Камунальныя прыярытэты.На ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама адно з пытанняў парадку дня датычылася вынікаў работы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»

Жыллёва-камунальная тэматыка – бадай асноўная, якую ўздымаюць у сваіх зваротах жыхары Ляхавіцкага раёна. І гэта не дзіўна. Літаральна штодня кожны з нас так ці інакш сутыкаецца з работай камунальнікаў. Карыстаемся водазабеспячэннем і каналізацыяй, ходзім па чыстых вуліцах, ездзім па адрамантаваных дарогах, зімой дамы і кватэры ацяпляюцца… Бытавое абслугоўванне, парадак на прыдамавых тэрыторыях – таксама зона адказнасці камунгаса.

На ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама адно з пытанняў парадку дня датычылася вынікаў работы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» па выкананні паказчыкаў, паляпшэнні якасці прадастаўляемых паслуг, павышэння якасці работы з насельніцтвам.

Заданні і рэальнасць

Размова адбылася па сутнасці, даволі выніковая і канструктыўная.

Падрабязна на выніках работы Ляхавіцкага камунгаса спынілася начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская. У прыватнасці, яна адзначыла, што для ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» вызначаны мэтавыя паказчыкі падпраграм.

Так, пры заданні не вышэй за 9,8 працэнта фактычныя страты ў цеплавых сетках ЖКГ склалі сёлета за шэсць месяцаў 9,6 працэнта. І гэта на 0,8 працэнта ніжэй у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Марына Завадская звярнула ўвагу кіраўніцтва камунгаса на тое, што варта вярнуцца да разгляду пытання выкарыстання для кацельняў тарфяных брыкетаў, што можа садзейнічаць зніжэнню сабекошту цеплавой энергіі.

– У Ляхавіцкім раёне неабходна было ў другім квартале ўвесці пяць тысяч квадратных метраў жылля пасля капітальнага рамонту. Што і зроблена – гэта дом № 21 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. На гэты аб’ект сёлета было накіравана 664,6 тысячы рублёў, з якіх больш за 414 тысяч – сродкі мясцовага бюджэту, астатняе – адлічэнні грамадзян, – падкрэсліла Марына Завадская.

Каб знізіць выдаткі на камунальныя патрэбы, прадугледжана мадэрнізацыя цеплатрас і кацельняў. У бягучым годзе з даведзенага задання па пракладцы 2,1 кіламетра сетак водазабеспячэння і 0,6 кіламетра сетак водаадвядзення на пачатак лета выканана  1,3 і 0,3 кіламетра адпаведна. З запланаваных 3,1 кіламетра цеплавых сетак заменена 1,7 кіламетра.

Чакаюцца сёлета і змяненні ў кацельнай гаспадарцы. Будзе пераведзена на мясцовыя віды паліва гарадская кацельня па адрасе вуліца Чкалава,5, якая дае больш за палову цеплаэнергіі па ЖКГ. Пачатак работ запланаваны на жнівень 2021 года. 

Праводзяцца будаўніча-мантажныя работы па ўзвядзенні станцыі абязжалезвання ў аграгарадку Малое Гарадзішча, наперадзе аналагічны аб’ект у Дарава-Чыж.

Важны ўчастак работы ЖКГ – збор і ўтылізацыя камунальных адходаў. Прыярытэтнымі напрамкамі з’яўляюцца выкананне задання па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, укараненне кантэйнернай сістэмы збору адходаў у кожным індывідуальным домаўладанні, мадэрнізацыя вытворчасцей па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў, скарачэнне колькасці міні-палігонаў. Па словах Марыны Завадскай, кіраўніцтва Ляхавіцкай ЖКГ прымае не вычарпальныя меры па выкананні даведзеных заданняў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Быў шанц паправіць сітуацыю, як гаворыцца, тут і цяпер, калі праводзіўся раённы месячнік па зборы другаснай сыравіны. Праўда, ні камунгас, ні яшчэ адзін аператар – райпо, не паспяшаліся арганізаваць акцыі, конкурсы сярод насельніцтва для больш актыўнага ўдзелу землякоў у месячніку.

