Лён – культура стратэгічная. Як зрабіць, каб ільнаводчая галіна прыносіла добрыя дывідэнды, ведаюць на Ляхавіцкім ільнозаводзе

Вядучы механік Андрэй Ксёнжык (у цэнтры), токар Анатолій Праневіч, слесар Анатолій Ракуць, зваршчык Вячаслаў Ракуць, слесар Уладзімір Шахлан.

За сваю 50-гадовую гісторыю Ляхавіцкі льнозавод перажыў і ўзлёты, і заняпад. Сёння прадпрыемства ўваходзіць у шэраг лепшых у льноперапрацоўчай галіне краіны. У 2015 годзе завод быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. Па выніках мінулага года ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» па праве размясціўся на Галерэі славы Ляхавіцкага раёна.

Яшчэ адной важкай прыкметай паспяховасці стаў той факт, што на пачатку лістапада менавіта на базе прадпрыемства ў Задвор’і прайшла рэспубліканская нарада па пытаннях перспектыў развіцця льнаводчай галіны. Убачанае на заводзе ўдзельнікаў нарады ўразіла станоўча, а работа калектыву і кіраўніцтва атрымала самую высокую адзнаку і неаднойчы называлася прыкладам, як весці работу па вырошчванні, нарыхтоўцы льну, яго перапрацоўцы, пошуку рынкаў збыту і па пашырэнні асартыменту.

Інжынер-механік Максім Люкіш (у цэнтры) і механізатары Аляксандр Ляўковіч, Аляксандр Цэменя, Аляксандр Чапік, Віктар Верамей, Ігар Страмавус.

– У поўную сілу прадпрыемства заявіла пра сябе пасля праведзенай у 2014 годзе шырокамаштабнай рэканструкцыі з мадэрнізацыяй. Мы атрымалі бадай што новы завод з высокімі магутнасцямі. Калі браць у разрэзе вытворчасці, найбольш спрыяльным у нарыхтоўцы льнотрасты стаў для нас мінулы год, назапасілі амаль 12000 тон. Сёлета маем у шохах 9700 тон новай ільнотрасты плюс пераходныя рэшткі года папярэдняга. І такой колькасці дастаткова на год бесперабойнай працы прадпрыемства. Адна з асноўных задач – выкананне дзяржзаказу па пастаўках ільновалакна. У мінулым годзе выканалі стапрацэнтна: на Аршанскі льнокамбінат адправілі
1510 тон доўгага валакна і 900 тон кароткага. У бягучым годзе таксама спрацавалі нядрэнна, – дзеліцца вынікамі дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Кастра – гэта нішто іншае, як адходы пасля апрацоўкі льнотрасты. На большасці заводаў яна так і застаецца адходамі. Але толькі не ў дбайных гаспадароў. Ляхавіц-кія льноперапрацоўшчыкі адходы ператварылі ў даходы і знайшлі ім прымяненне – выкарыстоўваюць для вырабу паліўных брыкетаў. І калі ў 2016 годзе – дэбютным для вытворчасці кастрабрыкетаў – іх сышло з канвеера 107 тон, то сёлета за дзевяць месяцаў выпушчана 934 тоны, і на рахунак завода паступіла 155 тысяч рублёў за гэты тавар. Наступны тавар у лінейцы тутэйшай прадукцыі – навічок, бо толькі летась папоўніў заводскі асартымент. Размова пра льняны алей, які атрымліваецца шляхам халоднага прасавання і выкарыстоўваецца ў асноўным для тэхнічных мэт. Летась выпусцілі 44 тоны алею, сёлета за дзевяць месяцаў –   21 тону.
Фінансавыя паказчыкі могуць расказаць пра работу прадпрыемства калі не ўсё, то многае.
– Калі параўноўваць пачатак мінулай пяцігодкі і яе апошні год, то ў нас відавочны  прагрэс. У 2016 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 7111 тысяч рублёў, у 2020 годзе – 9031 тысячу рублёў. Чысты прыбытак, прадукцыйнасць працы і іншыя паказчыкі таксама са знакам плюс. Важна, што ўсё толькі лепшым чынам адбіваецца і на заработнай плаце нашых работнікаў. Сярэднямесячная зарплата за 2016 год складала 684 рублі, за 2020 год – 941 рубель, за дзевяць месяцаў 2021 года – 1012 рублёў. І гэта не мяжа, – адзначае Дзмітрый Скакун.
Калектыў тут зладжаны і працавіты, умовы працы пастаянна паляпшаюцца, ахова працы – на ўзроўні, калектыўны дагавор дзейнічае не на паперы, а на справе, істотны і так званы сацыяльны пакет.
На заводзе працуе нямала сямейных дынастый, а яшчэ тут дзейнічае прынцып «маладым – паўсюдная дарога». Працуйце, удасканальвайцеся, вырастайце ў суперспецыялістаў – вас падтрымаюць, заўважаць, ацэняць. Шаноўным ветэранам працы – павага і пашана.

