Вайсковы характар.З Ляхавіччыны восеньскі прызыў-2021 армейскія рады папоўнілі больш за тры дзясяткі юнакоў

Учора прызыўнікі, а сёння – ваеннаслужачыя тэрміновай службы, што прысягнулі на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прыняццю ваеннай прысягі новым папаўненнем адбыліся ў мінулую суботу ва Узброеных Сілах Беларусі.

З Ляхавіччыны восеньскі прызыў-2021 армейскія рады папоўнілі больш за тры дзясяткі юнакоў, сярод іх і ляхавічанін Максім Траяноўскі. Ён праходзіць службу ў 307-й гвардзейскай школе падрыхтоўкі спецыялістаў мотастралковых і дэсантных падраздзяленняў 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Важную падзею – прыняцце прысягі – з юнаком раздзялілі бацькі.

Маці Іна Віктараўна расказала «ЛВ» пра ўражанні ад цырымоніі:
– 20 лістапада выдалася хвалюючым і запамінальным. Прысутнасць на прысязе міністра абароны Віктара Хрэніна надала падзеі асаблівую ўрачыстасць і адметнасць. Мінула тры з паловай тыдні, як сын у арміі, а ўжо, здаецца, памужнеў і неяк выцягнуўся. Як зладжана салдацікі маршыравалі, ганарова вымаўлялі словы прысягі. Не перадаць словамі адчуванні маці, калі бачыш сына ў ваеннай форме са зброяй, які клянецца мужна і самааддана абараняць незалежнасць і мір Беларусі. Ганаруся! Лічу, што для кожнага юнака армейскія будні – сапраўдная школа жыцця, маральная і фізічная загартоўка. Упэўнена, у майго сына ўсё атрымаецца.
Пасля ўрачыстасці бацькоў правялі па ваенным гарадку, дзе на свае вочы мы ўбачылі ўмовы пражывання салдатаў. Паказалі і фільм, дзе прадэманстравалі многія іншыя моманты з армейскага графіка. Пасля такой экскурсіі за свайго сына спакойная. Пажадаю навабранцам служыць дастойна. Мы з нецярпеннем чакаем нашага салдаціка дома!