Пра станоўчы «Сігнал» і недабудаваны «Будаўнік». Маніторынг чысціні закрануў гаражныя тэрыторыі ў Ляхавічах

Гаражы для многіх ляхавічан – гэта не толькі «дом» для аўтамабіляў, але і складское памяшканне, міні-майстэрня. І калі непасрэдна ў гараж зазірнуць не дазваляецца – прыватная ўласнасць, то тэрыторыю вакол яго без праблем можна ўбачыць.

У Ляхавічах сем гаражных масіваў і шэсць кааператываў. Іх стан на пастаянным кантролі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, цікавяцца ім спецыялісты аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, «ЛВ» не абыходзіць увагай падчас рэйдаў па добраўпарадкаванні. Большасць тых, чыя гаражная гаспадарка трапіла ў фотааб’ектыў у адмоўным ракурсе, пасля заўваг становішча выпраўляла. Але, не ўсе.
У мінулую пятніцу сумесны рэйд супрацоўнікаў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і  ЖКГ райвыканкама, райЦГіЭ і раёнкі прайшоў літаральна па ўсіх гаражных забудовах горада.
– Стан добраўпарадкавання маніторым пастаянна. Пры выяўленні парушэнняў выдаюцца рэкамендацыі па іх ухіленні – калі гэта масіў, то жылкамунгасу, калі кааператыў, то старшыні, – тлумачыць памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Першы на маршруце гаражны масіў па завулку Пушкіна.
Каля некаторых пабудоў зараснікі, якія даўно час пакасіць (фота 1). Аналагічная карціна то тут, то там у масіве па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка. Яшчэ нядаўна на гэтым месцы ўзвышаўся несанкцыянаваны сметнік, камунгас яго знішчыў. Цяпер новая праблема – вышыня пустазелля хутка дасягне росту чалавека (фота 2).
І ўвогуле, крапівы тут столькі, што можна заняцца зборам лекавых раслін.
– Спецыялісты нашага аддзела, супрацоўнікі санітарнай службы сярод лепшых у плане навядзення і падтрымання парадку называюць у райцэнтры гаражныя кааператывы «Сігнал» па вуліцы Чкалава, «Поспех» па Першамайскай, «Аўто-2009» па Юбілейнай. Заўсёды чыста, прыбрана, трава падкошваецца. І нават калі атрымліваюць нейкую заўвагу ў плане навядзення парадку, адразу вырашаюць праблему. Канешне, з кааператывамі прасцей, там ёсць старшыня, які трымае сітуацыю на кантролі. Чаго не скажаш пра масівы, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
У пацвярджэнне сказанага –  аптымістычны настрой у рэйдавай групы пасля наведвання «Поспеху»: парадак у тутэйшых дбайных гаспадароў у павазе, самі не смецяць і іншым не дазваляюць. Уразіла са станоўчага боку ўбачанае ў апошнім радзе гаражнай забудовы па вуліцы Южакова. Агароджа, лавачка пафарбаваны ў яркія колеры, вакол кветкі і чысціня (фота 3). Аўтар такога добраўпарадкавання – Ігар Дарэўскі. Ёсць чаму павучыцца тым, чые гаражы знаходзяцца  ў дзясятым радзе: паміж некаторымі якога толькі бруду няма…
Далей гаражная забудова зноў па вуліцы Южакова – каля магазіна «Усходні». Частку тутэйшых праблем ствараюць жыхары бліжэйшых шматкватэрнікаў; раз-пораз выносяць смецце з кватэр пад гаражы. І хоць камунальнікі пастаянна яго вывозяць з гаражных масіваў, месца з незайздросным пастаянствам зноў забруджваецца. Праўда, калі працавала рэйдавая група, на кантэйнернай пляцоўцы было чыста, а вось побач – зноў бардак: нехта прывёз і выкінуў спілаваныя галінкі дрэў, тут жа рэшткі будматэрыялаў. Зараснікі паміж пятым і шостым, шостым і сёмым гаражнымі радамі. І завяршаюць змрочны пейзаж безгаспадарчасці малыя архітэктурныя формы, якія прадугледжваліся калісьці ў якасці міні-клумбаў, а цяпер іх аблюбавала пустазелле.
– Правялі работу над памылкамі і стараюцца падтрымліваць парадак: падкошана, падфарбавана, на дарозе паміж пабудо-
вамі няма ніякіх непатрэбных прадметаў і рэчаў, – гаворыць Данута Багдановіч пра гаражны кааператыў па вуліцы Чкалава.
Масіў па вуліцы Юбілейнай бадай самы вялікі ў райцэнтры. Асаблівага шыку-бляску няма, аднак відаць, што аўтааматары парадак наводзілі: пазрывалі пустазелле, падфарбавалі дзверы, павывозілі смецце. Але не ўсе. Каля некаторых гаражоў сапраўдныя сметнікі са старых дошак, шыферу, поліэтылену і г. д.
Відавочна, што з’явіўся гэты вэрхал не сёння і не ўчора…
Узвядзенне гаражнага кааператыва «Ляхавіцкі будаўнік»
ПМК-13 пачало ў 2010 годзе, хоць і няспешна, але яно вялося, а потым на стадыі сцен для многіх і завяршылася. Недабудаваныя «кватэры для аўто» пазарасталі пустазеллем, дзе-нідзе бяруцца ў рост і дрэвы, побач горы пяску, на якіх пусцілі парасткі кусты; кучы з рэшткаў будматэрыялаў і старых шын (фота 4). Насупраць кааператыў «Аўто-2009», арганізаваны на год раней, там справы ідуць куды лепш.
Пад’язджаючы да гаражнага масіву па вуліцы Арлоўскага, спадзяваліся, што, нарэшце, і тут усё даведзена да толку. Сапраўды, стала значна чысцей. Але, на жаль, яўна ў агульную карціну са знакам плюс не ўпісваецца кастрышча з рэшткамі нядаўняга пікніка. Крыху далей – ужо тэрыторыя кааператыва «Дамкрат-2011».
– Большасць гаспадароў імкнецца тэрыторыю трымаць у парадку. Кааператыў разлічаны на 99 «кватэр», прыкладна ў трэцяй частцы ўжо завершана будаўніцтва, і аб’екты эксплуатуюцца. Вакол прыбрана, відаць, што клапоцяцца пра знешні выгляд, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Алена Міклашэвіч.
Са сказаным Данута Багдановіч згаджаецца, але ёсць у яе слушная заўвага:
– Неаднойчы сутыкаемся з такой сітуацыяй: узведзены сцены гаража, у некаторых ёсць нават і дах, а ўнутры ўсё зарасло хмызняком, плюс бардак. Хаця, трэба аддаць належнае, апошнім часам стан спраў у гаражным кааператыве «Дамкрат-2011» па Арлоўскага памяняўся да лепшага.
Парадак павінен быць паўсюдна. І тым, хто яшчэ не паспеў прыбраць тэрыторыю вакол сваіх дамоў  і гаражоў, не варта чакаць, пакуль снег прыкрые безгаспадарчасць.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

1
2
3
4