У поўным аб’ёме і ў канкрэтныя тэрміны. Якія меры па асваенні бюджэтных расходаў прымаюцца распарадчыкамі сродкаў у арганізацыях Ляхавіцкага раёна

Якія меры па асваенні бюджэтных расходаў прымаюцца распарадчыкамі сродкаў у арганізацыях Ляхавіцкага раёна па выніках першага паўгоддзя 2025 года – тэма адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама.

Пра стан спраў расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Страмавус.
– Празрыстасць, мэтазгоднасць, эфектыўнасць і адказнасць – асноўныя прынцыпы размеркавання мэтавых бюджэтных сродкаў. Рашэнне аб выдаткаванні бюджэтных сродкаў прымаецца паводле дэталёвага аналізу прадастаўленых праектаў. У першую чаргу такое фінансаванне выдзяляецца на праекты, якія сапраўды адпавядаюць актуальным патрэбам грамадства і здольны прынесці істотную карысць. Таму выдаткаваныя грошы неабходна выкарыстоўваць такім чынам, каб атрымаць максімальную аддачу з мінімальнымі затратамі. Гэта патрабуе дакладнага планавання і кантролю на ўсіх этапах рэалізацыі. Таму адказныя асобы – кіраўнікі арганізацый і службаў, якім выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі на рэалізацыю праектаў, абавязаны рэгулярна трымаць справаздачу аб мэтавым выкарыстанні сродкаў і дасягнутых выніках і кантраляваць стан спраў на падведамасных аб’ектах, – падкрэсліла Ірына Страмавус.
Па даных фінансавага аддзела, сёлета за 6 месяцаў у кансалідаваны бюджэт Ляхавіцкага раёна паступіла 40 191 тысяча рублёў даходаў, ці
111 працэнтаў да ўзроўню паступленняў за аналагічны перыяд мінулага года. Гадавы план па даходах бюджэту выкананы на
43,2 працэнта. Напаўняльнасць бюджэту ўласнымі даходамі склала 50,1 працэнта. Найбольш важкімі крыніцамі паступленняў у бюджэт з’яўляюцца падатак з фізічных асоб і падатак на дабаўленую вартасць, удзельная вага якіх у аб’ёме паступленняў складае 49,5 і 21,9 працэнта адпаведна.
– Бюджэт Ляхавіцкага раёна на 2025 год па расходах зацверджаны ў суме 91 942,1 тысячы рублёў. За 6 месяцаў гэтага года расходы склалі 43 223 тысячы рублёў. На фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязкаў – заработная плата з адлічэннямі, аплата камунальных паслуг, лекавых сродкаў, прадуктаў харчавання і г. д. – накіравана 86,5 працэнта ў агульнай структуры расходаў.

73,5 працэнта бюджэту раёна склалі расходы на сацыяльную сферу. У структуры расходаў бюджэту раёна найбольшую частку займаюць: адукацыя – 39,6 працэнта, ахова здароўя – 23,6 працэнта.
Пры фарміраванні і карэкціроўцы бюджэту 2025 года дадаткова выдаткавана фінансаванне за кошт выкарыстання рэзервовага фонду райвыканкама, міжбюджэтных трансфертаў, абласнога бюджэту, павелічэння плана па ўласных даходах, а таксама за кошт пераразмеркавання сродкаў на рамонт дахаў устаноў культуры і спорту, на рамонт вулічна-дарожнай сеткі горада, на набыццё лекаў і медтэхнікі, на зніжэнне кошту пуцёвак у аздараўленчы лагер «Чайка» дзецям работнікаў бюджэтнай сферы і дзецям з мнагадзетных сем’яў, – пракаментавала Ірына Страмавус.
Гэтым двум аб’ектам устаноў адукацыі даўно патрабаваўся капітальны рамонт. І вось, у рэшце рэшт, сёлета ў чэрвені пачаўся рамонт даху гімназіі і спартыўнай залы СШ № 2. Выдаткаваны бюджэтныя сродкі, зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, выбраны арганізацыі, што займаюцца адпаведнымі работамі і нават праплачаны авансы будаўнічым арганізацыям. Аднак, як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, работы вядуцца з адставаннем ад графіка. Аналагічныя праблемы маюць месца ва ўстановах аховы здароўя і культуры. Да канца ліпеня кіраўніцтву гэтых арганізацый неабходна выпрацаваць комплекс канкрэтных мерапрыемстваў па паляпшэнні сітуацыі і прыняць эфектыўныя меры, накіраваныя на ліквідацыю адставанняў ад планавых заданняў аб’ёмаў асваення бюджэтных расходаў, а таксама ўзмацніць штотыднёвы кантроль за ходам правядзення работ з абавязковым выездам на аб’ект.
Стапрацэнтнае асваенне выдат-каваных бюджэтных сродкаў на знос пустуючых дамоў – задача, што стаіць перад сельвыканкамамі. Па стане на 1 ліпеня з 97 298 рублёў на гэтыя мэты асвоена 71 539 рублёў.
Ірына Страмавус адзначыла, што кансалідаваны бюджэт Ляхавіцкага раёна за 6 месяцаў 2025 года збалансаваны. Пытанне своечасовага і поўнага паступлення даходаў і эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў знаходзіцца на пастаянным кантролі фінансавага аддзела райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.