Веды для жыццёвых задач. Конькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад – сярэдняя школа» сёлета занесены на раённую Галерэю славы

У школьна-дашкольнай сям’і 70 хлопчыкаў і дзяўчынак і 23 настаўнікі і выхавальнікі (некаторыя працуюць па сумяшчальніцтве). Раніцай транспарт аддзела па адукацыі дастаўляе рабят з навакольных вёсак і Ляхавічаў – ёсць навучэнцы, якія пераехалі ў райцэнтр, а школу не змянілі.

Дзеці авалодваюць ведамі лепш, калі навокал утульна і камфортна, сцвярджаюць конькаўскія педагогі і імкнуцца стварыць належныя ўмовы для гэтага. Акцэнт робяць на грамадзянска-патрыя-
тычным выхаванні, і гэта адна з важнейшых задач школы. Сярод сродкаў фарміравання асобы – магчымасці школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе маюцца этнаграфічная і нумізматычная экспазіцыі, а таксама – «Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны» і «Гісторыя малой радзімы». Кіраўнік музея – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Вольга Страмавус сёлета стала лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем». Яе навучэнцы не раз прызнаваліся пераможцамі разнастайных іспытаў абласнога ўзроўню. Напрыклад, у 2020 годзе адзінаццацікласнік Андрэй Міклашэвіч удастоены дыплома III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама па выніках абласнога этапу конкурсу «Вайны святыя старонкі навекі ў памяці людской» . У СШ распрацаваны буклеты па гісторыі вёсак Федзюкі і Туркі. Сярод іх знакамітых ураджэнцаў – кінарэжысёр Міхаіл Пташук, якому прысвечана асобная тэматычная выстава. Навучэнцы з педагогамі збіраюць матэрыялы, каб стварыць яшчэ адну – таксама пра свайго выпускніка – дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», пісьменніка, публіцыста, літаратурнага крытыка, паэта-песенніка і цудоўнага земляка Алеся Бадака.
Забяспечыць высокую якасць адукацыі немагчыма без прафесійных кадраў – адказных, крэатыўных, якія вучаць дзяцей і не спыняюцца ў самаўдасканаленні, вядуць выхаванцаў да перамог. Такія працуюць у Конькаўскім ВПК.


У мінулым навучальным годзе дыплом III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры заваявала тады адзінаццацікласніца Конькаўскага ВПК Лізавета Іваноўская, а падрыхтавала яе вопытны і адданы сваёй справе педагог Людміла Лузяніна.
Настаўнік хіміі Наталля Ксёнжык (зараз працуе па сумяшчальніцтве) пра свой прадмет ведае ўсё і нават больш.
З нядаўніх адзнак яе выхаванцаў – дыплом III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа», які заваявала адзінаццацікласніца Крысціна Арцыменя. Таксама ў яе дыплом II ступені гэтага ж узроўню ў конкурсе работ даследчага характару. Навучэнцы Наталлі Ксёнжык пастаянна і вынікова ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях. Крысціне мінулы год прынёс і дыплом I ступені Міністэрства адукацыі за рэспубліканскую акцыю «Павіншуем ветэранаў разам».

Аляксандр Новікаў на ўроку матэматыкі ў Наталлі Гатоўчыц.


Прымяняюць сучасныя тэхналогіі навучання, матывуюць і ведаюць, як утрымаць увагу навучэнцаў, настаўнік рускай мовы і літаратуры Валянціна Жыткевіч, матэматыкі Наталля Гатоўчыц, геаграфіі Вячаслаў Ксёнжык, настаўнік пачатковых класаў Таццяна Марчык і многія іншыя.

Мілана Стрэльнікава  і Кацярына Несцяровіч.


Да педагога-псіхолага Кацярыны Несцяровіч, педагога-арганізатара і сацыяльнага педагога Міланы Стрэльнікавай рабяты ідуць з жаданнем і інтарэсам – спецыялісты вельмі творчыя і зацікаўленыя, маюць узнагароды за ўдзел у конкурсах. Са «свежых» – ІІІ месца ў абласным этапе рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Піянерскі QUIZ».

Вольга Страмавус і яе навучэнцы.


Раіса Скурат – настаўнік абслуговай працы, прыгожа шые адзенне і сваім хобі «заражае» дзяўчынак. Працоўны  стаж настаўніка фізікі Пятра Чартка пайшоў на шосты круг, з яго 45 гадоў належаць адукацыі.
На чале дружнага педкалектыву ўжо 16 гадоў Аляксандр Новікаў – кіраўнік кампетэнтны і аўтарытэтны. Яго правая рука – намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Іна Вайцешык.
Калі прасачыць дынаміку ўдзелу педагогаў і навучэнцаў у конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах, канферэнцыях і іншых іспытах, то, як правіла, актыўнасць вызначаецца заваява-
нымі ўзнагародамі. І гэта адна з важных ацэнак дзейнасці навучальнай установы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.