Свята на лыжах. У мінулую суботу ў Ляхавічах адбыліся раённыя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер»

У мінулую суботу адбыліся раённыя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

55 навучэнцаў з 12 уста-ноў адукацыі раёна спаборнічалі ў трох узроставых групах. Юным спартсменам у спрынтарскай гонцы на лыжах неабходна было пераадолець у залежнасці ад узросту ад 1,8 да трох кіламетраў вольным стылем, трапіць у мішэні і даказаць майстэрства ў змешаных эстафетах. Па выніках напружанай барацьбы суддзі вызначылі мацнейшых у асабістым і камандным першынстве ў трох узроставых групах.
Сярод устаноў адукацыі пераможцай прызнана каманда СШ № 2, серабро заслужылі спартсмены Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча.
Першыя месцы ў сваіх узроставых катэгорыях заваявалі навучэнец Востраўскай СШ Іван Саванчук, Аліна Мацюшэнка з Жарабковіцкай СШ, навучэнец Жарабковіцкай СШ Ягор Лук’янчык і Ксенія Жукава з СШ № 2, Максім Мурын і Аляксандра Столяр з Малагарадзішчанскай СШ.
Уладальнікі пераможных месцаў і прызёры ўзнагароджаны граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама.
«Снежны снайпер» – адны з масавых спаборніцтваў, якія не толькі выяўляюць у раёне хуткіх, спрытных і трапных рабят, але і зараджаюць пазітывам, аб’ядноўваюць юных біятланістаў у жаданні перамагчы, а балельшчыкі шчыра падтрымліваюць на фінішы.

Анастасія КАРЧЭЎСКАЯ,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета.