У клас праз кірмаш. «ЛВ» праманіторыў гандлёвыя кропкі Ляхавічаў на прадмет наяўнасці тавараў школьна-садаўскага асартыменту

Зборны школьны марафон на сваім працяглым маршруце абавязкова мае гандлёвыя прыпынкі. Без іх ніяк не абысціся, рыхтуючыся да чарговага навучальнага года. Вось і сёлетнія падрыхтоўчыя клопаты ў многіх сем’ях пачаліся задоўга да першага верасня.

Многія ляхавічане прывыклі падчас школьнага шопінгу затаварвацца ў магазіне райспажыўкааперацыі «Дзіцячы свет «Аліса». Тут з году ў год быў даволі прыстойны асартымент канцылярскіх прылад, партфеляў. Можна было выбраць адзенне для хлопчыкаў і дзяўчынак, абутак – у асноўным беларускіх вытворцаў.

Карэспандэнты «ЛВ», рыхтуючы матэрыял пра падрыхтоўку да навучальнага года неаднойчы чулі станоўчыя водгукі пра даступныя і якасныя тавары, прадастаўленыя ў «Алісе». У другой палове ліпеня звычайна каля «Дзіцячага света», а таксама на перадрыначнай плошчы выстаўляліся і міні-магазіны, дзе прадаваўся школьны тавар…

Сёння карціна куды больш песі-містычная. Днямі на ўваходзе ў дзіцячы магазін пачула гучную размову дзвюх жанчын.

– Зусім выбару няма. Калі такое было – у продажы ўсяго адзін партфель, і той ніякі. Ды і кашуль па пальцах адной рукі пералічыш, – з абурэннем гаварыла адна.

– У Дашы маёй касцюмчыкі з мінулага года засталіся, хацела падабраць новенькія блузкі, дык іх яе памеру зусім няма. Пра абутак і ўвогуле маўчу. Пайду яшчэ на рынак, калі нічога не знайду, давядзецца ехаць у Баранавічы, – не менш узрушана рэагавала яе суразмоўца.

Няўжо на самай справе усё так сумна? І сапраўды, магазін, дзе акрамя дзіцячага асартыменту дабавіўся і дарослы, нават не самага патрабавальнага пакупніка не парадуе асартыментам. Мякка кажучы – слабавата.

І тычыцца гэта адзення, абутку для хлопчыкаў і дзяўчынак, партфеляў і іншых аксесуараў школьніка. Больш-менш ёсць выбар канцылярскіх тавараў, але таксама, як гаворыцца, на аматара.

За каментарыем з першых вуснаў «ЛВ» звярнуўся ў райпо.

– На працягу некалькіх месяцаў магазін «Аліса» не працаваў па прычыне хваробы прадаўца. Адпаведна, не папаўняўся асартымент. Аднак сітуацыю пачалі ўжо выпраўляць. Завозім дзённікі, канцылярскія прылады. Правялі маніторынг асартыменту, вывучылі пакупніцкі попыт, па некаторых пазіцыях вырашылі дакупляць тавар. Па дамоўленасці з абутковай фабрыкай «Нёман» плануем абмяняць частку старых мадэляў на сучасныя. Бялізнавага трыкатажу хапае – быў завоз са «Світанка». Што тычыцца касцюмаў, кашуль, сарафанаў, сукенак, то, канешне ж, будзем паступова абнаўляць асартымент. Дарэчы, параўналі цэны ў нашых магазінах з іншымі раёнамі, адзначу, у Ляхавічах яны ніжэйшыя. Акрамя «Алісы» сабрацца ў школу можна і ў вясковых крамах райпо, з наступнага тыдня пачне працаваць палатка на перадрыначнай плошчы, адпаведны куток з’явіцца і ў павільёне па зніжаных цэнах на рынку, – пракаменціравала сітуацыю вядучы таваразнаўца райпо Вольга Якавенка.

Не забыліся ў райпо пра актуальную сістэму набыцця тавараў у растэрміноўку. Калі купляеце адзенне ці абутак у растэрміноўку на тры месяцы, то гэта будзе растэрміноўка без першачарговага ўзносу. Жадаеце расцягнуць аплату на паўгода – давядзецца заплаціць працэнты. Больш падрабязна па гэтым пытанні вас праінфармуюць у магазіне ці ў райпо.

Уважліва праманіторыўшы гандлёвыя кропкі райцэнтра на прадмет наяўнасці тавараў школьна-садаўскага асартыменту, карэспандэнт «ЛВ» убачыў наступнае. Дастойная прапанова канцылярскіх тавараў – алоўкаў, ручак, фламастараў, фарбаў, сшыткаў, іншай дробязі – у «БелБланку», а таксама ў магазіне «Тры цаны», павільёне канцылярскіх тавараў у «Этажы». Самае неабходнае можна знайсці і ў кіёсках Брэстаблсаюздруку.

– У нашай сям’і двое школьнікаў – шасцікласніца і дзесяцікласнік. Закупкі робім загадзя, пачынаючы з чэрвеня, таксама адкладваем паступова і грошы. Канцылярку звычайна купляем у Ляхавічах, дзецям падабаецца выбіраць у «БелБланку» – там якасны і прыгожы тавар. Бяром і ў «Тры цаны», там танней, дзённікі – у «Алісе». З адзеннем і абуткам складаней – ездзім на рынак у Баранавічы. Ужо купілі дачцэ сарафан, блузку. Абноўкі для сына – напера-дзе, – расказвае ляхавічанка Алена Васільеўна.

Для многіх важна купіць не што-небудзь, а тое, што неабходна ў першую чаргу, а яшчэ не надта дарагое. Таму адказ на пытанне, колькі фінансава каштуюць школьныя гардэроб і партфель, залежыць ад сямейнага бюджэту, асабістых густаў і магчымасцей, пажаданняў і запатрабаванняў дзяцей. І, канешне ж, дарослым пажадана не ехаць у іншыя гарады, а купіць усё ў сваім горадзе ці вёсцы.

Галіна КАНЬКО.