Свята самых культурных людзей. Сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культурнай сферы Ляхавіччыны

Традыцыі майстэрства

Другая нядзеля кастрычніка па восеньскай традыцыі – самая культурная. Сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культурнай сферы Ляхавіччыны

Культработнікі Падлескага СДК беражліва захоўваюць багатую народную спадчыну, прымнажаюць яе,  цікава арганізоўваюць вольны час землякоў.

Фальклор і сучасныя аранжыроўкі, народныя матывы і эстрадныя нумары, вакальныя кампазіцыі і харавое рознагалоссе, сцэнічныя мініяцюры і гумарыстычныя дыялогі, выступленне на вялікай сцэне і міні-канцэрт на палявым стане – такі разнапланавы падыход у аказанні творчых паслуг дэманструе Падлескі сельскі Дом культуры.

Над залатым жніўным полем разносіцца мілагучная песня, ва ўнісон гучаць сярпы, якія беражліва жнуць наліты колас. З народнага абрада «Зажынкі» ў выкананні самадзейных артыстаў з Падлесся пачалася адказнейшая хлебаробская кампанія – жніво. І відаць выдатна падрыхтавалі творчую частку свята, бо ўраджай сёлета ўрадзіў добры.
– Над сцэнарыем працавалі доўга і вельмі беражліва збіралі інфармацыю, падбіралі песні, кансультаваліся з нашымі паважанымі зямлячкамі-старажыламі, якія расказвалі, як праходзілі «Зажынкі» яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Хацелася, каб атрымалася самае сапраўднае свята, – расказвае загадчык СДК Ірына Керко і дадае:
– Заўжды справай гонару лічым выступленне перад удзельнікамі жніва, жывёлаводамі, увогуле ўсімі працаўнікамі сельскай гаспадаркі.
Ірына Юльянаўна – культработнік высокага профілю: больш за тры дзесяцігоддзі паказвае сапраўдны майстар-клас на культурнай ніве. Першыя прафесійныя крокі рабіла васямнаццацігадовай дзяўчынай, калі не пабаялася ўзначаліць Канюхоўскі сельскі клуб. Работа настолькі захапіла, што вырашыла стаць культработнікам – атрымала дыплом і размеркавалася ў Падлескі СДК мастацкім кіраўніком.
– Лічу сапраўдным шчасцем, што вучылася ў такіх аксакалаў – былога дырэктара Дома культуры салісткі Падлескага народнага хору Галіны Мазюк, кіраўніка хору Міхаіла Жука. Лепшай практычнай школы няма, – адзначае Ірына Керко.
Яна старалася не падвесці сваіх вопытных і таленавітых калег, старанна падбірала праграмы, сцэнарыі. У яе на ўсё творчы погляд, напэўна, таму любая справа ці напрамак, за які ні бярэцца, атрымліваецца. Пры гэтым удаецца спалучаць класічныя і сучасныя падыходы ў стварэнні самадзейных калектываў і падрыхтоўцы мерапрыемстваў. Пяты год, як Ірына Керко ўзначаліла тутэйшую ўстанову культуры. Галоўны памочнік і калега – культарганізатар Вольга Якуніна. Разам яны віртуозна арганізоўваюць вольны час землякоў, ладзяць праграмы, павышаюць майстэрства, што дзіву даешся, як на ўсё хапае часу, і адкуль столькі энергіі і творчых ідэй.
Народны хор, вакальная жаночая група «Забава», вакальны  квартэт «Белая вярба», ансамбль народнай песні «Падляшаначка», драматычны гурток і гурток сольных спеваў – папулярныя і запатрабаваныя калектывы і падраздзяленні Падлескага СДК.
– Шчыра ўдзячны нашым землякам, якія актыўна далучаюцца да творчасці, гэта яны аснова ўсіх нашых ансамбляў. Прыемна, што сваім талентам гатовы дзяліцца сацыяльны работнік Святлана Тарабаш, медык Таццяна Новік, педагогі Таццяна Таранда і Жанна Шпак, спецыяліст сельскай гаспадаркі Сняжана Чарняк, самая маладая ўдзельніца Анастасія Рамановіч і іншыя. Колькі ўсяго цікавага прыдумвае бібліятэкар Ларыса Глеб. Разам – мы каманда. І гэта цудоўна. Шыкоўную падтрымку аказвае СДК і кіраўніцтва ААТ «Жарабковічы», дапамагае з арганізацыяй мерапрыемстваў, – гаворыць Ірына Керко.
