Час – грошы, якія не адкладзеш. Плошча азімых збожжавых пасеваў у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны складзе дзесяць з паловай тысяч гектараў

У сезоне плошча азімых збожжавых пасеваў у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны складзе дзесяць з паловай тысяч гектараў. Нязначна менш, чым годам раней, але іменна азімыя былі і застаюцца асновай у фарміраванні будучага раённага хлебнага караваю. Наколькі важкім ён атрымаецца – прадбачыць немагчыма, залежыць ад многіх фактараў як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага гучання. У тым ліку і ў значнай ступені – часавага ці, дакладней, своечасовага.

Вадзіцель Мікалай Царык, механізатар Аляксандр Дзядовіч.

Раённы клін азімай збожжавай сяўбы першапачатковым памерам у 10500 гектараў апошнія дні працягвае скарачацца асабліва хутка. Нарэшце, пасля перыяду доўгіх дажджоў усталявалася добрае надвор’е. А гэта для аграрыяў магчымасць арганізаваць работу ў полі ў фармаце «ад цямна да цямна». Ворыўныя работы і з невялікім адставаннем ад іх непасрэдна сяўба ў большасці гаспадарак цяпер вядуцца прыкладна з сямі гадзін раніцы да сямі вечара. З кароткімі прыпынкамі на абед-падвячорак для механізатараў і, у выпадку патрэбы, дазапраўкі трактароў дызельным палівам. Увесь астатні амаль 12-гадзінны шлях і людзі, і тэхніка «круцяцца» ў полі. У прамым і пераносным сэнсе, з мэтай адсвяткаваць дасеўкі
як мага хутчэй. Хоць якое свята, калі ў кожным з сельгас-
прадпрыемстваў паралельна з сяўбой працягваецца чарговы, на гэты раз сіласны этап корманарыхтоўкі. А ў «Жарабковічах» і «Шляху новым», чый сумарны пасяўны палетак складае больш як 40-працэнтную долю ад раённага, яшчэ і «салодкае жніво». Уборка кармавой і тэхнічнай культур – справа няпростая сама па сабе, а з
улікам занятых пад імі плошчаў яшчэ і дастаткова працяглая, што самым непасрэдным чынам звязана з ходам пасяўной кампаніі. З 2,5 тысячы жарабковіцкіх азімых гектараў і 1,8 тысячы гектараў пасеваў «Шляху новага» частка павінна размясціцца на гектарах, вызваленых ад кукурузы і буракоў.
– На змену кармавой і тэхнічнай культурам часткова
павінны прыйсці азімыя збожжавыя. Але ж для таго, каб пасеяць азімыя, неабходна ўбраць яравыя – як толькі, так адразу. У гэтым і заключаецца галоўны лімітуючы фактар, – гаворыць начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Той дзень быў звычайным, у адпаведнасці з сезонам. Сонца хутчэй ззяла, чым грэла – восень. У межах бачнасці ва ўгоддзях «Шляху
новага» можна было заўважыць «цягавітую» работу магутных трактароў. У кож-нага свая баразна: адзін пласт за пластом «уздымаў» глебу, з выгляду такі ж другі «маляваў» пасяўныя штрых-узоры.
– На гэтым тыдні за надвор’е можна парадавацца. Выходзім у поле рана, як толькі развіднее, завяршаем працоўны дзень у прыцемках. Апрацаваць атрымліваецца не адзін дзясятак гектараў поля. Асабліва, калі контур апошняга шырокі, не вымушае
круціцца – разварочвацца. Ну вось, як гэта, дзе, думаю, магчыма «зрабіць» і тры,  і чатыры дзясяткі гектараў. Не тое, што нядаўна, калі дажджы, здаралася, спынялі сяўбу ўжо на першых кругах, – дзеліцца ўражаннямі механізатар-сейбіт акцыянернага таварыства Аляксандр Дзядовіч падчас кароткага «піт-стопа», выкліканага неабходнасцю дазапраўкі агрэгата насенным матэрыялам.
Дарэчы, сучасны высокапрадукцыйны пасяўны агрэгат патрабуе дазапраўкі насенным зернем, а значыць і перапынку ў рабоце, не так ужо часта. Аднаго поўнага бункера дастаткова, каб засеяць да 12 гектараў поля.
У той дзень на азімых палетках ААТ «Шлях новы» быў не адзіна толькі Аляксандр Дзядовіч са сваім агрэгатам.
У рабоце таксама знаходзілася старая добрая СПУшка. Як зарыентавалі нас аграрыі, «знаходзіцца на аддаленым «кардоне», пад Баранавічамі.
Поле да поля, і ўсё бліжэй азімыя дасеўкі. І ў «Шляху новым», і ў сельскагаспадарчых угоддзях раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.