Як выглядае чысціня? Чарговы рэйд у Ляхавічах выявіў парушэнні

Шчырая зацікаўленасць – тое, што патрабуецца для навядзення парадку

У доме павінна быць чыста! І гэта не аспрэчваецца. Размова не толькі пра асабістыя ўладанні, але і пра наш агульны дом – вёску, горад, раён. І ў ім таксама не павінна быць недагледжаных месцаў, за якія было б сорамна. У дадатак да дзеючых нарматыўных актаў, што рэгулююць парадак добраўпарадкавання, распараджэннем старшыні райвыканкама кожны чацвер у горадзе аб’яўлены санітарным днём. Што гэта значыць? Кожны чацвер у працоўных калектывах павінен стаць чыстым – неабходна паклапаціцца пра парадак на тэрыторыях сваіх арганізацый, прадпрыемстваў і тых участкаў, што да іх прылягаюць.

Чарговы рэйд прадстаўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і «ЛВ» зноў правялі па тэрыторыі прамысловай зоны, дзе знаходзіцца шэраг аб’ектаў дзяржаўнай і прыватнай уласнасці.

Фота1

На маршруце – вуліца Працоўная. На шляху знешне ўсё больш-менш акуратна – арганізацыі і прадпрыемствы стараюцца трымаць марку. Чыста і на тэрыторыі швейнага прадпрыемства «Ібіра». Уладкавана па ўсіх правілах кантэйнерная пляцоўка. Агульную карціну трохі сапсаваў нездавальняючы тэхнічны стан кантэйнераў для смецця – часткова паедзеныя карозіяй і стаяць без накрывак.
А што на «працоўных» задворках? Заходзім з адваротнага боку вуліцы Працоўнай. Некалі тэрыторыя належала райсельгастэхніцы. У сховішчах знаходзіліся мінеральныя ўдабрэнні, падвозілі сюды вугаль і будматэрыялы – адным словам, кожны ўчастак зямлі быў запатрабаваны. Сёння ж сустракае пейзаж са зламаных дрэў, густога кустоўя і зараснікаў травы. Каля агароджы ПМК-13 у канаве – адходы ад сілавога электрычнага кабеля. Памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант адзначае, што арганізацыі неабходна зрабіць уборку прылягаючай тэрыторыі.

Фота2

Удзельнікі рэйду накіроўваюцца на вуліцу Вакзальную. Па дарозе ўвагу прыцягвае тэрыторыя, якая зараз належыць вытворчаму ўчастку «Ляхавічы» Бярозаўскага мясакансервавага камбіната. Дарэчы, на яе стан «ЛВ» звяртаў увагу неаднойчы. Калі раней тут буяў бур’ян, то зараз тэрыторыю падкасілі, прыбралі (фота 1).
Заўсёды ўзорны парадак  каля «Кааптранса». Шлях ідзе  далей. Наперадзе доўгае збудаванне, дзе склады арандуюць ТАА «Акусцікмаш», «ЮстаПласт» і «Кампазітная Кампанія». Тэрыторыя належыць «Аграхімсэрвісу», якому перададзена частка маё-
масці былога райаграсэрвіса. Побач з пліт вымашчана прыстаса-
ванне, якое, мяркуючы па рэштках поліэтылену, выкарыстоўваюць для спальвання другасных матэрыялаў (фота 2). Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская каменціруе парушэнне: спальванне вытворчых адходаў забаронена. Да таго, поліэтылен і іншыя другасныя матрэсурсы падлягаюць збору.
Наступны аб’ект – пункт нарыхтоўкі другаснай сыравіны райпо. Іна Траяноўская вопытным позіркам адразу заўважае непарадак –
несанкцыянаваныя раскопкі, у выніку чаго дапушчана шкоднае ўздзеянне на зямлю. Дзеянне кваліфікуецца як парушэнне
Кодэкса аб зямлі.
За пераездам на вуліцы Кастрычніцкай прапісаны завод па выпуску
дарожнага тратуарнага борта і драбнаштучнай пліткі. Вытворчасць належыць ДРБУ-200. Удзельнікі рэйду адзначаюць гаспадарскі падыход дарожнікаў да стану тэрыторыі. А нядаўна за агароджай вытворчасці высякалі-выразалі непралазнае кустоўе. Зараз «знешнасць» участка – прыклад для іншых.
Адрозніваецца зайздросным добраўпарадкаваннем і тэрыторыя «Юстапласта». У якасці супрацьпастаўлення чысціні стан
лесапаласы праз дарогу. Тэрыторыя гэта – зона адказнасці аддзялення ахоўных насаджэнняў УП «Баранавіцкае аддзяленне чыгункі». «ЛВ» пра гэта пісаў на пачатку лістапада, а змен у лепшы бок пакуль не назіраецца. Быццам падснежнікі, плямамі раскідана смецце, пустыя бутэлькі і г. д. І гэта справа рук людзей, якім, пэўна, не знаёмы ні кантэйнеры для адходаў, ні культура паводзін.
Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама  Марына Завадская падводзіць вынік «агледзін»: аб’екты расліннага свету на тэрыторыі прамзоны знаходзяцца, мякка сказаць, у неналежным стане.
– Раён прамзоны патрабуе пільнай увагі. Не думаю, што неабходны вялікія сродкі, каб тэрыторыя выглядала ўпарадкаванай. Ды і кожная арганізацыя павінна забяспечваць парадак не толькі на сваім участку, але і за агароджай. Нядаўні месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі паказаў, што не ўсе землякі аднесліся да яго з належнай адказнасцю. І пакуль снег не прыкрыў безгаспадарчасць, трэба паспяшацца і навесці марафет. Каб не было сорамна за сваё раўнадушша ў адносінах да малой радзімы, – адзначае Марына Завадская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.