Культарганізатар Падлескага СДК Вольга Якуніна не менш творчая, натхнёная і апантаная любоўю да музыкі, а яшчэ яна таленавіты арганізатар і ўладальніца прыгожага тэмбру голасу. Колішняя ўдзельніца дзіцячага калектыву «Крынічка» пакарала культурна-асветніцкую лесвіцу прыступку за прыступкай: вучоба ў профільным каледжы, потым універсітэт, але ніколі не парывала сувязь са сваёй малой радзімай – Падлессем і тутэйшым СДК.
– Шчасце – рэалізаваць сваю дзіцячую мару. І ў мяне атрымалася: я спяваю на сцэне. Бязмежна люблю сваю работу, бо яна такая яскравая і рознабаковая,  дорыць столькі прыемных момантаў і станоўчых эмоцый. З дзяцінства памятаю тое непаўторнае адчуванне нейкага цуда, калі слухала, як спявалі ўдзельнікі Падлескага народнага хору. Увогуле, фальклор – мая любоў, маю на ўвазе тыя песні, якія спявалі яшчэ прабабулі. Так, многія з іх захаваліся і дасёння, але яны прайшлі пэўную стылізацыю, а вось старадаўнія, лічу, вяршыня выканальніцкага майстэрства, – гаворыць Вольга Якуніна.
Менавіта захапленне фальклорам, старадаўнімі рамёствамі натхніла Вольгу на стварэнне беларускага куточка ў СДК, які паступова ўладкоўваецца, папаўняецца новымі экспанатамі, прычым пашыраюць скарбонку народнай творчасці не толькі культработнікі, але і мясцовыя жыхары. Так што міні-музею ў аграгарадку быць.
– Слава пра Падлескі хор, які пакарыў Маскву, разнеслася яшчэ 80 гадоў назад па ўсім колішнім Савецкім Саюзе, таму і сёння мы не маем права выступаць горш. Імкнёмся захоўваць такую шыкоўную спадчыну для наступных пакаленняў, каб ведалі, слухалі і беражліва перадавалі сваім  нашчадкам. Сёння ў складзе хору 23 чалавекі – жыхары Падлесся, гараджане, з іншых вёсак. Спяваем не толькі класічныя творы, пастаянна пашыраем рэпертуар, –  расказвае кіраўнік хору Вольга Якуніна.
Што ні праграма, падрыхтаваная тутэйшымі культработнікамі, то маленькі шэдэўр. Не дзіўна, што ў дакавідны час на канцэрты ў мясцовы Дом культуры прыходзіла больш за сотню гледачоў. З поспехам і ў суправаджэнні апладысментаў выступалі падлескія артысты і на раённых канцэртных пляцоўках, выязджалі ў іншыя вёскі і аграгарадкі Ляхавіччыны. Творчасць удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Падлескага СДК  надзвычай запатрабаваная не толькі ў землякоў. Яны радавалі, стваралі настрой і для жыхароў Грыцкавічаў, што ў Нясвіжскім раёне, падарылі незабыўныя імгненні ў выглядзе паўтарагадзіннага канцэрта для пацыентаў ваеннага шпіталя ў Мінску.
– На працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці ў мяне адна мара – сустрэць хоць адзін Новы год з сям’ёй, а не на рабоце. Пакуль не атрымліваецца. Аднак ні разу не пашкадавала, што звязала лёс менавіта з культурай. Дастаткова бачыць шчырыя ўсмешкі дарослых і дзяцей, калі выступаеш сама ці нашы калектывы. Тады разумееш: важная і светлая ў нас работа – дарыць радасць і ствараць добры настрой. І я ганаруся тым, што культработнік, і тым, што ў мяне такія цудоўныя і таленавітыя калегі. Са святам усіх нас! – гаворыць  загадчык Падлескага СДК.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.