Лета з мядовым смакам. Ляхавічанін Сяргей Мінец пра пчол і мёд, здаецца, ведае ўсё, прычым у падрабязнасцях

У Каменцы над пчальніком агракаледжа пануе мажорны «мікраклімат», галоўная нотка якога – водар дымку, узмоцнены гарачым летнім сонцам. У пчалінай гаспадарцы – некалькі дзясяткаў вулляў. Кіруе працэсам здабычы гаючага прыроднага эліксіра загадчык лабараторыі «Вучэбны пчальнік» Сяргей Мінец. Ужо 22 гады Сяргей Казіміравіч – галоўны ў каледжы медазнаўца. Пра пчол, мёд, ён, здаецца, ведае ўсё, прычым у падрабязнасцях. І такая дасведчанасць не дзіўная. Сяргей Мінец – пчаляр у пятым пакаленні.

– Усё пачалося з майго прапрадзеда. Сам з дзяцінства дапамагаў спачатку дзеду, потым бацьку ў Клецкім раёне. Пчалярствам займаюся не толькі на рабоце, але і дома. Многія лічаць, што людзі, якія нарыхтоўваюць мёд, павінны любіць ласавацца такім прадуктам. Гэта дакладна не пра мяне. Хаця раз ад разу магу і з’есці лыжку-другую. Па мне самы смачны – свежы мёд, толькі выкачаны, – адзначае Сяргей Мінец.

Першую сёлетнюю партыю бурштынавай смакаты ў каледжы пачалі качаць у ліпені. І за некалькі тыдняў назапасілі 180 кілаграмаў духмянага і карыснага прадукту. Ён адразу фасуецца ў тару і прадаецца праз касу агракаледжа. Пакупнікоў шукаць не трэба, слава пра каледжскі мёд ідзе даўно. Акрамя таго, напэўна, будуць прадаваць такі запатрабаваны прадукт і на восеньскіх кірмашах.

– Вельмі добры ўраджай. Летась за два медазборы мелі менш, чым у гэтым годзе за адзін.Па-першае, надвор’е аказаласявыдатным. Акрамя таго, пчаліныя сем’і своечасова пралечаны, для крылатых працаўніц была забяспечана добрая зімоўка, а вясной – падкормка, –
расказвае сакрэты пчаляр.

Дарэчы, на год адной пчалінай сям’і (а сёлета іх на каледжскім пчальніку 13) патрабуецца каля 35 кілаграмаў пыльцы, таму важна
забяспечыць насякомых належнай сыравіннай базай, каб вакол былі сады, паркі, палі з рапсам, грэчкай, участкі з фацэліяй.

– А яны вас не кусаюць? – сотні разоў чуў у свой адрас гэта пытанне Сяргей Мінец і ад тых, хто бачыць яго за справай, і ад тых, хто ведае, чым майстар займаецца. Адказ аднолькавы для ўсіх:

– Канешне, не! Мы разумеем адзін аднаго. Дарэчы, укус пчалы гаючы, пры ўмове, што ў чалавека няма алергіі. Так што праца на пчальніку не толькі любімая мною, захапляльная, патрэбная, але і ўмацоўвае здароўе, – гаворыць вопытны пчаляр.

Ён адзначае, што пчолы, як і людзі, маюць свой характар – бываюць добрыя і злосныя, і з кожнымі трэба навучыцца ладзіць. Нарыхтоўкай мёду ў Ляхавіцкім раёне таксама займаюцца лясгас, СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача», пчаляры-аматары. Так што, напэўна, без мёду землякі не застануцца. А асвяціць гаючы прадукт можна на
Мядовы Спас, які ў праваслаўных вернікаў адзначаецца па царкоўным календары  14 жніўня.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.