхаду ў заслужаную адстаўку з пасады намесніка галоўнага бухгалтара «Белпрампрыбора» Тамара Вітко вярнулася на прадпрыемства. На перыяд жніва і ў якасці вагаўшчыка. Ад яе мы даведаліся, што дождж, які непатрэбнай з’явай здарыўся напярэдадні, не дазволіў разгарнуць уборку – камбайны набралі па бункеру пшаніцы і былі вымушаны пакінуць палетак. Што з-за яго ж наступстваў сённяшняя работа для іх пачалася пазней звычайнага і ўжо на палетку з азімым трыцікале.

Старшы камбайнер Мікалай Сокал.

Яшчэ стала вядома, што лепшым на даным этапе жніва вадзіцелем-перавозчыкам ураджаю з’яўляецца Мікалай Бярэзіч, які на сваім МАЗе, па стане на 30 ліпеня, перавёз больш за 650 тон каштоўнага грузу. Гэта лідарская пазіцыя адчувальна пераважвае паказчыкі іншых, складае больш за палавіну ўсяго сабранага на той момант гаспадаркай хлеба.

А тым часам на тэрыторыю зернесушыльнага камплексу ЗАТ «Белпрампрыбор» – чарговае паступленне ўраджаю. МАЗ Мікалая Бярэзіча даставіў на дапрацоўку свежыя 10,6 тоны зерня трыцікале.

– Сёння гэта два першыя намалочаныя бункеры. Убіраць пачалі не з самага ранку – неабходна было даць палям «абветраць», – зазначыў Мікалай і заспяшаўся на свой чарговы «хлебны» круг.

Канешне ж, ёсць у «Белпрампрыборы» і свае лідары сярод галоўных дзеючых асоб жніва – камбайнераў. Экіпаж двух Генадзіяў з пачатку ўборкі намалаціў амаль 800 тон зерня. Лічба, нагадаем, узята на дату 30 ліпеня, і ёсць нагода меркаваць, што тандэм камбайнераў у складзе Генадзія Калбасы і Генадзія Маеўскага шчыльна наблізіўся ці ўжо выйшаў на гросмайстарскія «тысячу тон у бункеры».

Камбайнер Генадзій Маеўскі і старшы камбайнер Генадзій Калбаса.

Маеўскі, дарэчы сказаць, пераквалі-фікаваўся ў камбайнеры на перыяд уборачных работ – прыйшоў са слесараў па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, а вядучы экіпажа Калбаса штодзённа дабіраецца на працу з жарабковіцкай лакацыі.

Сёлетнюю сітуацыю на палях гас-падаркі па зернятку «расклаў» галоўны аграном ЗАТ «Белпрампрыбор» Віктар Канецпольскі:

– Галоўная адметнасць і найбольш уплывовы негатыў палявога сезона-2021 – спёка. На працягу гэтых чэрвеня і ліпеня было 23 дні, калі тэмпература паветра не апускалася ніжэй за 30-градусную адзнаку. Працяглы час без дажджоў не дазволіў коласу як належыць наліцца. Азімыя яшчэ паспелі схваціць, а яравыя ад недавільгаці не дабралі вельмі значна. Адсюль і ўраджайнасць на нашых землях: азімы гектар сыпле ў сярэднім больш за 30 цэнтнераў, у той час як яравы – горшы на трэць і больш.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.