Аўтарытэт настаўніка павінен быць бясспрэчны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня прыняў удзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце, які прайшоў у Мінску

Форум сабраў у Мінску амаль тысячу педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання,  а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і галіновага прафсаюза. У цэнтры ўвагі – стратэгічныя пытанні развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года.

Перад пленарным пасяджэннем Рэспубліканскага педсавета Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі распрацаваны ў Беларусі Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які зроблены для школьнікаў як дапаўненне да адукацыйнага працэсу, а таксама расказалі аб рэалізацыі праекта «Гонар за Беларусь», у якім адлюстраваны дасягненні краіны за гады суверэнітэту.
На пленарным пасяджэнні педагагічнага форуму з дакладамі выступілі міністр адукацыі, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, устаноў сярэдняй, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні расставіў акцэнты ў найбольш важных пытаннях развіцця адукацыйнай сферы Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што час ставіць перад сістэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур’ёзнасці выклік. «Шмат было выпрабаванняў. Гэта і пандэмія, якая стварыла стрэсавыя ўмовы і прымусіла на хаду перабудоўваць навучальны працэс. Гэта і палітычныя падзеі, якія закранулі работнікаў сістэмы адукацыі не менш, чым сілавікоў і дзяржаўных служачых.
І сёння я дзякую тым, хто не пахіснуўся, і ў вашай асобе нашай педагагічнай супольнасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой залежала шмат», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, педагогі чарговы раз пацвердзілі, што адукацыя – гэта не сфера паслуг, не бізнес, а аплот нашай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі.
«Вы зрабілі ўсё, каб нашы дзеткі вучыліся, калі мы нічога не ведалі пра вірус і было страшна выходзіць на работу. Ведаю, якія пагрозы сыпаліся ў ваш адрас, калі пачаліся бунты і бліцкрыг, асабліва ў Мінску. Ва ўмовах цкавання вы мужна праводзілі сваю работу: вучылі, выхоўвалі, цярпліва размаўлялі з агрэсіўна настроенымі бацькамі», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што шмат у чым дзякуючы работнікам сістэмы адукацыі ўдалося ўтрымаць падлеткаў ад проціпраўных дзеянняў, няхай і не ўсіх. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падзеі, якія здарыліся, прадвызначылі глабальнасць тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет. «Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці», – заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб старажытнай мудрасці: пасля хлеба самае важнае для народа – гэта школа. «Не прымяншаючы ролю сям’і, мы ўсё з вамі добра разумеем, што менавіта выхавальнік і настаўнік стаяць ля вытокаў фарміравання народа як адзінай нацыі. Навука гэта называе нацыянальнай ідэнтычнасцю. Па-простаму гэта патрыятызм», – сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў гэтым паняцці шмат сэнсаў: любоў да Радзімы, павага да дасягненняў мінулага, прыхільнасць да традыцый, шанаванне старэйшых пакаленняў і гонар за поспехі сучаснікаў, імкненне ўнесці свой уклад у гісторыю краіны.
«Пытанне, якое сёння, як кажуць, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна – дзяржаўная. Флаг і гімн – дзяржаўныя. І давайце спынім размовы на гэту тэму», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Пры гэтым не мае значэння, які прадмет выкладае настаўнік.
У час выступлення Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб спрэчках на тэму размеркавання адказнасці ў выхаванні дзяцей паміж школай і бацькамі.
Прэзідэнт таксама нагадаў аб раней пастаўленай задачы вызваліць педагогаў ад выканання неўласцівых ім функцый і скараціць дакумента-абарот.
Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі актуальным пытанне аб статусе педагога. «Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб аўтарытэт настаўніка быў бясспрэчны. І ў вачах вучняў, і сярод бацькоў, у грамадстве. Без гэтага нават сэнсу няма гаварыць аб вырашэнні глабальных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі», – падкрэсліў беларускі лідар. Ён даручыў знайсці магчымасці прастымуляваць у матэрыяльным плане работу класных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падумаць і далажыць, як можна падтрымаць спецыялістаў дашкольных устаноў.
Нараўне з гэтым ён акцэнтаваў увагу, што статус настаўніка – гэта і яго аўтарытэт, які не прадаецца і не купляецца ні за якую зарплату і грошы. Размова таксама ішла аб развіцці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прэзідэнт адзначыў, што ў грамадстве ўсё яшчэ недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій і ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў.
Кіраўнік дзяржавы даручыў да другога чытання ў Парламенце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яшчэ раз яго ўважліва прааналізаваць, каб вырашыць прынцыповыя пытанні, ад якіх залежыць паспяховасць адукацыйнай сферы.
«Даручаю выпрацаваць таксама стандарт, дзе замацуем дакладныя патрабаванні, пачынаючы ад арганізацыі ўрока, выканання школьнага этыкету і завяршаючы знешнім выглядам вучня і настаўніка, – сказаў беларускі лідар. – І ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны будуць прытрымлівацца палажэнняў гэтага дакумента беспярэчна. Гэта, дарэчы, будзе дапамогай у навядзенні парадку ў школе і рабоце з бацькамі».
Пасля выступлення Прэзідэнт адказаў на пытанні ўдзельнікаў форуму. Педагогі закраналі розны спектр тэм: ад арганізацыі выхаваўчай работы ў школах да неабходнасці ўвядзення новых адукацыйных стандартаў.

