Не дапусціць і прадухіліць. Факты парушэння Закона аб барацьбе з карупцыяй раней неаднаразова рэгістраваліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіцкага раёна

Работнік адсутнічае на працоўным месцы, а то і ўвогуле ў гэты час выязджае за межы краіны, а ў табелі ўліку рабочага часу рэгіструецца яго прысутнасць. Не выконваюцца правілы правядзення дзяржзакупак, парушаецца парадак правядзення конкурсаў, аўкцыёнаў. Падобныя факты парушэння Закона аб барацьбе з карупцыяй раней неаднаразова рэгістраваліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіцкага раёна.

Аднак, апошнім часам такіх супрацьзаконных дзеянняў становіцца менш. Увогуле, узровень карупцыйных правапарушэнняў, а тым больш злачынстваў у нашым раёне застаецца прыкладна аднолькава нізкім. Такі факт агучыў сакратар камісіі Ляхавіцкага райвыканкама па супрацьдзеянні карупцыі Аляксей Навіцкі падчас чарговага пасяджэння камісіі.
Згодна з інфармацыяй, прадастаўленай пракуратурай і РАУС, за трэці квартал 2021 года на тэрыторыі нашага раёна правапарушэнняў карупцыйнага характару падчас праведзеных гэтымі структурамі праверак (парадку дзяржаўных закупак, мэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў, забеспячэння захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей) і правапарушэнняў, што ствараюць умовы для карупцыі, не выяўлена.
На парадку дня вераснёўскага пасяджэння камісіі райвыканкама па супрацьдзеянні карупцыі стаяла некалькі пытанняў. Прагучалі справаздачы аб рабоце аналагічных камісій на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях.
Адна з тэм, якая ў гэтым напрамку актуальная для камунгаса – крэдыторская і дэбіторская запазычанасць. Па стане на 1 верасня дэбіторская запазычанасць ЖКГ складае 186,3 тысячы рублёў. Асноўныя даўжнікі –  ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Шлях новы», «Нача», ТАА «МетЛітЭкспарт», «Трансэлектракамплект». Па словах дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэя Чайкоўскага, кіраўніцтва прадпрыемства прымае меры, каб як мага хутчэй зменшыць, а ў далейшым не дапусціць росту запазычанасці, асабліва пратэрмінаванай. Аднак, не заўсёды даўжнікі ў стане выпраўляць сітуацыю. Напрыклад, у адрас «МетЛітЭкспарт» накіравана прэтэнзія. Рыхтуюцца дакументы на спагнанне запазычанасці шляхам звароту ў натарыяльую кантору. А вось «Нача» асноўную частку – тры тысячы рублёў – выплаціла.
Сакратар камісіі КУПВ АПП «Ляхавіцкая архітэктура» Наталля Кільян расказала пра праведзеную сярод работнікаў установы растлумачальную работу па асноўных палажэннях заканадаўства, накіраваных на ўмацаванне дысцыпліны і парадку, а таксама пра работу па недапушчэнні ўзнікнення прычын і ўмоў, якія спрыяюць карупцыі. На вытворчых нарадах нагадваецца пра недапушчальнасць выкарыстання службовага становішча і звязаных з ім магчымасцей для атрымання асабістай выгады. На жорсткім кантролі камісіі – арганізацыя закупак. Для аптымізацыі закупак тавараў, работ ці паслуг за кошт уласных сродкаў у Ляхавіцкай архітэктуры дзейнічае  загад «Аб закупках тавараў і стварэнні конкурснай камісіі». Сёлета ўсе закупкі тавараў, работ і паслуг ажыццяўляліся толькі на суму да тысячы базавых велічынь па адной здзелцы на дату прыняцця арганізацыяй рашэння аб правядзенні закупкі.
Дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш спыніўся на асноўных аспектах работы камісіі, створанай у гэтым сельгаспрадпрыемстве. І зрухі там за апоші час маюць месца. У прыватнасці, па стане на 1 студзеня крэдыторская запазычанасць складала 7447 тысяч рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная – 1671 тысячу рублёў. А вось на 1 ліпеня пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць зменшылася на 9,9 працэнта.
Як адзначыў Андрэй Коктыш, на прадпрыемстве праводзіцца мэта-
накіраваная работа па ўхіленні ўмоў, што садзейнічаюць росту карупцыйных праяўленняў. Нядобрасумленныя работнікі за супрацьпраўныя дзеянні прыцягваюцца да адказнасці. Так, сёлета за студзень – жнівень вінаватыя работнікі вярнулі арганізацыі 844 рублі за падзеж жывёлы, 1278 рублёў – за рэалізацыю маладняку БРЖ па заніжанай цане, за перарасход і крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў утрыманы з вінаватых 1131 рубель. Не застаюцца беспакаранымі і службовыя асобы, якія ўчыняюць карупцыйныя парушэнні. На падставе прыгавора суда звольнены інжынер і трактарыст прадпрыемства за крадзеж па месцы працы на агульную суму 1644 рублі. Акрамя звальнення, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 60 базавых велічынь кожны. У гэтай сельгасарганізацыі Баранавіцкім РАУС устаноўлены недахоп лому каляровых металаў на 1051 рубель, праведзена расследаванне, матэрыялы накіраваны ў суд.
Старшыня райвыканкама старшыня раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Мікалай Мароз указаў на неабходнасць больш выніковай работы камісій па супрацьдзеянні карупцыі на тых прадпрыемствах, дзе ўжо былі дапушчаны факты карупцыйных праяўленняў, парушалася вытворчая і выканальніцкая дысцыпліна, мелі месца крадзяжы. Асаблівая ўвага, па словах кіраўніка раёна, павінна звяртацца на ўзмацненне дысцыпліны працы,
унутранага кантролю з боку кіраўніцтва як усяго прадпрыемства, так і асобных падраздзяленняў.
Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Юлія Бецька праінфармавала пра вынікі правядзення праверак дэкларацый, прадастаўленых дзяржаўнымі служачымі і службовымі асобамі.
Аляксей Навіцкі падкрэсліў, што папярэджваць карупцыйныя правапарушэнні і злачынствы можна і неабходна.
У тым ліку і шляхам актывізацыі работы камісій па супрацьдзеянні карупцыі ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах.
Падводзячы вынікі работы камісіі, Мікалай Мароз зазначыў, што неабходна не толькі ведаць законы, але і выконваць і на рабоце, і ў паўсядзённым жыцці. І падкрэсліў, што антыкарупцыйны напрамак дзейнасці патрабуе больш пільнай увагі з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый.

Галіна КАНЬКО.