Пейзажы вуліцы Кастрычніцкай. У рэйд па адной з самых працяглых вуліц Ляхавічаў – Кастрычніцкай

У мінулы аўторак у сумесны рэйд па адной з самых працяглых вуліц райцэнтра – Кастрычніцкай – адправіліся супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, землеўпарадкавальнай службы, райЦГіЭ, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі, рэдакцыі «ЛВ». Не так даўно вуліца «апранулася» ў асфальт і атрымала значна больш шанцаў выглядаць добраўпарадкаванай. Як на справе – і высвятляў рэйд.

1

Пачнём з прыемных момантаў. Аўтар аднаго з іх – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Камунальнікі літаральна ў гэты дзень раніцай высадзілі каля дзясятка туй, якія ўдала дапоўнілі гарадскі пейзаж на Кастрычніцкай.
Руплівыя і дбайныя – так можна ахарактарызаваць гаспадароў многіх прыватных сядзіб: агаро-джа акуратная, вакол падкошана, чыста. Але ёсць адрасы і з супрацьлеглай карцінай. Двор дома № 153 «патанае» ў высокім яшчэ мінулагоднім пустазеллі. Гэта не толькі не эстэтычна, а яшчэ і небяспечна. Як адзначыў інжынер РАНС Дзмітрый Новік, дастаткова адной непатушанай запалкі ці недакурка – і быць пажару. Праз некалькі дамоў рэйдавая група натрапіла на паўразвалены, зарослы травой драўляны люк каналізацыі каля ускрайку дарогі (фота 3).
Гаспадар дома № 136 яшчэ ў працаздольным узросце і, напэўна, яму па сілах навесці парадак на прыдамавой тэрыторыі, разабраць вэрхал з паддонаў. Пра абавязак зрабіць гэта яму напомніць пісьмовае папярэджанне.

2


Бруд, зараснікі хмызняку, складзіраванне адходаў, разваленыя гаспадарчыя пабудовы – такую карціну давялося ўбачыць на вялікім участку паміж дамамі № 131 і 139 (фота 1), № 104 і 108, у апошнім выпадку ў дадатак яшчэ і паўразбураны калодзеж (фота 2), куды і зваліцца можна.
– Гэта не толькі бяда, праблема Кастрычніцкай, такія ўчасткі ёсць і ў райцэнтры, і ў сельскіх населеных пунктах. У іх ніхто не жыве, але гаспадары па дакументах ёсць. Па базе даных можна ўстанавіць гаспадара любога домаўладання незалежна ад таго, зарэгістраваны ён па ўказаным адрасе ці па іншым месцы. Задача спецыялістаў нашага аддзела ў такім рэйдзе – дапамагчы ўстанавіць уласнікаў пабудоў, – адзначае начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская.

3


Аб’язная дарога раздзяляе Кастрычніцкую. Па адзін бок па-гаспадарску ўладкаваны дом, двор, агароджа. Насупраць – разваленая агароджа, ды і ў двары неўладкавана. Кастрычніцкая,99: двор прыбраны, а вось каля агароджы з боку вуліцы гара з пяску і гравію, відаць, што даўняя, бо зарастае пустазеллем.
– У такіх выпадках выдаём пісьмовае папярэ-джанне з патрабаваннем у двухтыднёвы тэрмін ухіліць выяўленыя парушэнні і прыбраць тэрыторыю, – адзначае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч. Менавіта такое прадпісанне атрымалі гаспадары яшчэ трох домаўладанняў.
Нежылыя дамы, якія выпадаюць з поля зроку іх гаспадароў ці ўласнікаў, па словах участковага інспектара РАУС Віталія Малевіча, прывабліваюць грамадзян з асацыяльнымі паводзінамі, людзей без пэўнага месца жыхарства. Узрастаюць верагоднасць супрацьзаконных дзеянняў і пажарная небяспека. Так што не варта надоўга пакідаць
нежылыя дамы без нагляду. А парадак патрабуецца любому дому – жылому ці часова пустуючаму.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара