Наваселле мінулых гадоў. Працяглы час востра стаяла пытанне рамонту будынка ЦДАДіМ у Ляхавічах

Так выглядае будынак ЦДАДіМ сёння.

Працяглы час востра стаяла пытанне рамонту будынка ЦДАДіМ у райцэнтры. Справы, нарэшце, зрушыліся з месца

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (для старэйшага пакалення – Цэнтр пазашкольнай работы або Дом піянераў) быў і застаецца месцам, дзе прапісана шчаслівае творча-крэатыўнае дзяцінства. Бязмежная фантазія педагогаў цэнтра і ўменне перадаць яе непаседлівым гарэзам, зацікавіць і знайсці падыход да раскрыцця творчых здольнасцяў кожнага дзіцяці сапраўды ўражваюць. І кожны год іх крэатыўны запал не зніжае абаротаў зацікаўленасці…

Творчасць, канешне, працэс надзвычай індывідуальны, але ж не ў плане матэрыяльна-тэхнічнай базы. Адно вялікае АЛЕ ў гэтай творчай гісторыі становіцца вялікай перашкодай для таго, каб ЦДАДіМ запрацаваў на поўную магутнасць. Колішні цэнтр на плошчы Перамогі апошнія некалькі гадоў працаваў не так, як хацелася б, не на тую моц, дзеля якой яго будавалі.
Справа ў тым, што будынку патрабуецца капітальны рамонт. Кіраўніцтва раёна, аддзела па адукацыі, непасрэдна цэнтра шукалі выйсце з такога «жыллёвага» пытання, рассяляючы часцінкі адной вялікай дружнай сям’і па кабінетах, аўдыторыях, залах розных устаноў адукацыі Ляхавіч.
Сакавік 2008-га быў надзвычай багаты на адкрыцці. У спісе і цэнтр пазашкольнай работы. Святочнае адкрыццё сабрала кіраўніцтва вобласці і раёна, будаўнічыя арганізацыі і, канешне, яго навасельцаў. Тады мары пра тое, што цэнтр аб’яднае ў адным месцы самы ўзрыўны крэатыў горада і раёна, былі рэальнымі, але, як аказалася, нядоўгімі.
На рэканструкцыю будынка ЦПР на той час (нагадаем, 2008 год) было выдаткавана больш за 1,7 мільярда рублёў, з іх 1,2 мільярда – з абласнога бюджэту (менавіта такія даныя апублікавала раёнка).
Тое, што адноўленаму будынку патрабуецца істотны рамонт, стала зразумела ў 2018 годзе, калі адбылося абследаванне будынка і была выраблена праектна-каштарысная дакументацыя. У частцы кабінетаў з’явіліся расколіны на сценах. Як расказаў галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалай Прыхач, прычыны таго, што частка амаль новага будынка стала небяспечнай для далейшых заняткаў, сёння не зразумелыя, магчыма, змяненне ўстойлівасці грунту з-за вялікай колькасці тэхнікі падчас будаўніцтва. Дзяцей размясцілі па іншых установах. Паўстала пытанне рамонту будынка на плошчы Перамогі. На жаль, рашэнне расцягнулася на некалькі гадоў: сродкі на будаўніцтва патрабуюцца немалыя.
– Мы разумеем, якую ролю выконвае ЦДАДіМ у адукацыйным працэсе. Гэта неабходны  элемент у паўнацэнным выхаванні дзіцяці, якое павінна развівацца ўсебакова, у залежнасці ад сваіх здольнасцяў і жадання. Будынак, што знаходзіцца на плошчы Перамогі, пасля рамонту выглядаў сучасна. Ды і тэхнічнае начынне адпавядала патрабаванням. Там знаходзіліся муфельная печ, сучасны кабінет для апрацоўкі драўніны, нават выставачная зала. Тамашняя актавая зала не аднойчы станавілася пляцоўкай для раённых святаў. І вельмі крыўдна, калі ўсё гэта не можа працаваць на поўную магутнасць, калі тое, што створана для дзяцей, застаецца па-за дзіцячай увагай. Таму рашэнне не спыняць дзейнасць такога творчага цэнтра было відавочным. Дзякуй хочацца сказаць, у першую чаргу, кіраўнікам гарадскіх школ, якія стварылі ўсе ўмовы для таго, каб заняткі ўсё ж адбываліся. Зразумела, было складана і нязручна. Педагогам асабліва, ім даводзіцца размяшчаць свае працоўныя матэрыялы (немалыя па памерах), працаваць на непастаянным месцы, а дзеткам, часам, дабірацца. Нязручнасці і з размяшчэннем – у школах граматна распрацаваны план выкарыстання школьных кабінетаў. Але адукацыйны працэс працягваўся, як трэба: і ў школах, і ў ЦДАДіМ. І пры гэтым вынікі работы, якія прадэманстраваў цэнтр за мінулы навучальны год, уражваюць. Дзякуй бацькам, якія зразумелі сітуацыю, – каменціруе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама  Святлана Якубоўская.
Сітуацыя з аднаўленнем цэнтра зрушылася з месца, і цяпер вядуцца больш аптымістычныя размовы.
– Сапраўды, запатрабаванасць ЦДАДіМ – вялікая, роля –
бясцэнная. І для кіраўніцтва раёна пытанне аднаўлення
цэнтра ў спісе самых важных. Мы пралічвалі розныя варыянты вырашэння, вывучалі сітуацыю, шукалі такое выйсце, каб і ў матэрыяльным плане, і ў плане якасці будаўніцтва ўсё задавальняла. Сума на рамонтна-будаўнічыя работы выдзелена з раённага бюджэту і складае амаль 660 тысяч рублёў. Работы пачаліся, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Якія перамены чакаюць будынак цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі? Як адзначае Мікалай Прыхач, па-першае, вялікая ўвага – умацаванню фундамента, будзе праведзены рамонт сцен, падлогі, таксама рамонтныя работы закрануць ацяпленне, адновіцца і знешні выгляд будынка.
– Кожны год у ЦДАДіМ займаюцца больш за 1300 хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў. Для дзетак тут арганізавана больш за 110 гурткоў рознага профілю. Упэўнена, што кожны, хто да нас аднойчы прыйдзе, не пашкадуе. У працэсе творчасці ў дзетак адкрываюцца здольнасці да таго, што раней было невядомым і недасягальным. Тым больш пасля таго, як мы ізноў аб’яднаемся ў нашым цэнтры. Плануем, што значна пашырым аб’яднанні па інтарэсах, асвоім новыя метады і формы работы з дзеткамі. Навучальны год абяцае многа новага, а, значыць, нас з выхаванцамі чакае цікавае падарожжа па казачным свеце творчасці. І нашы педагогі дадатковай адукацыі да гэтага гатовы, – адзначае дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.