Натура – творчая, жыццёвая пазіцыя – актыўная. Калі ў пошукавым радку на сайце ці ў тэлеграм-канале «Ляхавіцкага весніка» ўвесці «Вечарніца», адразу выпадае доўгая стужка навін

Калі ў пошукавым радку на сайце ці ў тэлеграм-канале «Ляхавіцкага весніка» ўвесці «Вечарніца», адразу выпадае доўгая стужка навін пра народны ансамбль гумару і песні Навасёлкаўскага СДК. «Вечарніца» пракладвае творчыя маршруты, віншуе ваеннаслужачых канцэртнай праграмай, запрашае зямлячак на святочны канцэрт, ушаноўвае хлебаробаў песняй. Калектыў удастоены дыплома лаўрэата I ступені VI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Вёска Fest – 2025». У гасцях у «Вечарніцы» пабываў трэвел-праект АНТ «Белыя Росы». А яшчэ гэты вясковы калектыў радаваў сваёй творчасцю гасцей і ўдзельнікаў выстаўкі дасягненняў Беларусі «Мая – Беларусь»… Тыдзень назад на рэспубліканскім фестывалі народнага гумару «Аўцюкі» творчы тандэм «Вечарніцы» і тэатра мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК адзначаны дыпломам II ступені. І гэта толькі некалькі фактаў з маштабнай творчай біяграфіі нашых таленавітых землякоў.


Кіраўнік калектыву і загадчык Навасёлкаўскага СДК Таццяна Пішч – асоба, у добрым сэнсе, неспакойная і з кіпучай энергіяй, якую дапаўняюць актыўная грамадзянская пазіцыя і жаданне ўсюды паспець.
Самадзейныя артысты пастаянна пашыраюць праграму выступленняў яркімі нумарамі. Не злічыць дыпломаў і званняў «Вечарніцы» ў творчых конкурсах, выступленняў на разнастайных пляцоўках і не толькі канцэртных. «Вечарніцу» актыўна запрашаюць на тэлебачанне: засвяціліся ў здымках сацыяльнага шоу «Народны ГОСТ», сямейна-музычнага шоу «Добры вечар» і іншых, а яшчэ – на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
Сваім жыццём і падзеямі ў ім Таццяна Пішч пацвярджае: каб адбыцца ў прафесіі, не трэба ехаць за блізкім светам. Паспяховым можна стаць і там, дзе нарадзіўся. Родам яна з Падлесся, а месца свайго жыхарства – Навасёлкі – лічыць аграгарадком будучыні.
Музыкай Таццяна захапілася яшчэ ў дзяцінстве, любоў да песні перадалася ад бабулі і бацькі, які спяваў у Падлескім народным хоры і браў дачку на рэпетыцыі. Знакаміты кіраўнік хору Генадзь Цітовіч некалі прадказаў, што таленавітая дзяўчынка абавязкова
будзе артысткай. Так і атрымалася.
Стартам на шляху да ўдзячнага гледача стаў дыплом музычна-педагагічнага кале-джа. У культуры Таццяна Пішч з 1988 года. Амаль тры дзесяцігоддзі спалучала працу ў Навасёлкаўскім СДК з дзейнасцю музычнага кіраўніка ў мясцовым дзіцячым садзе. Яе творчаму натхненню і дзецішчу – «Вечарніцы» – сёлета 35 гадоў. І гэта толькі пачатак, зазначае Таццяна і шчыра дзякуе ўсім, для каго творчы калектыў быў сэнсам жыцця і хто сёння называе «Вечарніцу» сваёй.
– Творчасць – неад’емная частка маёй душы і сэрца. Нават калі займаюся агародна-садовымі справамі, у галаве распрацоўваю сцэнарый будучага мерапрыемства. Мяне цікавіць жыццё ва ўсіх яго праяўленнях, прыцягваюць новыя адкрыцці і перспектывы. Імкнуся ўдасканаліць навакольнае асяроддзе, падфарбаваць яркімі фарбамі шэрае жыццё, унесці ў яго навізну, адкрыць людзям вочы на зусім не прыкметныя рэчы, якія могуць мець немалаважнае значэнне ў кругавароце жыцця, – дзеліцца Таццяна Пішч.


У творча-выканаўчым працэсе і муж Іван з сынам Аляксандрам.
Аляксандр і падчас нядаўняй службы ва Узброеных Сілах не развітваўся з песняй і выступаў у вакальнай групе «Бясконцасць» 8-й радыётэхнічнай брыгады г.Баранавічы. Пасля выканання канстытуцыйнага абавязку вярнуўся ў Маладзёжны тэатр эстрады ў Мінск, але, калі сям’я кліча, ён абавязкова ўключае ў свой графік артыста і выступленне з «Вечарніцай». Сын для мамы – аўтарытэтны эксперт і кансультант, і яго творчыя парады вельмі важкія не толькі для роднага чалавека, але і для ўсяго народнага ансамбля. Муж Іван – музыкант, кампазітар, у калектыве акампаніятар. Ён заўсёды адабрае ўсе задумы сваёй палавіны. Менавіта яго падтрымка дапамагае Таццяне спраўляцца і з грамадскімі клопатамі. Таццяна Аляксееўна – дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў і стараста аграгарадка Навасёлкі, вёсак Пранчакі і Станчыкі. І, дарэчы, пры яе нераўнадушным удзеле многія вясковыя праблемы зняты з парадку дня.
З мінулага года пералік абавязкаў Таццяны Пішч значна пашырыўся – яна абрана дэлегатам Усебеларускага народнага сходу і прымала ўдзел у яго рабоце.
– У мяне заўсёды актыўная грамадзянская пазіцыя. Не магу прайсці міма непарадку і безгаспадарчасці, шчыра імкнуся дапамагчы сваім землякам вырашыць іх праблемы, а таксама жадаю падняць настрой цудоўнай песняй ці цікавым мерапрыемствам. Быць дэлегатам УНС – ганарова і адказна! У першую чаргу, перад сваімі землякамі і ўсімі ляхавічанамі, сваёй сям’ёй і краінай. У вырашэнні лёсавызначальных пытанняў, якія дапамагаюць нашай любімай Беларусі стабільна развівацца, захоўваць мір і спакой, прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў і розных прафесій, – адзначае дэлегат УНС Таццяна Пішч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.





