А што на Інтэрнацыянальнай?«ЛВ» сумесна з аддзелам архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Ляхавіцкага райвыканкама правялі чарговы рэйд па добраўпарадкаванні горада

Мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай – адзін з самых маладых у райцэнтры, пераважная большасць ЖБК і ЖБСК з’явілася за апошняе дзесяцігоддзе. А яшчэ ён адзін са шматнаселеных, прычым, пераважная большасць жыхароў – маладыя. Вакол кожнай з новабудоўляў уладкаваная тэрыторыя, пешаходныя дарожкі і стаянкі для аўтамабіляў, нямала і дзіцячых пляцовак. За апошнія некалькі гадоў прырос мікрараён і магазінамі: «Санта», «Родны кут», дыскаўнтар «Капеечка».

Што ж на Інтэрнацыянальнай з парадкам? Сітуацыю высвятлялі на мінулым тыдні падчас чарговага рэйду супрацоўнікі «ЛВ» і аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

Пачнём з гандлёвых кропак. Вакол «Капеечкі» парадак, падкошана, падмецена, увогуле – чыста. Ідэальным (пад’езды заасфальтаваны, дарожкі ўладкаваны, усё прыбрана, кантэйнерныя пляцоўкі чыстыя) можна было назваць стан тэрыторыі і каля «Санты», калі б не адно «але». З боку за некалькі метраў ад магазіна – зараснікі пустазелля, а яшчэ бліжэй да магазіна – несанкцыянаваная курыльня. Праўда, сітуацыю выправілі ўжо на наступны дзень і паабяцалі, што і далей тэрыторыя будзе падтрымлівацца ў належным стане.

– Прадпісанні абкошваць замацаваную за прадпрыемствам ці арганізацыяй тэрыторыю адпраўляем пастаянна па розных адрасах, і большасць суб’ектаў адэкватна рэагуе на такія законныя патрабаванні. Але знаходзяцца і тыя, хто не надта спяшаецца быць дбайным гаспадаром. Да іх прымаюцца меры дысцыплінарнага спагнання, – тлумачыць загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Алена Князева.

На тэрыторыі магазіна «Родны кут» (зона адказнасці райпо) праз плітку ва ўсю моц пачало расці пустазелле. Напэўна, не трэба прыкласці шмат намаганняў тутэйшым работнікам, каб яго павырываць, пакуль не вымахае ў рост чалавека.

У мінулым верасні падчас урачыстасцей, прымеркаваных да Дня горада, адкрылі футбольную пляцоўку на Інтэрнацыянальнай. За год гэты спартыўны аб’ект стаў папулярным месцам для мясцовай і не толькі дзятвы. Парадак на ім таксама падтрымліваецца. Аднак знайшліся дзікуны, якія выламалі частку агароджы. Такія ж
шкоднікі паламалі арэлі на адной з дзіцячых пляцовак.

Дарэчы, пра дзіцячыя пляцоўкі. На многіх яўна патрабуецца хаця б
касметычны рамонт – падфарбаваць, падрамантаваць. Вось адзін з прыкладаў. У двары адразу трох шматпавярховак дзіцячая пляцоўка. Абсталяванне на ёй у рабочым стане. Але вось сметнікі запоўнены пад завязку. Прычым відавочна, што смецце сюды прыносяць жыльцы дамоў і нават не лічаць патрэбным кідаць яго ў скрыні…

Прыдамавая тэрыторыя паступова ператвараецца ў сметнік. А побач гуляюць дзеці, адпачываюць пажылыя. Назіраць такую карціну не толькі непрыемна, антысанітарыя здароўю не на карысць.

А вось і зусім супрацьлеглы прыклад. У вялікім двары ўтульна раскватаравалася таксама дзіцячая пляцоўка, яна нібы новенькая. Само абсталяванне ў добрым стане, відаць, што пра яго клапоцяцца.

– Жыльцы – сапраўды дбайныя гаспадары. Яны не толькі падтрымліваюць чысціню і парадак вакол пад’ездаў, але стараюцца па магчымасці ўладкаваць месца агульнага карыстання. Так, жыльцы дамоў №№ 19, 21, 23 прывезлі пясок і падсыпалі ім пляцоўку – стараюцца для сваіх дзяцей, каб ім было зручна і бяспечна, – адзначае Алена Князева.

Каля пад’езда дома № 25 шы-коўная клумба, эксклюзіўная лавачка. Прыемна ўражвае доб-раўпарадкаванне каля суседняга дома № 27.
Камунальнікі паклапаціліся пра паасобны збор адходаў і смецця –
устаноўлены кантэйнеры на спецыяльных пляцоўках. Але час ад часу тут узнікае праблема: не ўсе жадаюць выкідваць паасобна, а некаторыя і ўвогуле – проста выстаўляюць пакеты каля скрыняў, лянота вынесці смецце з кватэр, каб развітацца з ім цывілізавана, адправіўшы ў спецтранспарт. І з часам утвараецца стыхійны сметнік, які папаўняецца рэгулярна.

Каля дома № 7 парадак, але варта адысці на некалькі метраў, як трапляеш на востраў зараснікаў пустазелля, аварыйных дрэваў. Чыя тэрыторыя, хто ў адказе за парадак?

Галінка КАНЬКО.
Фота аўтара.