У суботу на балота. Ляхавіцкі фізкультурна-спартыўны комплекс арганізаваў чарговую экскурсійную паездку па зборы журавін

Ляхавіччына турыстычная – гэта не толькі цікавы экскурс у гісторыю, падарожжа па краязнаўчых, напоўненых неразгаданымі тайнамі мясцінах, знаёмства з помнікамі архітэктуры і культуры, таленавітымі людзьмі, якія ў розныя эпохі жылі тут. Нашы сучаснікі прыдумваюць усё новыя маршруты, каб як мага больш людзей загарэлася жаданнем прыехаць у Ляхавіцкі раён і акунуцца ў непаўторную атмасферу незабыўных эмоцый, адкрыццяў і знаёмстваў. Адзін з такіх накірункаў мае экалагічна-вітамінны напрамак. Размова пойдзе пра збор журавін.

У мінулую суботу супрацоўнікі Ляхавіцкага фізкультурна-спартыўнага комплексу арганізавалі чарговую экскурсійную паездку па зборы журавін пад назвай «Людзі на балоце». Папярэдне была праведзена маштабная інфармацыйная работа. Па сацыяльных сетках разляцелася запрашэнне ў журавінны тур. Жадаючых сваімі рукамі на сапраўдным балоце знайсці і сабраць вітамінны скарб знайшлося нямала. Сярод іх жыхары не толькі нашага раёна, але і Мінска, Баранавічаў, Ганцавічаў.


– Прапанавалі паўдзельнічаць у зборы журавін. Спадабалася – не тое слова! Уражанні зашкальваюць! Свежае паветра, водар лесу, непаўторная цішыня, балота зусім не адчуваецца. А вакол паляны, што пераліваюцца чырвонымі ягадамі. Сабрала крыху больш за два літры – хопіць на морсы. Дзякуй арганізатарам за такую выдатную магчымасць, – дзеліцца ўражаннямі ляхавічанка Марына Завадская.
Такія экскурсіі адносна новыя для Ляхавіччыны, упершыню арганізоўваліся летась. Пачынаецца падарожжа па раскладзе: збор каля СДЮШАР у райцэнтры, далей уся каманда зборшчыкаў ягад на аўтобусе едзе да месца прызначэння – ва ўрочышча недалёка ад вёскі Навасёлкі, што ў Крывошынскім сельсавеце. Агульная працягласць маршруту, які доўжыцца прыкладна сем гадзін, – 60 кіламетраў. Кошт тура – 14 рублёў з кожнага ўдзельніка. Групу суправаджае інструктар-метадыст, які пакажа найбольш ураджайныя паляны, раскажа пра правілы збору ягад, як сябе паводзіць на балотах, – тэхніка бяспекі лішняй не будзе.
– Гэты паход за журавінамі быў з элементамі спаборніцтва. Зразумела, што пераможцам стаў той, хто сабраў больш за ўсіх ягад. Удача ўсміхнулася спрытнейшым. Імі аказаліся жыхарка Баранавічаў Валянціна і яе сын – мінчанін Ілья. Кожны з іх атрымаў грамату «Перадавік ягаднага промыслу», –  адзначае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука і дадае: – Другі год арганізоўваем такога кшталту маршрут, і ўжо зразумела: людзям такі актыўны і карысны адпачынак падабаецца. Прыемна, што прыязджаюць не толькі жыхары раёна, але і з іншых рэгіёнаў краіны. Яшчэ ніхто не застаўся незадаволеным ад такога тура выхаднога дня. Дамоў ягаднікі вяртаюцца хоць і стомленыя, але з мноствам пазітыўных эмоцый, выдатным настроем і з журавінна-вітамінным запасам на ўсю зіму.

Галіна КАНЬКО.
Фота Таццяны ШЧУКА.