ААТ «Жарабковічы». Там, дзе поле золатам ззяе

Планава-эканамічны падыход дае магчымасць атрымаць «Жарабковічам» важкі плюс

Дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты
(у цэнтры) з намеснікамі Леанідам Варвашэвічам і Аленай Навалочка.

Каб аб’ехаць усе сельгасаб’екты  ААТ «Жарабковічы», пэўна, дня не хопіць. Прадпрыемства – адно з самых прадстаўнічых у раёне і па плошчы палеткаў, і па колькасці малочнатаварных фермаў, комплексаў і іншых вытворчых падраздзяленняў. Плюс да агульнай гаспадаркі сталовая ў Канюхах і два фірменныя магазіны ў Зарытаве і Падлессі, якія не патрабуюць дадатковай рэкламы – ужо заслужылі ад насельніцтва толькі станоўчыя водгукі. Эксклюзіўная для гасцей, але традыцыйная для гаспадаркі наяўнасць авечкафермы і ўласнага алейнага заводзіка па перапрацоўцы рапсу на алей. А ў суме гэта – ААТ «Жарабковічы».

Інжынерна-тэхнічная служба на чале з галоўным інжынерам Юрыем Рогаўцавым (трэці злева).

Эканамічную самадастатковасць ААТ у многім вызначае жывёлагадоўля. Выручка ад продажу малака і буйной рагатай жывёлы за дзесяць месяцаў склала без малога 15000 тысяч рублёў. Валавы надой за дзесяць месяцаў дасягнуў 15161 тону, што на 805 тон больш, чым за гэты ж перыяд летась. Надой на карову з пачатку года  5259 тон – у параўнанні з леташнім вынік вырас на 108 кіла-
грамаў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася больш чым на тры сотні, рагулі плюсуюць амаль на сотню.
Аснова высокай прадукцыйнасці жывёлы – якасныя кармы,
упэўнены галоўны заатэхнік Леанід Новік і ветурач Міхаіл Дамашэвіч. У «Жарабковічах» у рацыёне жывёлы – і камбікорм уласнай вытворчасці.
У дастатковай колькасці сена, сенажу і сіласу: сёлета на ўмоўную галаву нарыхтавана  29,5 цэнтнера кармавых адзінак.
Комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы сваю працоўную гісторыю пачаў 43 гады назад. Сёння тут утрымліваюць 3000 галоў, а валавая прывага буйной рагатай жывёлы з пачатку года склала 1204 тоны пры мінулагоднім паказчыку 1147 тон. Кожны бычок пасля 16–18 месяцаў догляду важыць больш за паўтоны. Вялікі ўклад у дзейнасць гэтага комплексу ўнёс Леанід Дробат, які амаль два дзесяцігоддзі яго ўзначальваў. Зараз кіруе калектывам з 25 чалавек Наталля Цярпіцкая, яе намеснік – Таццяна Васілевіч. Выдатна ведае сваю справу ветфельчар Лілія Чаркас. Добрасумленна шчыруюць аператары-жывёлаводы Лілія Лойка, Таццяна Занько, слесары Павел Рылка і Міхаіл Цыуля.
Намеснік дырэктара ААТ Алена Навалочка пра працаўнікоў расказвае з павагай і гонарам. У памяці трымае і вытворчыя лічбы. Калі ж гаворыць пра работнікаў комплексу, у голасе асаблівая цеплыня – у свой час узначальвала гэтае падраздзяленне 13 гадоў.
Адзін з важных напрамкаў у дзейнасці ААТ – селекцыя жывёлы. Паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі ветурачы Сяргей Кобель, Аляксандр Грэсь, Адам Гарыбян і Алена Бортнік, а таксама заатэхнікі-селекцыянеры Людміла Балкунец, Юлія Мурочак, Ірына Грэсь, Ніна Рачкоўская.
Па надоях тон задае комплекс «Чашчы», дзе на карову маюць 6705 кілаграмаў за дзесяць месяцаў. І гэта лепшы вынік па гаспадарцы.
На МТФ «Сваятычы» сярод лідараў аператары машыннага даення Святлана Горбік і Наталля Карповіч. Загадвае фермай Таццяна Пірштук. Стараюцца працаўніцы МТФ «Гулічы» Людміла Кудзін, Наталля Вайцяховіч, Валянціна Вінаградава і Вольга Думанская. Зараз тут ідзе рэканструкцыя фермы, і шчыраваць ім даводзіцца ў няпростых умовах.

Аператары машыннага даення комплексу
«Чашчы» Валянціна Усцінава, Марына Марчык, Людміла Грыцкевіч і ветурач Аляксандр Грэсь.


Асобна пра авечкаферму «Канюхі», якая мае статус племзавода. Пра сваіх падапечных парод мерыналандшаф, асканійская і прэкас калектыў ведае ўсё – развядзеннем жывёлы тут займаюцца без малога пяць дзесяцігоддзяў. Усе работнікі як адзін – прафесіяналы. Начальнік авечкафермы Таццяна Чапля хоць і нядаўна заступіла на пасаду, але ведае, што трэба жывёле, каб яна прыбаўляла і колькасна, і якасна, – да гэтага працавала заатэхнікам на райплемстанцыі.