Сярод станоўчых момантаў у рабоце жылкамунгаса дакладчык назвала рэнтабельнасць продажу – за пяць месяцаў 2021 года паказчык склаў 5 працэнтаў пры заданні на паўгоддзе 3,5 працэнта (гэта ключавы паказчык работы прадпрыемства ў цэлым). Павялічыліся выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг на 22,2 працэнта і прыбытак ад рэалізацыі на 41,9 працэнта адпаведна. Чысты прыбытак павялічыўся ў 8,8 раза.

Разам з тым, Марына Завадская акцэнтавала ўвагу на пагаршэнні фінансавага стану камунальнага прадпрыемства. Асноўнымі прычынамі названы ўпушчэнні ў арганізацыі асобных вытворчых і гаспадарчых працэсаў. А менавіта – выкананне рамонтна-будаўнічых работ з перавышэннем устаноўленых тэрмінаў, павелічэнне амаль удвая дэбіторскай запазычанасці. Ніжэй расходаў даходы па сартавальна-нарыхтоўчай дзейнасці, вырабе жалезабетонных канструкцый і пластыкавых вокнаў, добраўпарадкаванні.

Указана на неабходнасць больш сістэмна працаваць над зніжэннем дэбіторскай запазычанасці. Важны аспект: запазычанасць юрыдычных асоб за камунальныя і іншага кшталту паслугі, што аказвае Ляхавіцкая ЖКГ, скарарацілася ў параўнанні з пачаткам гэтага года на 148 тысяч рублёў.

З насельніцтвам супрацьлеглая сітуацыя: пратэрмінаваная запазычанасць перад камунгасам вырасла.

Былі адзначаны і іншыя як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ў рабоце жылкамунгаса па акрэсленых тэмах.

На што скардзяцца грамадзяне

Статыстыка сведчыць: 73 звароты (40 працэнтаў ад агульнай колькасці), што паступілі ад жыхароў Ляхавіччыны ў райвыканкам, звязаны з пытаннямі, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі жыллёва-камунальнай службы. У вышэйстаячыя дзяржорганы ад землякоў паступіла 11 прапаноў, скаргаў, заяў па камунальнай тэматыцы. Яны датычыліся неадпаведнасці тэмпературнага рэжыму ў кватэрах, вывазу бытавых адходаў, водазабеспячэння і г. д.

Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Гачко расказала, што ў бягучым годзе мелі месца станоўчыя прыклады вырашэння жыллёва-камунальных пытанняў. Сярод названых – капітальны рамонт дамоў № 5 па завулку Южакова, № 12 і № 21 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. Пабудаваны станцыі абязжалезвання ў Задвор’і, Востраве, Тальмінавічах. Завяршаецца капітальны рамонт гарадскіх вуліц Першамайскай, Мінскай.

Аднак, як заўважыла Наталля Гачко, маюць месца факты фармальнага падыходу да зваротаў грамадзян, з боку службовых асоб камунгаса даюцца неабгрунтаваныя адказы, непрапрацаваныя абяцанні, якія не выконваюцца. Пераносяцца тэрміны работ як па аб’ектыўных прычынах, так і ў сувязі з неналежнай якасцю выконваемых работ. Пачасціліся звароты грамадзян, у якіх указваецца на бяздзейнасць Ляхавіцкай ЖКГ па добраўпарадкаванні тэрыторый пасля выканання прадпрыемствам рамонтных работ. Такія скаргі паступалі ад жыхароў Задвор’я, Ляхавічаў, Ганчароў. Работы над памылкамі пачаліся толькі пасля таго, як незадаволеныя землякі са сваімі праблемамі звярнуліся за дапамогай у райвыканкам.