Кантрольны майстар Алена Ксёнжык (другая злева), сартавальнікі доўгага валакна Алена Літвінчук, Данута Вількевіч, Тамара Пабягайла.

Начальнік участка Антон Маслоўскі яшчэ старшакласнікам на канікулах быў памочнікам камбайнера на ўборцы льну. Дарэчы, на заводзе працавалі і яго бацькі. Пасля заканчэння пяць гадоў назад Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта размеркаваўся на льнозавод майстрам па рамонце і абслугоўванні энергетычнага абсталявання.
– Ляхавіцкі льнозавод – маё першае працоўнае месца. Мяркую тут працаваць доўга. Падабаецца вырашаць новыя задачы. Галоўнае – не стаяць на месцы, трэба абавязкова развівацца, тым больш, ёсць у каго вучыцца. Маімі настаўнікамі ў прафесіі лічу дырэктара завода Дзмітрыя Скакуна, галоўнага інжынера Ірыну Антановіч, начальніка вытворчасці Васілія Тумарава, – адзначае Антон Маслоўскі. Дарэчы, на прадпрыемстве працавала сістэмным адміністратарам і жонка Антона, цяпер яна ў дэкрэтным водпуску.
Працоўны стаж галоўнага інжынера Ірыны Антановіч набліжаецца да чатырох дзесяцігоддзяў. Яна прыклад адданасці справе, прадпрыемству, калектыву. І такіх, як Ірына Пятроўна, на заводзе нямала.

Майстар змены Мікалай Дубініч і сартавальніца
Любоў Яварчук.


З вялікага калектыву (а сёння на прадпрыемстве працуе амаль 190 чалавек) цяжка назваць лепшых, іх шмат – перадавікоў на кожным участку. Плённа шчыруюць вядучы механік Андрэй Ксёнжык, сартавальнік ільновалакна Данута Вількевіч, загрузчык сыравіны Аксана Кісцень, тынкоўшчык Аляксандр Шыпіла, галоўны бухгалтар Алена Цімошак і многія іншыя.
На пытанне, у чым сакрэт такой устойлівай паспяховасці і добрых вытворчых паказчыкаў, дырэктар завода, які тут працуе ўжо 24 гады, з іх 11 на пасадзе кіраўніка, адказвае:
– Шмат складнікаў даюць агульны вынік. Мы самі сеем лён, вырошчваем яго, потым нарыхтоўваем ільнотрасту, займаемся па неабходнасці і рамонтам тэхнікі, перапрацоўваем лён, пашыраем геаграфію рынкаў збыту, у тым ліку і па замежных адрасах – Кітай, Расія, Літва. Але самае важкае багацце – гэта наш калектыў.
З такімі працаўнікамі можна  вырашаць любыя задачы.
Што пажадаць завадчанам? Напэўна, спрыяльнага надвор’я, у дастатковай колькасці плошчаў для пасеву даўгунцу, добрых ураджаяў, сучаснай тэхнікі, надзейных дзелавых партнёраў. А ўсё астатняе ў іх працавітых руках! За стратэгічна важную сінявокую культуру, пра якую клапоцяцца такія прафесіяналы, можна быць спакойнымі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Майстар цэха Сяргей Дзярэчык (справа) і прасоўшчык брыкетаў Арцём Парошын.