Мелодыя жыцця пад баян. Партрэт настаўніка па класе баяна Жарабковіцкага філіяла Навасёлкаўскай школы мастацтваў па выніках мінулага года занесены на раённую Галерэю Славы

Партрэт настаўніка па класе баяна Жарабковіцкага філіяла Навасёлкаўскай школы мастацтваў Алены Глобаж па выніках мінулага года занесены на раённую Галерэю Славы. Баян для Алены Глобаж не проста працоўны інструмент, а сродак натхнення і адпачынку.

Улюбілася ў музыку ў другім класе. І ўсё дзякуючы настаўніцы, якая толькі прыйшла працаваць у музычную школу – Ірыне Мікалаеўне Войцік. Захапленне выклікала не толькі яе віртуозная ігра на баяне, але і яркая асоба педагога.
Пасля пяцігодкі сістэмных заняткаў пытанне пра выбар прафесіі не стаяла – вытрымала высокі конкурс у Баранавіцкае музвучылішча, пасля заканчэння якога адзінай з курса Алене Глобаж далі накіраванне ў кансерваторыю. Але не скарысталася гэтай магчы-
масцю, а выйшла замуж і па размеркаванні адправілася ў Івацэвіцкую музычную школу.
І вось ужо шмат гадоў Алена Іванаўна вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак у Жарабковіцкім філіяле Навасёлкаўскай школы мастацтваў, а таксама вядзе ўрокі музыкі ў мясцовай агульнаадукацыйнай навучальнай установе. Калі сабраць разам усіх, хто за  38 гадоў працоўнага стажу таленавітага педагога стаў яго выпускніком, атрымаецца не менш за пяць сотняў. Многія з іх пасля ўрокаў Алены Глобаж з музыкай  ужо не расставаліся.
– Атрымліваю вялікае задавальненне, калі  навучэнцы цудоўна іграюць твор. Тады ў мяне такая эйфарыя і эмоцыі! Хаджу шчаслівая ўвесь дзень. Важна захапіць дзіця і даць адчуць асалоду ад ігры на інструменце, запаліць аганёк любві да музыкі, – дзеліцца настаўніца.
У вопытнага настаўніка наконт гэтага за час працы склаліся свае прафесійныя сакрэты. Сярод іх – заняткі не ад урока да ўрока, а штодзённыя як у суправаджэнні педагога, так і самастойныя. Алена
Іванаўна лічыць, што кожнага можна навучыць іграць, напрыклад, «Турэцкі марш» Моцарта. Важна спачатку прывучыць да дысцыпліны. Таму яе юныя музыканты пасля месяца заняткаў выконваюць п’есы ўжо дзвюма рукамі. Самы падыходзячы ўзрост для заняткаў, па меркаванні настаўніцы, – трэці-чацвёрты клас. Калі ўжо сфарміраваўся асэнсаваны інтарэс. І часта таленты Алена Глобаж прыглядвае на сваіх уроках музыкі ў Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча.
Яшчэ адзін метадычны штрых – даваць дзецям іграць, акрамя праграмных, больш складаныя творы. Гэта дазваляе прымаць удзел у шматлікіх конкурсах. І ў творчых іспытах яе рабяты вельмі паспяхова прэзентуюць свае ўменні. Летась, напрыклад, заваявалі 11 дыпломаў лаўрэатаў анлайн-конкурсаў рознага ўзроўню, сярод якіх і міжнародныя. У творчай скарбонцы выхаванцаў Алены Глобаж і першыя месцы на рэспубліканскім конкурсе імя І. І. Жыновіча і іншых.
Выступленне на сцэне юныя баяністы лічаць за гонар, а дружныя апладысменты – высокай ацэнкай іх выканальніцкіх уменняў.
Алена Глобаж гатова гадзінамі расказваць пра сваіх таленавітых навучэнцаў і іх дасягненні, пра развіццё выканальніцкай тэхнікі і пра калектыў,  у якім працаваць камфортна.
У дамашнім асяроддзі Алена Іванаўна – клапатлівая гаспадыня, маці і бабуля, яе клопатам акружана  ўся сям’я. Прычым выпякае кексы і яблычны пірог яна і для сваіх музыкантаў. Рабяты вельмі чакаюць такія салодкія сталы, калі можна размаўляць пра ўсё на свеце, нават давяраць любімай настаўніцы свае сакрэты.
А калі выпадае свабодная хвіліна, Алена Глобаж бярэ ў рукі свайго сябра – баян «Рубін» (яму амаль чатыры дзесяцігоддзі), і яе пальцы лёгка лётаюць па кнопках інструмента, а песня гучыць душэўна і прыгожа.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.