Бегавыя дарожкі рыхтуюцца змяніць форму. Набалелая праблема якасці пакрыцця лёгкаатлетычных аб’ектаў на стадыёне «Колас» у Ляхавічах нарэшце пачала вырашацца

Набалелая праблема якасці пакрыцця лёгкаатлетычных аб’ектаў на стадыёне «Колас» нарэшце пачала вырашацца

Спорт – гэта не толькі высокія дасягненні, рэкорды, перамогі, медалі, чэмпіёнства. Гэта і стыль жыцця. Таму дзейнасць розных спартыўных аб’ектаў, у тым ліку і Ляхавіцкай СДЮШАР, накіравана не толькі на высокі спартыўны вынік выхаванцаў. А яны, трэба сказаць, дастойна прадстаўляюць раён і абараняюць спартыўны гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах у складзе нацыянальных зборных (зараз у складзе зборнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы Таццяна Смірнова і Ганна Макоўская), каманды Брэсцкай вобласці. Уся спартыўная інфраструктура працуе і на прапаганду здаровага ладу жыцця, і ўмацаванне здароўя землякоў.

Дзяржава клапоціцца пра пад-растаючае пакаленне, а пра таленавітых і адораных рабят асабліва. Змяненні, што тычацца спартыўнай базы, – таму пацвярджэнне. Калі азірнуцца на апошнія гады, то, відавочна, зроблена нямала: СДЮШАР адрамантавана, умацавана новым спартыўным абсталяваннем і прыладамі, інвентаром. Шыкоўная сучасная футбольная пляцоўка з’явілася ў мікрараёне па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Не толькі ляхавічане, але і госці райцэнтра ацанілі ўладкаваныя веладарожкі ў нашым горадзе. Адным з любімых месцаў сямейнага адпачынку са спартыўным ухілам стала пляцоўка ў парку па вуліцы Дзесюкевіча. Варкаўт-пляцоўка на гарадскім стадыёне ніколі не пустуе.
Здавалася б, усё добра і выдатна. Калі б не адно «але». Як не змагаемся з лыжкай дзёгцю, яна раз-пораз зноў усё псуе. Размова пра дзікунскія паводзіны некаторых людзей. Чым яшчэ можна патлумачыць сапсаванае абсталяванне ў парку па вуліцы Дзесюкевіча, паламаную ў некалькіх месцах агароджу на футбольным полі і г. д. Атрымліваецца, што адны будуюць, уладкоўваюць, падтрымліваюць парадак, а іншыя разбураюць, псуюць, шкодзяць… Такіх парушальнікаў неабходна знаходзіць і прыцягваць да адказнасці. Асобнае пажаданне, і не толькі «ЛВ», каб такія грама-дзяне ўласнымі рукамі рамантавалі пашкоджанае.
Аднак, вернемся канкрэтна да спартыўна-аздараўленчых акалічнасцей. Раённая ўлада рэагуе на прапановы ляхавічан па ўдасканаленні ці адкрыцці спартыўных аб’ектаў, правядзенні масавых мерапрыемстваў, што прапагандуюць актыўны адпачынак і здаровы лад жыцця. Сёння неабыякавыя землякі ў чаканні абнаўленняў на стадыёне «Колас». Пра іх неаднойчы вялася размова і на старонках «ЛВ». Як ідуць справы і на што можна спа-дзявацца?
– Пачну з гісторыі. Сёлета будынку нашай спартшколы 35 гадоў. За гэты час яна дабудоўвалася, рэканструявалася, неаднойчы праводзіўся капітальны рамонт, штогод – касметычны. А вось стадыён «Колас», уведзены ў эксплуатацыю ў 1971 годзе, істотныя пераўтварэнні пацярпеў толькі аднойчы: абнавіліся трыбуны, пляцоўкі і іншае. На даны момант многія тутэйшыя аб’екты, у прыватнасці, пакрыццё бегавых дарожак, састарэлі і не адпавядаюць сучасным патрабаванням для правядзення якаснага вучэбна-трэніровачнага працэсу, негатыўна ўплываюць на выніковасць выступленняў навучэнцаў аддзялення лёгкай атлетыкі, не даюць магчымасць прымаць спаборніцтвы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Хаця раённыя спаборніцтвы пакуль яшчэ тут арганізоўваем. Напрыклад, 13 гадоў запар СДЮШАР гасцінна сустракала больш за сотню юных спартсменаў з усёй рэспублікі – удзельнікаў адкрытага турніру па лёгкай атлетыцы на прызы чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча. Праблема рэканструкцыі бегавых дарожак для нас надзвычай вострая, – адзначае
дырэктар Ляхавіцкай СДЮШАР Валянціна Русакевіч і дадае:
– Удзячны кіраўніцтву раёна і асабіста старшыні райвыканкама Мікалаю Марозу за разуменне важнасці праблемы, імкненне яе вырашыць, а таксама рэальную дапамогу. У рэшце рэшт, справа зрушылася з месца – распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екце «Капітальны рамонт бегавых дарожак стадыёна «Колас». І калі ўсё пойдзе па плане, то чаканыя змены не за гарамі.
– Нашы Ляхавічы маюць дастойную інфраструктуру, каб прымаць спартыўныя спаборніцтвы высокага ўзроўню. У СДЮШАР выдатныя залы з неабходным абсталяваннем. Прадугледжана і пражыванне ўдзельнікаў у тутэйшым інтэрнаце. У раёне дастаткова аб’ектаў, дзе можна арганізаваць харчаванне спартсменаў. Пры жаданні прапаноўваецца і цікавая культурная праграма. Аднак, з-за таго, што пакрыццё бегавых дарожак асфальтаванае і не адпавядае сучасным стандартам, правядзенне абласных і рэспубліканскіх стартаў на Ляхавіччыне немагчыма. Таму і прынята рашэнне аб рэканструкцыі дарожак. На гэты аб’ект плануецца выдаткаваць бюджэтныя сродкі, – падкрэслівае намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Плануецца, што рамонт закране бегавыя дарожкі, пляцоўкі для скачкоў, штурхання ядра… Канешне, пасля ўвядзення аб’екта ў эксплуатацыю ён не толькі зможа прымаць спартсменаў з вобласці, краіны, але і стане яшчэ больш запатрабаваным у землякоў – спартсменаў-аматараў.
А тым часам Валянціна Русакевіч дзеліцца планамі: у перспектыве хацелася б бачыць у Ляхавічах міні-футбольнае поле для дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў, баскетбольную пляцоўку, сучаснае футбольнае поле для матчаў чэмпіянатаў краіны. А каб балельшчыкам было камфортна сачыць за гульнявымі момантамі, трыбунам таксама патрабуецца капітальны рамонт.
Што ж, такія мары павінны збывацца. Ад гэтага карысць будзе ўсім аматарам спорту і здаровага ладу жыцця.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.