Лагер-форум у фармаце самага сяброўскага гарадка. Ляхавіцкі раён на маладзёжным лагеры-форуме «Прыбужжы-2021» прадстаўляла каманда «Лясны дазор»

«Прыбужжа» – чаканая падзея для актывістаў БРСМ. Гэта як кодавае слова, што пару дзён пад такой назвай пройдуць незабыўна, пакінуць шмат фота на памяць у галерэі смартфона, падораць класныя знаёмствы. Сёлетні, сёмы па ліку, маладзёжны лагер-форум «Прыбужжа-2021» дыслацыраваўся ў суседнім Баранавіцкім раёне – раскінуўся палатачны аграгарадок на беразе ракі Гаці.

Памерамі такога спантаннага населенага пункта можна ганарыцца – сюды, у маляўнічы куток гэтага гасціннага краю, з’ехаліся больш за 400 прадстаўнікоў працоўнай моладзі брэсцкага рэгіёна і проста самыя яркія зорачкі БРСМ.

Прапусціць такую падзею актыў Ляхавіччыны сабе не дазволіў. Вядомы сваёй энергіяй і лёгкасцю на пад’ём маладзёжны склад ААТ «Жарабковічы» заявіў пра ўдзел. Такім чынам, наш раён на «Прыбужжы-2021» прадстаўляла каманда «Лясны дазор».

Тры блокі – спартыўны, інтэлектуальны, творчы – вызначалі самых-самых. Сёлета за пераможныя месцы змагаліся 17 каманд. Менавіта яны на працягу трох насычаных дзён з 6 па 8 жніўня даказвалі, што дастойныя звацца самымі спрытнымі, крэатыўнымі, спартыўнымі, згуртаванымі… Каля дзясятка варыянтаў іспытаў тэсціравалі заяўленыя каманды: быў і валейбол, і дартс, перацягвалі канат, паднімалі гіры, спаборнічалі ў інтэлектуальным конкурсе, бліц-турніры, змагаліся са спартыўнай паласой перашкод. Немалаважны аспект такой турыстычнай алімпіяды – уладкаванне палатачнага лагера. Утульнасць, камфорт, а, самае галоўнае, сяброўская цёплая атмасфера – крытэрыі для пераможцы.

Урачыстае адкрыццё і прывітальныя словы старшыні Баранавіцкага райвыканкама Сяргея Карпенкі далі старт рабоце маладзёжнага лагера-форуму. Работа такога маладзёжнага гарадка – выдатная магчымасць абмеркаваць надзённае: ільготы для працуючай моладзі, перспектывы прасоўвання па кар’ернай лесвіцы, маладзёжная палітыка сталі галоўнымі тэмамі адкрытага дыялогу. Удзел у такім масавым дыялогу прынялі першы сакратар абкама БРСМ Юрый Сегянюк, начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама Ігар Саюк, намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл Барысевіч.

З актыўнымі і зацікаўленымі маладымі людзьмі атрымалася размова па сутнасці.

– Такія сустрэчы дазваляюць абмяняцца з юнакамі і дзяўчатамі сваім маладзёжным вопытам. Паглядзець, паслухаць, пацікавіцца, чаго яны дасягнулі, якім чынам, пра што мараць і да чаго імкнуцца маладыя людзі. Гэта абмен думкамі і меркаваннямі наконт грамадска-палітычных па-дзей, гэта працэс згуртавання маладзёжнай сям’і Брэстчыны. «Прыбужжа» – магчымасць убачыць тых, хто нераўнадушны да спраў сваёй краіны. Безумоўна, вялікі дзякуй камандзе з «Жарабковіч» – яны лепшыя, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава.

Каманда «Лясны дазор» стала другой па выніках спаборніцтва па перацягванні каната, а таксама ўзнагароджана дыпломам «За волю да перамогі». Нашы віншаванні камандзе з Баранавіцкага раёна – яны пераможцы.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота з архіва БРСМ.