Прышчапляцца – жыццёва важны выбар. Амаль 5400 жыхароў Ляхавіччыны атрымалі першую дозу вакцыны супраць каранавіруса

Амаль 5400 жыхароў Ляхавіччыны зрабілі важны і значны крок для захавання ўласнага здароўя, а то і для жыцця,  і для справы, без перабольшання, сусветнай важнасці – атрымалі першую дозу вакцыны супраць каранавіруса.

Поўны прышчэпачны курс прайшлі 4422 землякі. Многа гэта
ці мала? Як сведчаць медыкі, каб выпрацаваць калектыўны імунітэт, неабходна, каб вакцынаваліся  60 працэнтаў жыхароў.
– Апошнім часам гараджане і вяскоўцы сталі актыўней прышчапляцца супраць каранавіруса. Акрамя традыцыйных прэпаратаў кітайскай вытворчасці  і расійскага «Спутніка V»,
у наш раён паступіла  і расійская вакцына «Спутнік лайт», прышчапляць якой плануецца навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Сярод вяскоўцаў найбольш актыўна  да імунізацыі далучыліся жыхары, якія замацаваны  за Падлескай амбулаторыяй урача агульнай практыкі, –  адзначае намеснік галоўнага ўрача
УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў.
– Першую дозу вакцыны атрымалі 620 чалавек, поўны курс – 589, ці амаль 50 працэнтаў ад дарослых землякоў, замацаваных за Падлескай урачэбнай амбулаторыяй. Канешне, правяраем неабходны мінімум перад вакцынацыяй: мераем тэмпературу, ціск, праводзім апытанне, расказваем, як сябе паводзіць пасля атрымання прышчэпкі, пры якіх сімптомах і калі звяртацца за меддапамогай. Праводзім і растлумачальныя размовы. Людзей цікавіць, чыёй вытворчасці вакцына, наколькі яна
эфектыўная, якія супрацьпаказанні, ці не нанясе яна шкоды арганізму і г. д.
Калі гаварыць пра ўзроставы дыяпазон, то найбольш актыўныя грамадзяне ад 50 гадоў і старэйшыя, куды менш жадаючых ва ўзросце да 40 гадоў. Нямала прыходзіць на імунізацыю тых, хто перахварэў каранавірусам, людзі не жадаюць больш праходзіць праз такія іспыты для здароўя, – расказвае загадчык Падлескай АУАП Святлана Юнік.
Медсястра Аліна Іовіч можа ўжо дэманстраваць майстар-клас па вакцынацыі: хутка і якасна праводзіць кожную працэдуру. Дарэчы, прышчэпачная кампанія праводзіцца не толькі ва ўстановах аховы здароўя (амбулаторыі, ФАПе), медыкі выязджаюць на вытворчыя аб’екты і нават на дом да вяскоўцаў і аграгараджан.
– Я і мае калегі даўно прайшлі імунізацыю супраць каранавіруса. Ніякіх пабочных эфектаў не было. Заклікаю ўсіх, хто яшчэ не зрабіў прышчэпку, вакцынавацца. Хварэць – увогуле непрыемна, а карана-
вірусам яшчэ і небяспечна для жыцця, – сцвярджае ўрач Святлана Юнік.
Напэўна і наступная інфармацыя прымусіць задумацца над неабходнасцю ўсё ж зрабіць прышчэпку супраць COVID-19. Па даных галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, у Брэсцкай вобласці з канца сёлетняга жніўня захворванне каранавірусам вырасла больш як у тры разы.
– Зараз вірус даволі актыўны. Захворванне часта працякае ў цяжкай форме, пацыентам патрабуюцца вялікія аб’ёмы кіслароду. Сітуацыя ўскладняецца тым, што чацвёртая кавідная хваля супадае з  сезонным пад’ёмам захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Таму зноў звяртаемся да жыхароў раёна з просьбай захоўваць масачны рэжым у грамадскіх месцах, дыстанцыю і абавязкова своечасова звяртацца за медыцынскай дапамогай, – зазначае галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч. – Адзіны дзейсны метад папярэджання захворвання і яго цяжкіх ускладненняў – вакцынацыя. І яе не трэба баяцца.
Прышчапіцца ў Ляхавіцкім раёне можна ў паліклініцы, прыёмным пакоі, ва ўрачэбных амбулаторыях, а таксама ў перасоўным цэнтры, які знаходзіцца ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. Па-ранейшаму працуюць і выязныя брыгады.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.