Кукурузны пачатак павялічвае дастатак. У Ляхавіцкім раёне сельскагаспадарчыя клопаты працягваюцца

У апошні вераснёўскі і першы тыдзень кастрычніка прырода расшчодрылася на надвор’е. Што адметна, начныя і ранішнія каля плюс пяці градусаў па Цэльсію ніяк не псавалі «градус» агульнага настрою. Хіба толькі нагадвалі, што не за гарамі халады і ўсе іншыя, паралельныя ім «некамфортнасці» сезона.

Механізатары Андрэй Юруць і Аляксандр Пронька.

Восень сее,  арэ і косіць

Але самае галоўнае, што спрыяльнае надвор’е дало магчымасць вяскоўцам максімальна разагнацца ў сваіх сельскагаспадарчых клопатах. Дазволіла працаваць усе светлыя гадзіны дня. І так – сем дзён на тыдні. На некалькіх размешчаных сумежна палетках можна было заўважыць познюю работу некалькіх тыпаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Пасяўны агрэгат метадычна вёў адлік сваім кругам па раней узараным полі, праз дарогу нетаропка «цягнулі» сваю шырокую баразну плугі, некалькі воддаль то знікаў, то ўздымаўся на горку кормаўборачнік. Усё гэта, нагадаем, адбывалася на адносна невялікай лакацыі, у нейкім дзясятку кіламетраў ад раённага цэнтра. І апісаная сітуацыя ні разу не ўнікальная, калі не сказаць звычайная для цяперашняй пары года.

Зарадзіла  па-царску

Прагнозы спецыялістаў наконт сёлетніх ураджаяў кукурузы на ляхавіцкіх палетках адрозніваліся дастатковым аптымізмам яшчэ задоўга да часу ўборкі царыцы палёў. І, як пацвердзіла рэальнасць аднаго з палёў ААТ «Шлях новы», дзе днямі атрымалася пабываць, прагнозы ў вышэйшай ступені спраўдзіліся. Расліны «падняліся» ледзь ці не да трох метраў. Прычым вырасла роўнай ці роўна на працягу ўсяго поля. Праўда, такая прыгажосць не паўсюдна. Ёсць палі, месцы і ўчасткі, дзе яна не настолькі ўжо і багатая, да канца расставіў кропкі на кукурузным полі адзін з вадзіцеляў-адвозчыкаў зялёнай масы гаспадаркі.
Уборка ажыццяўлялася сіламі двух камбайнаў-кормаўборшчыкаў, для аднаго з якіх сёлетні ўборачны сезон з’яўляецца дэбютным – «Гомсельмаш» адносна нядаўна пакінуў завадскі цэх і, можна сказаць, яшчэ толькі «вучыцца» працаваць у адпаведнасці з закла-дзеным у яго функцыяналам – касіць-убіраць.
Здараецца, канешне ж, і наадварот, аднак добрай практыкай лічыцца аддаць новую, ва ўсіх сэнсах дарагую тэхніку ў рукі вопытных кіроўцаў-аграрыяў. А што Андрэй Юруць з ліку такіх і, магчыма, самых-самых, не павінна быць і кроплі сумнення. На сваім аграрным шляху Андрэй паспрабаваў розныя тыпы трактароў і камбайнаў, быў пераможцам і прызёрам дажыначных фестываляў рознага ўзроўню. Праўда, усё гэта з’яўляецца гісторыяй іншай сельскагаспадарчай арганізацыі Ляхавіччыны. А работа ў «Шляху новым», куды ён прыйшоў толькі ў бягучым годзе, з’яўляецца для яго новым шляхам у біяграфіі. Пра камбайн, на якім працуе, гаворыць, «новае ёсць новае», адзначае высокі ўраджай зялёнай масы. Маўляў, транспартныя ёмістасці запаўняюцца хутка, за камбайнам ледзь паспяваюць. Хоць адвозчыкаў зялёнай масы пяць ці больш, а шлях да сянажнай траншэі з’яўляецца кароткім. І ў літаральным вымярэнні, у значэнні хуткага запаўнення кармавой ёмістасці.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.