– З пачатку года назіраецца нездавальняючая работа камунгаса па вывазу смецця з кантэйнерных пляцовак, што пацвярджаецца скаргамі грамадзян у райвыканкам і ў вышэйстаячыя органы. Сёлета ў красавіку такога кшталту электронны зварот паступіў у Брэсцкі аблвыканкам ад жыхароў Задвор’я. У ім указвалася, што кантэйнеры для бытавых адходаў перапоўнены, таму людзі складзіруюць пакеты са смеццем побач з кантэйнерамі, пакеты сабакі расцягваюць па акрузе, вецер разносіць па наваколлі. Праз два дні, як інфармацыя трапіла ў райвыканкам, з Ляхавіцкай ЖКГ прыйшло паведамленне, што з вёскі вывезена пяць прычэпаў смецця. А ўсё камунгасу можна было зрабіць адразу, як толькі атрымалі адпаведны запыт ад вяскоўцаў. Аналагічны зварот у аблвыканкам адправілі і жыхары Дарава-Чыж, – гаворыць Наталля Гачко.

Нямала пытанняў і да работы спецыялістаў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», якія выконваюць адміністрацыйныя працэдуры. Як паведаміла Наталля Гачко, выяўлены шэраг парушэнняў пры выкананні працэдуры «Спісанне пені грамадзянам, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасць па аплаце за ЖКП і плаце за карыстанне жылым памяшканнем».

Такім чынам, як адзначана ў рашэнні райвыканкама, работа КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» з насельніцтвам патрабуе далейшага ўдасканалення.

Шукаць выйсце і знаходзіць

Пра даведзеныя заданні, планы, зробленае і недапрацоўкі гаварыў у сваім выступленні дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі. Ён адзначыў, што камунальная служба вырашае шмат пытанняў. Канешне, праблемы ёсць, і іх стараюцца выпраўляць.

Праўда, не заўжды работа над памылкамі выніковая. Нядаўная праблема з вадой, дакладней, яе адсутнасцю ў райцэнтры здарылася не ў адно імгненне. Напэўна, былі трывожныя званочкі і раней: слабы напор вады ў кватэрах, якасць вады, яе ржавы колер і г. д. На гэты раз сітуацыю разрулілі за некалькі дзён і паралельна шукалі выйсце на перспектыву, каб усё зноў не паўтарылася. І выхад знайшлі з дапамогай раённай улады. На Ляхавіччыне быць пятай свідравіне. На гэтыя мэты ўжо выдаткаваны сродкі.

Як запэўніў Андрэй Чайкоўскі, асаблівая ўвага будзе надавацца зніжэнню затрат на аказанне паслуг, узмацняецца кантроль за якасцю выкананых работ, на кантролі – збор і вываз цвёр-
дых камунальных адходаў. Сярод прычын, якія з’яўляюцца своеасаблівым тормазам у рабоце, кіраўнік Ляхавіцкай ЖКГ назваў зношанасць водасетак, што «спрыяе» розным аварыйным сітуацыям, тэхнікі, у прыватнасці, смеццявозаў, недахоп вадзіцельскіх кадраў і іншыя.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса пацікавіўся ў кіраўніка камунгаса, як будуць выкананы асноўныя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Андрэй Чайкоўскі запэўніў, што ўсе пункты ўказанай праграмы будуць рэалізаваны ў абавязковым парадку.

Старшыня райвыканкама адной з галоўных для жылкамунгаса назваў праблему з выплатай заработнай платы. І падкрэсліў, што на прадпрыемстве, працуюць людзі, большасць з іх адказна выконвае свае прафесійныя абавязкі, таму і зарплату павінны атрымліваць адпаведную і своечасовую. Адносна вытворчасці, Мікалай Мароз заўважыў, што камунгасу трэба больш вынікова знаходзіць новыя ўчасткі і напрамкі работы.

А вось па некаторых пазіцыях нялішнім было разгрузіць зону адказнасці ЖКГ. У прыватнасці, чаму б сельвыканкамам не ўзяць на сябе частку абавязкаў па навядзенні і падтрыманні парадку на сельскіх могілках.

Кіраўнік раёна адзначыў, каб паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы і аказваць насельніцтву якасныя паслугі, неабходна стварыць зладжаную камандуьаднадумцаў у камунгасе і, адназначна, вырашаць кадравы складнік, каб кожны знаходзіўся на сваім месцы і адказваў за свой участак работы.

– Толькі тады, калі ўсе будуць працаваць у адным напрамку і з адной мэтай, можна атрымаць станоўчы вынік, – упэўнены Мікалай Мароз.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.