Па матэрыялах БЕЛТА.

У Рэспубліканскім педсавеце прынялі ўдзел і педагогі з Ляхавіцкага раёна. Сёння яны дзеляцца сваімі ўражаннямі пра форум.

Святлана ЯКУБОЎСКАЯ, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Пленарнае пасяджэнне Рэспубліканскага педсавета для педагогаў краіны – падзея нумар адзін, якая задала напрамак дзейнасці на перспектыву. Аб’ём работы вялікі і важны.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра прэстыж прафесіі, які настаўнікі ў многім фарміруюць самі. У аснову пастаўлена асоба педагога. Многае залежыць ад яго кампетэнтнасці і прафесіяналізму.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў педагогам, якія змаглі выстаяць у няпростых абставінах летась, не пабаяліся нападкаў. Школа не можа быць па-за палітыкай, яна з’яўляецца правадніком дзяржаўных поглядаў і выконвае заказ дзяржавы. Так і не інакш. Кіраўнік дзяржавы паставіў перад сістэмай адукацыі галоўную і ключавую задачу – выхаваць патрыёта сваёй краіны. А патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Наогул, выхаванню падрастаючага пакалення на Рэспубліканскім педсавеце нададзена вялікая ўвага.
Бяспека ва ўстановах адукацыі, новаўвядзенні, павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і пашырэнне практыкі мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ і ССНУ, сацыяльныя гарантыі мэтавікам, школьны этыкет і патрабаванні да знешняга выгляду навучэнцаў і настаўнікаў – пра гэта і многае іншае ішла размова на Рэспубліканскім педсавеце. Усе гэтыя пытанні ў новым навучальным годзе будуць у цэнтры ўвагі і дзеяння.

Марына МАРОЗ, дырэктар Начаўскай СШ:
– Прыняць удзел у пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педсавета – гонар. Гэта магчымасць з першакрыніц пачуць пра перспектывы развіцця адукацыі на бліжэйшы час, паслухаць пра перадавы вопыт калег і абмяняцца з імі меркаваннямі.
Тэмы, якія агучваліся сёлета, актуальныя і важныя.
Удзел Прэзідэнта ў педагагічным форуме і ўвага да пытанняў адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення пацвярджаюць асаблівую значнасць працы педагога. Сёння перад прадстаўнікамі нашай прафесіі ставяцца важныя задачы.
Кіраўнік дзяржавы заклікае да грунтоўнай і адкрытай размовы з моладдзю, да зваротнай сувязі з ёю. У цэнтры ўвагі – аўтарытэт настаўніка. Каб ён быў бясспрэчным і ў вачах вучняў, і сярод бацькоў, педагог павінен валодаць неабходнымі кампетэнцыямі. Дасягнуць поспеху ў ідэалагічным і патрыятычным выхаванні магчыма толькі ў цесным узаемадзеянні з бацькамі. Прэзідэнт адзначыў, што вучоба дзіцяці, яго адаптацыя, сацыялізацыя ў школе –  эта таксама ў многім адказнасць бацькоў.
Праект «Бацькоўскія ўніверсітэты», пра які згадаў Прэзідэнт, у школах працуе не адзін год. Але, згодна з сённяшнімі патрабаваннямі, перагледзім формы і метады работы з бацькамі, каб яны былі больш эфектыўнымі і выніковымі.