Кіраваць сітуацыяй, а не падстройвацца пад яе

У раёне адбыўся семінар, прысвечаны «глыбінным» пытанням вырошчвання рапсу. Ініцыятарам і арганізатарам вучобы выступіў райсельгасхарч, а яе ўдзельнікамі сталі кіраўнікі і галоўныя аграномы сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны, прадстаўнікі фірмаў-вытворцаў сельскагаспадарчай «хіміі», Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Як прагучала на самым пачатку, задача семінара – нагадаць, што працэсам вытворчасці алейнай расліны можна і трэба кіраваць.

Быць з ураджаем – быць над  сітуацыяй

Аб адметнасцях вырошчвання, высокай маржынальнасці і, як яе наступства, усё большай палявой значнасці рапсу нагадаў галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігар Яварчук:
– За апошнія паўтара-два дзясяткі гадоў пасяўныя плошчы культуры ў нашым раёне павялічыліся ледзь ці не ў дзесяць разоў. Але, калі ў сезоне-2020 яе ўраджай быў дастаткова высокім, то сёлетнія ў сярэднім 23 з «хвосцікам» цэнтнеры з гектара такімі, канешне ж, не з’яўляюцца. Надвор’е «вінавата», але яно толькі адзін бок медаля, тым больш што ёсць нюансы, карэкціроўкі ў тэхналогію вырошчвання рапсу ў залежнасці ад яго прагнозаў.

Ген  устойлівасці

Агратэхніка, удабрэнні, тэрміны вядзення тых або іншых відаў работ, выкарыстанне рэгулятараў росту і сродкаў аховы раслін, дзе павінна знаходзіцца «кропка рос-ту», і што «хаваецца» за тэрмінам «ген устойлівасці». Аб усім гэтым, і як недапрацоўкі па кожнай з пералічаных (і не толькі) пазіцый, дапушчаныя ў працэсе вырошчвання рапсу, адлюструюцца на яго ўраджайнасці, і гаварылася ў ходзе семінара-вучобы. А яшчэ больш, як камбінаваць прыёмы, сродкі, метады і тэрміны, каб выходзіць на прымальны вынік нават у не асабліва прымальных сітуацыях.
Аказваецца, многае, што тычыцца канчатковых «выглядаў» крыжакветнай культуры, можна прагназаваць. З рознай хібнасцю, але тым не менш.
Вельмі важны, калі не вызначальны ўплыў на рост, развіццё і закладку ўраджайных асноў культуры аказваюць тэрміны яе азімай сяўбы. Як прагучала, у тым выпадку, калі яна была праведзена якасна, не пазней за 25 жніўня, у належна падрыхтаваную і нармальна вільготную глебу – гэта задзел на патэнцыяльна магчымы, без праекцыі на страты будучага ўраджаю тэрмін. У сваёй аснове расліна закладваецца іменна летам-восенню.
У тым ліку на 70 працэнтаў адбываецца фарміраванне яе каранёвай сістэмы. Ад каранёў – крона і, як прагучала ў ходзе размовы, чым лепшае развіццё атрымае рапс з восені, тым лепш перазімуе.
У сітуацыі з нязначнай пратэр-міноўкай можна часткова «рэабілі-тавацца» за кошт выкарыстання патрэбных гібрыдаў насення. У іх шырокім шэрагу ёсць і такія, што ўжо са старту дэманструюць больш інтэнсіўнае развіццё. Перадзімовае фарміраванне ў такіх гібрыдаў зай-мае менш часу, што можа стаць нейкай палачкай-выручалкай для тых, хто не спяшаўся сеяць. Але гэта выпадак, «памылкі праграмы», а не заклік да дзеяння.
Зона рызыкоўнага земляробства, да якой мы тэрытарыяльна адносімся, для раслінавода-аналітыка можа стаць менш рызыкоўнай. Як прагучала на семінары, ёсць электронны варыянт картаў, на падставе якіх можна вызначыцца з так званымі «трэндамі» надвор’я. Гэта такі доўгатэрміновы,
на сотню дзён наперад, негарантаванай дакладнасці погляд за гарызонт некалькіх бліжэйшых месяцаў. За прыклад былі ўзяты апошнія гады. Яны засведчылі, што папярэдні, зроблены на падставе картаў «трэнд» надвор’я і рэальнае надвор’е нярэдка на працягу года ішлі блізкімі да паралельных курсаў. Адсюль і выснова: уздзейнічаць на надвор’е аграном, канешне ж, не ў сілах. Але ж чаму б  не пазмагацца, папрацаваць яму ў піку і сабе на карысць? Напрыклад, ёсць гібрыды рапсу, якія больш роўна паводзяць сябе ў халодную ці маласнежную зіму, сухім ці асабліва вільготным летам, іншае. Глядзі аграном на карту «трэндаў» і вырашай – па гібрыдах насення, вызначайся з рэгуліроўкай «кропкі росту» раслін, якія і па якой схеме гербіцыды выкарыстоўваць у залежнасці ад тэмпературы паветра, у якіх з гібрыдаў і супраць якіх хвароб закладзены ген устойлівасці…
Іван КАВАЛЕНКА.