Начальнік авечкафермы «Канюхі» Таццяна Чапля
(у цэнтры), чабаны Наталля Гаўрыкава, Алена Чушаль, Марыя Русакевіч, Святлана Калюбка.


Дарэчы, хоць і існуюць пэўныя праблемы са збытам прадукцыі авечкагадоўлі, сёлета бюджэт гаспадаркі ад яе продажу папоўніўся 220 тысячамі рублёў.
Заробленыя сродкі накіроўваюцца на мадэрнізацыю і развіццё сельгаспрадпрыемства. На сёння галоўны будаўнічы аб’ект «Жарабковічаў» – ферма ў аграгарадку Падлессе, дзе размесціцца дойны статак на тысячу галоў. Пашыраецца прафілакторый для цялят на ферме «Чашчы», на жарабковіцкім КЗС манціруецца лінія па ачыстцы насення, узводзіцца сховішча для патакі, вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі забойнага цэху. З увядзеннем апошняга бараніну і ялавіччыну «Жарабковічы» змогуць рэалізоўваць гандлёвым сеткам па ўсёй Беларусі. Вялікія планы ў ААТ на газіфікацыю сушыльных комплексаў. Кіруе будаўнічым працэсам прараб і па сумяшчальніцтве прафсаюзны лідар Людміла Мікуліч. У свой час прыйшла ў гаспадарку маладым спецыялістам, а стала аўтарытэтным прафесіяналам, з чыім меркаваннем лічацца.

Намеснік начальніка жывёлагадоўчага комплексу Таццяна Васілевіч (у цэнтры) з жывёлаводамі.


З раніцы да вечара ў вытворчых клопатах намеснік дырэктара Сяргей Каляда, начальнікі ўчасткаў Міхаіл Багацкі, Аляксандр Булаты, Аляксей Навалочка, Дзмітрый Дыдышка, Іван Пірштук.
Адзін са складнікаў паспяховасці ААТ – сучасны машынна-трактарны парк. Сёлета набыта 15 адзінак тэхнікі. І гэта не даніна модзе – клопат пра людзей і павышэнне прадукцыйнасці працы.
Найважнейшае падраздзяленне – інжынерна-тэхнічная служба, якую ўзначальвае Юрый Рогаўцаў. Яго надзейная каманда – Васілій Панічаў, Дзмітрый Кулік, Сяргей Шымкевіч, Дзяніс Глобаж, Міхаіл Пальчык, Вячаслаў Сяргей, Васілій Кісель, Віктар Жук.
Ахову працы пільна кантралююць Валянціна Дамашэвіч і Тэрэза Несцяровіч.
Прыгожа дапаўняе агульную карціну раслінаводства.
У дружнай камандзе галоўнага агранома Яўгенія Цярпіцкага аграномы Сяргей Сергіеня, Наталля Валюжэніч і Віктар Навумчык. У ААТ на службе сучасныя тэхналогіі і тэхніка, што з надзейнымі кадрамі дае станоўчы важкі вынік. У засекі засыпана
2660 тон азімага і яравога рапсу, збожжа – без малога 18000 тон. Па цукровых бураках дзяржзаказ ужо выкананы на 100 працэнтаў. Каралевай выглядала на жарабковіцкіх палетках і кукуруза.
У штогадовым раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сёлета  ААТ «Жарабковічы» прызнаны пераможцамі. Першая намалочаная тысяча тон збожжа ў раёне – аўтарства старшага камбайнера Андрэя Дзянішчыка і камбайнера Паўла Булатага. Прозвішчы працаўнікоў сельгаспрадпрыемства шматразова гучалі сярод лепшых і са сцэны абласных «Дажынак».
Днямі стала вядома, што сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва названы жарабковіцкі вадзіцель Аляксей Петух, які на нарыхтоўцы травяністых кармоў перавёз  больш за 17000 тон (у пераразліку на зялёную масу).
Быць працаўніком ААТ «Жарабковічы» не толькі ганарова, але і выгадна – садзейнічаюць гэтаму дастойная зарплата і іншыя бонусы. Сярод якіх, напрыклад, выдача збожжа працаўнікам і ветэранам гаспадаркі адпаведна адпрацаваных дзён. Працаўнікі «Жарабковічаў» вызначаюцца ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах і конкурсах, ездзяць калектыўна на экскурсіі і г. д.
Пяць гадоў гаспадаркай кіруе кампетэнтны і аўтарытэтны Антон Булаты, які згуртаваў  вакол сябе прафесіяналаў сваёй справы.
– Працуем зладжанай камандай, у якой кожны – важнае звяно сістэмы. Людзі ў нас працавітыя, сумленныя і нераўнадушныя. З такімі збожжа збяром і на вялікі каравай, і ў кашальку будзем мець. За самаадданую працу землякам – шчырая ўдзячнасць, – адзначае Антон Булаты.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.