Паважайце права на супакой! Нялішнім будзе нагадаць пра абавязковыя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да работ, што праводзяцца на могілках
Павага да памяці продкаў – адна з вызначальных адметнасцей беларускай культуры. У тым ліку, яна звязана з навядзеннем парадку як непасрэдна на месцах пахавання родных і блізкіх, так і ўвогуле на могілках.

Згадзіцеся, калі месцы пахавання недагледжаныя, то, у першую чаргу, павінна быць сорамна сваякам памерлых. Гэта іх зона адказнасці – сачыць, каб не зарастала бур’яном магілка, была пафарбавана агаро-джа, не развальваўся помнік. А вось добраўпарадкаванне тэрыторый вакол гарадскіх і вясковых могілак і на іх – клопат КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». На балансе камунальнай службы 65 могілак. Брыгада, якая займаецца добраўпарадкаваннем жалобных месцаў, невялікая. Улічваючы аддаленасць населеных пунктаў, памеры, колькасць аварыйных дрэў, якія неабходна выдаляць, а таксама аб’ёмаў смецця, якое ўтвараецца пасля прыбірання, зразумела, што абслугоўванне могілак – справа дастаткова складаная. Жыхары раёна перыядычна скардзяцца на стан могілак: раскіданае смецце, няскошаную траву, запоўненыя пад завязку смеццем кантэйнеры, паламаную агароджу і г. д. Канешне, пэўная недапрацоўка з боку камунгаса мае месца. Але ж нельга не ўзгадаць яшчэ адзін бок праблемы. Нярэдкія выпадкі, калі самі грамадзяне становяцца аўтарамі безгаспадарчасці. Так, з вонкавага боку агароджы на гарадскіх праваслаўных могілках нехта выкінуў гору старога рубероіду (на здымку). Каля кантэйнераў для збору смецця, усталяваных на могілках, скідваюцца рэшткі старой мэблі, сантэхнікі, зношаныя шыны, будаўнічыя матэрыялы і нават дзіцячыя цацкі. Гэта ў першую чаргу абраза ў адносінах да пахаваных. А яшчэ такія факты гавораць пра адсутнасць культуры ў некаторых землякоў.
Катэгарычна забараняецца
Нялішнім будзе нагадаць пра абавязковыя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да работ, што праводзяцца на могілках. Вырабы з металу (агароджы, столікі, лаўкі) павінны ўстанаўлівацца ў межах участка пахавання і не ўтрымліваць колючых дэкаратыўных упрыгожванняў. На тэрыторыі месцаў пахавання нельга выгульваць сабак ці пасвіць свойскую жывёлу. Пасля правядзення работ тэрыторыю трэба абавязкова прыбраць ад смецця, якое неабходна ўтылізаваць самастойна. Кантэйнеры для цвёрдых камунальных адходаў, устаноўленыя на тэрыторыі могілак, прызначаны для збору рытуальных адходаў і расліннасці, выдаленай з месцаў пахавання. Строга забаронена выкідваць у кантэйнеры ці на пляцоўкі каля іх будаўнічыя ці бытавыя адходы. Пры неабходнасці ўтылізацыі будаўнічага смецця, трэба звярнуцца ў камунгас, які займаецца вывазам і ўтылізацыяй такога кшталту адходаў. Дарэчы, за несанкцыянаванае размяшчэнне смецця прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па частцы 3 артыкула 15.44 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях: штраф у памеры да 30 базавых велічынь фізічнай асобе, да 100 БВ – індывідуальнаму прадпрымальніку, да 1000 БВ – юрыдычнай асобе.
Правілы для таго, каб іх выконваць
Правілы ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання прапісаны ў пастанове № 17 ад 10.06.2016г. Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. У пункце 39 Правілаў прадугледжана, што асобы, якія ўзялі на сябе функцыю пахавання, устаноўкі надмагільнага збудавання, павінны самастойна, за кошт уласных сродкаў сачыць за захаванасцю калумбарных нішаў і плітаў, своечасова праводзіць іх рамонт ці аднаўленне, афарбоўку, замену ў выпадку разбурэння, выконваць работы па ўборцы месцаў пахавання, расчыстцы праходаў паміж участкамі для пахавання, выдаленні аб’ектаў расліннага свету з участкаў для пахавання і праходаў паміж імі і іншае. Такім чынам, касіць пустазелле, прыбіраць праходы паміж магіламі, наводзіць парадак непасрэдна на месцах пахавання павінны родныя ці блізкія пахаваных.
А што тычыцца пакосу травы ў месцах агульнага карыстання – на пешаходных дарожках, газонах, пляцоўках, аўтамабільных паркоўках – то, згодна з пунктам 35 Правілаў, гэта абавязкі арганізацыі, на чыім балансе знахо-дзяцца могілкі. Работнікі камунгаса рэгулярна праводзяць маніторынг санітарнага стану могілак, у тым ліку і для выяўлення аварыйна-небяспечных і сухастойных дрэў. Па выніках аглядаў прымаюцца рашэнні аб выдаленні такіх дрэў.
Канешне, у ідэале хацелася б, каб усе ўчасткі пахаванняў былі дагледжаны, уладкаваны, а наведвальнікі могілак не дзялілі прастору паміж магілкамі на сваю і камунгасаўскую. Даводзіцца канстатаваць: нямала месцаў пахавання на гарадскіх і вясковых могілках застаюцца закінутымі на працягу многіх гадоў і нават дзесяцігоддзяў, надмагільныя збудаванні старэюць і разбураюцца, а замест агароджы – высокі бур’ян. Гэта праблема не тычыцца нормаў заканадаўства, а знаходзіцца ў сферы агульначалавечых маральных каштоўнасцей.
Наталля МАСЛОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.

